Дзень беларускага пісьменства сёлета прыпадае на 1 верасня, традыцыйны дзень ведаў. Гэта сімвалічна і дае падставу для роздуму аб тым, якім моцным штуршком для распаўсюджвання ведаў ў далёкім мінулым сталі пісьменнасць і вынаходства друкарства.
Пра сувязь часоў, сілу друкаванага слова ўчора і сёння наша размова з Валерыем Казаковым. Ён не толькі вядомы пісьменнік, але і грамадскі дзеяч, асоба, адметная ў сучасным жыцці і Беларусі і Расіі, бо узначальвае Федэральную нацыянальна-культурную аўтаномію беларусаў Расіі.
— Сталіцай свята сёлета стаў Быхаў. Але гэта свята ўсей Магілёўшчыны, усёй Беларусі. Як вы ставіцеся да таго, што кожны год Дзень беларускага пісьменства прымае новы горад? Што цікавага ад яго вы чакаеце зараз?
— Вельмі добра, што такое свята вандруе, — лічыць Валерый Мікалаевіч. — Калі аднаўляюць старажытная абразы, іх спачатку мыюць: і з-пад чорнага алею нечакана з'яўляецца полымя першародных фарбаў. Так і свята — якую беларускую мясціну не прыгадай, яна ў тым ці іншым сэнсе звязана з нашай культурнай спадчынай. Я неаднаразова быў госцем Дня беларускага пісьменства. Мне даспадобы, што свята не застыла, мяняецца з году ў год, як само жыццё.
Сёлета сталіцай абраны Быхаў, які для кожнага культурнага ўдумлівага чалавека не проста кропка на карце краіны. Быхаў — гэта наша багатая на падзеі мінуўшчына, славуты "Баркулабаўскі летапіс" — жыццеапісанне вёскі Баркалабава Быхаўскага раёна з 1545-га па 1608 год. Яшчэ Быхаў — гэта колішняя цытадэль нашай незалежнасці і мужнасці, і, безумоўна, крыніца ведаў і асветы. Вельмі добра, што пачалі адбудоўваць Быхаўскі замак, ён таго варты.
Адна з добрых прыкмет нашага часу — вяртанне ў культурнае поле краіны старажытных муроў айчыннай гісторыі. Не толькі ворагі, але і мы самі знішчалі цудоўныя будынкі, маёнткі, храмы, касцёлы, сінагогі, замкі і цытадэлі. Прыклад майго роднага Магілёва
: гістарычны цэнтр "дабілі" пасля Другой сусветнай вайны. Замест таго, каб адбудаваць разбуранае ворагамі, з дазволу колішняга архітэктара (бо назваць нашым старажытным словам "дойлід" яго язык не паварочваецца) усю архітэктурную даўніну зруйнавалі. Між тым, падчас працы на Магілёўшчыне Барыса Батуры адбудавалі ратушу. Адзін невялічкі аб'ект, а як змяніўся горад! Упэўнены, што за Мірам, Нясвіжскім замкам, Быхавам неўзабаве ажывуць і іншыя нашы помнікі гісторыі, архітэктуры, культуры.
Увогуле, прыклад Беларусі, калі нейкія буйныя мерапрыемствы (ці то свята пісьменства, ці то "Дажынкі") святкуюць у розных мясцінах, пачалі пераймаць і суседзі. Аман Тулееў, калі вярнуўся з Беларусі, загадаў, каб штогадовае свята шахцёраў цяпер праводзілі ў розных гарадах. Гэта ж разумна і, дарэчы, карысна тым мястэчкам, дзе яно адбываецца.
— Магілёўшчына — ваш "родны кут". Есць такое азначэнне: "Геній месца". А якімі звычкамі, уражаннямі і г.д. ад свайго месца нараджэння, юнацтва вы сілкуецеся не толькі ў жыцці, але і ў сваёй творчасці?
— Я ганаруся, што, па Божай волі, нарадзіўся беларусам, нарадзіўся на той зямлі, дзе спрадвеку стаялі каменныя муры гарадоў і замкаў, дзе панавалі вольнасць і адметная культура, у тым ліку культура рукапіснай і друкаванай кнігі.
Калі пытаюцца пра маю малую радзіму, я адказваю, што гэта Масква і Расія. Вялікая ж радзіма — вёска Гарбавічы пад Чавусамі і ўся Беларусь. Толькі веліч месца, дзе нарадзіўся жыве ў чалавеку ўсё яго жыццё. Дзякую Богу, што беларусы захавалі памяць продкаў, родныя нашы звычаі і забабоны, з якіх і складаецца душа і ментальнасць народа, яго нацыянальны характар.
