— Наша крыніца ў рэкламе патрэбы не мае. Хто п'е гэтую ваду — здаровы і доўга жыве, — кажа вясковы стараста і дэпутат сельсавета Марыя Мікалаеўна Кмец.— Нездарма век жыцця большасці тумінцаў сягае пад 90 і болей гадоў.
У памежнай зоне Брэстчыны тумінская крыніца — сапраўдная святыня і славутасць. Гэтак лічаць не толькі жыхары вёскі Тумін. Крыніц у акрузе наогул нямала (дарэчы, пра адну з іх — у вёсцы Вярхі, мы раней паведамлялі). Сюды ж, амаль каля самай мяжы з Польшчай,
едуць з іншых вёсак, аграгарадкоў і пасёлка Высокае. А што ўжо казаць пра сваіх жыхароў, якія ідуць з бітонамі і вёдрамі з усіх бакоў... Хоць вёска вадой не абдзелена: у ёй прысядзібных 26 студняў.
Марыя Мікалаеўна даўно на пенсіі, але лічыць сваім абавязкам падтрымліваць парадак каля крынічкі. Амаль штораніцы яе можна заспець з мяцёлкай альбо граблямі ў руках.
— А ведаеце, чаму наша крыніца гэткая добрая? — перапытвае захавальніца, абапершыся на свой незаменны рыштунак, — бо настоена на блакітнай гліне. Яшчэ ў мінулую вайну параненым вайскоўцам прыкладалі гэтую гліну да ран, каб хутчэй загойваліся. У каго спіна баліць — добра акунуцца ў купелі. Калі ж праблемы са страўнікам — карысна ваду папіць да пачатку ежы.
Цяпер штогод у Туміне адбываецца асвячэнне вады — 9 жніўня, у дзень святога Панцеляймона (паводле праваслаўнай традыцыі). Пасля рэканструкцыі і ўпарадкавання тэрыторыі (студня аздоблена каменнем і накрыта дахам, схавана за агароджаю купель) наведвальнікі пачалі больш паважна ставіцца як да ўсяго крынічнага комплексу, гэтак і да самой вады. Сталі больш верыць у яе гаючыя якасці.
— Упарадкаванне крыніцы зроблена ўдзельнікамі брэсцкай моладзевай патрыятычнай суполкі "Покліч". Акрамя нашай, яны аздобілі яшчэ некалькі іншых крыніц: у Агародніках, у Ставах, Вярхах, — з удзячнасцю прыгадала Марыя Кмец. — Мы заўсёды молімся за іх, дай Бог ім здароўя!
Марыя Мікалаеўна прыгадала даўні выпадак, калі адзін святар, паспытаўшы вады, сказаў ёй: "Захоўвайце крыніцу — гэта святое месца!"
— Вось мы і захоўваем, — кажа стараста і спяшаецца дамесці апалае за ноч лісце. — Хутка прыедуць першыя паломнікі, трэба сустрэць іх чысцінёй і парадкам.
Анатоль Кляшчук.
Камянецкі раён.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/anatol-klyashchuk
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/brestchyna
[5] https://zviazda.by/be/tags/polshcha
[6] https://zviazda.by/be/tags/kamyanecki-rayon
[7] https://zviazda.by/be/tags/vyaskovy-starasta-i-deputat-selsaveta-maryya-mikalaeuna-kmec
[8] https://zviazda.by/be/tags/vysokae
[9] https://zviazda.by/be/tags/tumina
[10] https://zviazda.by/be/tags/dzen-svyatoga-pancelyaymona
[11] https://zviazda.by/be/tags/maryya-kmec