У апошнi тыдзень жнiўня ад сцен Мiнскага Свята-Духавага кафедральнага сабора адправiцца па маршруце дваццатая Мiжнародная навукова-асветнiцкая экспедыцыя "Дарога да святыняў" з Дабрадатным Агнём ад Гроба Гасподняга, якая з'яўляецца састаўной часткай дзяржаўнага свята "Дзень беларускага пiсьменства". Маршрут гэтай экспедыцыi пройдзе праз многiя гарады i вёскi Мiнскай, Брэсцкай, Магiлёўскай абласцей. Усюды, куды завiтаюць паломнiкi, адбудуцца ўрачыстыя набажэнствы, мясцовыя жыхары пачуюць выступленнi вядомых святароў, навукоўцаў, пiсьменнiкаў, артыстаў. І самае галоўнае — у кожным населеным пункце жыхары атрымаюць магчымасць запалiць свае свечкi ад прынесенага з Iерусалiма цудадзейнага агню.
На здымках:
Каплiца на Святым полi пабудавана сярод былых акопаў.
Кiраўнiк экспедыцыi пiсьменнiца Нiна Загорская гутарыць са старшынёй Сталовiцкага сельсавета Iрынай Пальчык.
— На Святым полi дагэтуль можна знайсцi асколкi снарадаў i кулi, — гаворыць удзельнiк экспедыцыi Мiхась Загорскi, дзяцiнства якога прайшло ў гэтых мясцiнах.
Экспедыцыя пабывае i там, дзе захавалiся iнжынерныя пабудовы часоў Першай сусветнай вайны.
Маршрут экспедыцыi ўзгоднены з дзяржаўнымi органамi i кiраўнiцтвам беларускай праваслаўнай царквы. Расклад сустрэч з жыхарамi, наведванне ўстаноў адукацыi i культуры, малебны ў храмах — усё пазначана ў шматдзённым сцэнарным плане экспедыцыi з дакладнасцю да хвiлiн. Такую дакладнасць забяспечвае складаная праца арганiзацыйнай групы, якая ў гэтыя днi апошнi раз удакладняе планы ва ўсiх намечаных гарадах i вёсках.
З гэтай мэтай арганiзацыйная група днямi наведала Баранавiцкi раён. На тэрыторыi гэтага раёна знаходзiцца Святое поле — так называюць тут месца, дзе ў розныя часы знаходзiлiся франты шматлiкiх войнаў, абпалiўшых беларускую зямлю. На Святым полi сярод былых акопаў трыццаць гадоў таму быў знойдзены цудатворны Загор'е-Сталавiцкi абраз Пакрова Прасвятой Багародзiцы. Гэты абраз вось ужо дваццаць гадоў нясе з сабой экспедыцыя "Дарога да Святыняў".
Як лепш арганiзаваць працу экспедыцыi — пра гэта раiлася арганiзацыйная група на сустрэчы з кiраўнiцтвам Баранавiцкага раёна. Удзел у размове прымалi таксама прадстаўнiкi мясцовых арганiзацый i прадпрыемстваў. Дапамога раённай улады i мясцовага кiравання дазволiць найбольш поўна выканаць не толькi сёлетнi сцэнарый экспедыцыi, але i намечанае на шмат гадоў наперад. Гэта датычыцца Святога поля, дзе пабудавана каплiца, пастаўлены памятныя крыжы, пасаджаны алеi.
Яўген Пясецкi.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/yaugen-pyasecki
[2] https://zviazda.by/be/reparcer
[3] https://zviazda.by/be/religiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/minskaya-voblasc
[5] https://zviazda.by/be/tags/bresckaya-voblasc
[6] https://zviazda.by/be/tags/pershaya-susvetnaya-vayna
[7] https://zviazda.by/be/tags/minski-svyata-duhavy-kafedralny-sabor
[8] https://zviazda.by/be/tags/magilyouskaya-voblascey
[9] https://zviazda.by/be/tags/pismennica-nina-zagorskaya
[10] https://zviazda.by/be/tags/starshynya-stalovickaga-selsaveta-iryna-palchyk
[11] https://zviazda.by/be/tags/mihas-zagorski
[12] https://zviazda.by/be/tags/baranavicki-rayon-0