Стагоддзі таму з нашага краю на Усход цягнуліся і веды, і майстры. Іван Федаровіч, Пётр Мсціславец, Францыск Скарына, Сымон Будны, Сымон Полацкі і шмат-шмат хто яшчэ. Цяжкім і няпростым быў іх лёс. Але ж яны рабілі наканаванае ім Богам. Зараз усе яны — гістарычны і духоўны падмурак нашый супольнай з Расіяй культуры. Ёсць чым ганарыцца, шкада толькі, што старажытныя помнікі нашай зямлі раскіданы па ўсім свеце, а дзяржава не вельмі цікавіцца справай іх вяртання дадому.
Летась займаўся вяртаннем у Беларусь "Статута ВКЛ". Так атрымалася, што не было ў краіне ніводнага надрукаванага па-старабеларуску збору законаў, па якім жылі нашы продкі. Дык вось, адзін з мінскіх чыноўнікаў на поўным сур'ёзе мне распавёў: "Вы же, Валерий Николаевич, не забывайте, что это статут литовского, а не белорусского княжества!" Вось так, ён і па гэты час перакананы, што Беларусь пачынае сваю гісторыю з бальшавіцкіх дэкрэтаў. Між тым, лічу, каб ісці наперад, трэба ў сваёй душы штодзень вяртацца да каранёў, свайго мінулага, шанаваць яго — толькі тады мы будзем вартыя "беларусамі звацца".
Мы народ хутароў, вёсак, невялічкіх мястэчак, маёнткаў і замкаў. У гэтым наша асаблівасць, бо, вяртаючыся з соцыуму, мы апынаемся ў сваім звычным свеце, дзе чалавек часцей за ўсё застаецца сам-насам з прыродай, з Богам. Адсюль і нашы памяркоўнасць, "тутэйшасць", калі хочаце — паэтычнасць. Летась часопіс "Нёман" ужо надрукаваў частку аднаго майго твора пра гэта. Цалкам кніжка мае назву "Ад Батуры да Батуры" і будзе прысвечана Магілёву і Магілёўшчыне.
На жаль, дзедаўскага хутара я не застаў. Перад вайной нас усіх сцягнулі ў маленькую вёску, нават без назвы, так, з два дзясяткі двароў, побач з маленькім чыгуначным прыпынкам "Рэста". Але як я ўсе тое памятаю! Нашу ў сабе, пішу пра гэта. Можа, менавіта цеплыня абкладзенай кафляй грубкі ў дзедавай хаце і не дала змерзнуць душы ў каменных пустэчах вялікіх гарадоў?..
Гады з два як я адбудаваў свой хутар. Доўга шукаў тое, што адчуў бы менавіта сваім, і ўрэшце знайшоў на мяжы Брэстчыны і Гарадзеншчыны, недалёка ад Варончы. Атрымліваю паперы — і бачу, што хутар умоўна адносіцца да вёскі Гарбатовічы, а мая калішняя Рэста адносілася да Гарбавіч. Бачыце, і мой "Геній месца" таксама вандруе. Усё лепшае з намі адбываецца ў дзяцінстве і юнацтве, ўсё астатняе жыццё мы пра гэта ўспамінаем.
— Як вы ставіцеся да даволі распаўсюджанага погляду, што сучасны лад жыцця робіць ролю друкаванай кнігі, увогуле пісьменства, другаснай?
— Што б хто не казаў, але кніга ўжо ёсць, яна адбылася як сусветны цуд. Мы — дзеці Кнігі, наогул, наша цывілізацыя — цывілізацыя кнігі і друку. І ў гісторыі застануцца не помнікі правадырам, а бібліятэкі. Вунь, увесь свет ужо дзве тысячы гадоў шкадуе, што калісьці страціў Александрыйскую бібліятэку. З-за якога помніка цару так перажываюць?
Нічога з кнігай не здарыцца, у якім бы выглядзе яна не была. Калісьці яна нядрэнна сябе адчувала і на гліняных таблічках, і на бяросце, і на папірусе, на пергаменце, а зараз і ў камп'ютары. Пры гэтым сам камп'ютар менш надзейны і даўгавечны. Адключы энергію і ўсё — свет апынецца ў цемры. Вось тады з каганцамі мы і пабяжым да папяровай кніжкі.
— Вы не толькі паэт і пісьменнік, прызнаны і чытачамі, і крытыкай, але і грамадскі дзеяч — чацвёрты год узначальваеце Федэральную нацыянальна-культурную аўтаномію "Беларусы Расіі". Хто яны, нашы суайчыннікі, якія жывуць за межамі краіны? Наколькі яны сёння зацікаўлены ў беларускамоўнай літаратуры, часопісах, сайтаў?
— Нашы землякі за мяжой вельмі розныя. Адзінае, што іх аб'ядноўвае — гэта настальгія па сваім мінулым, па тых жа дзяцінстве і юнацтве, якія засталіся тут, на бацькаўшчыне. А ўжо потым ідуць нейкія грамадскія і этна-культурныя рэчы ці памкненні. На жаль, беларусаў і ў Расіі, і ў свеце становіцца з кожным годам усё меней. Можна спаслацца на аб'ектыўныя плыні сучаснасці, на глабалізацыю і гэтак далей, але ж усяму гэтаму трэба супраціўляцца, стаяць за сваё. Цяжка вывучыць родную мову ў замежжы, калі большасць метраполіі яе не ўжывае ў сваім штодзённым жыцці. Юнак, скончыўшы сёння сярэднюю школу ў Беларусі, не ведае беларускай мовы, бо яна яму не патрэбна ў дарослым жыцці. Кіраўнікі амаль усіх узроўняў, па маім вопыце, карыстаюцца і дома, і на працы толькі рускай мовай. Так, і тая, і тая мовы дзяржаўныя. У Сінгапуры таксама дзве дзяржаўныя мовы, але іх ведаюць усе?, і абедзвюма штодзённа карыстаюцца, а вось занядбанае стаўленне да адной з іх можа сапсаваць не толькі прафесійную кар'еру, але і лёс чалавека.
Я не збіраюся выступаць нейкім зацятым нацыяналістам, але маўчаць пра відавочнае, на мой погляд, таксама нельга. Пра гэта, нарэшце, ішла гутарка і на з'езде беларусаў свету. Вельмі плённым і руплівым быў з'езд, без залішніх "закідонаў" і балбатні.
Беларускамоўныя выданні і сайты сёння патрэбны і дыяспары і самім жыхарам Беларусі, бо гэта дапамога тым, хто не цураецца свайго, роднага. Чыстая народная мова губляецца не толькі беларусамі, а і расіянамі, і ўкраінцамі, і немцамі, не кажучы пра заходніх славян. Дзве магутныя моўныя хвалі англа-амерыканізму і азіяцкага цюркізму могуць сутыкнуцца над нашымі галовамі і пахаваць пад сабой не толькі нашы мовы, але і саму глебу славянскага шматгалосся, пра глабальную кітайскую экспансію ўвогуле маўчу.
У Беларусі паціху ідзе нацыянальнае адраджэнне, адбудоўваюцца старажытныя помнікі, пашыраецца ўжыванне роднай мовы, шмат чаго робяць сучасныя мастакі, пісьменнікі, музыкі, і гэта добра. Было б яшчэ лепш, калі б ўсё гэта больш турбавала і шырокія колы грамадскасці.
Ларыса Ракоўская.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/larysa-rakouskaya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/kultura-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/kultura
[5] https://zviazda.by/be/tags/francysk-skaryna
[6] https://zviazda.by/be/tags/byhau
[7] https://zviazda.by/be/tags/barys-batura
[8] https://zviazda.by/be/tags/magilyoushchyna
[9] https://zviazda.by/be/tags/magilyou
[10] https://zviazda.by/be/tags/valeryy-kazakou
[11] https://zviazda.by/be/tags/dzen-belaruskaga-pismenstva
[12] https://zviazda.by/be/tags/nyasvizhski-zamak
[13] https://zviazda.by/be/tags/vyoska-barkalabava-byhauskaga-rayona
[14] https://zviazda.by/be/tags/vyoska-garbavichy
[15] https://zviazda.by/be/tags/ivan-fedarovich
[16] https://zviazda.by/be/tags/pyotr-mscislavec
[17] https://zviazda.by/be/tags/symon-budny
[18] https://zviazda.by/be/tags/symon-polacki
[19] https://zviazda.by/be/tags/federalnaya-nacyyanalna-kulturnaya-autanomiya-belarusy-rasii