Першыя пісьмовыя згадкі пра Германавічы як сяло Полацкага ваяводства адносяцца да 1563 года. Праз некалькі гадоў паселішча ўвайшло ў склад Браслаўскага павета Віленскага ваяводства.
Яшчэ вядома, што ў 1739 годзе Іосіф Сапега прадаў Германавічы Яну фон Экель Гілзену. І з гэтага часу Германавічы — цэнтр маёнтка, які ўключаў вёскі Атокі, Белы Двор, Перамены, Пузаны, Рэчкі
і іншыя. У 1782 годзе паселішча перайшло ў валоданне прадстаўнікоў роду Шырынаў. У канцы ХІХ стагоддзя ў Германавічах працавалі вінакурны завод, млын, крама, карчма. У 1921-м Германавічы былі ў складзе Польшчы, з'яўляліся цэнтрам гміны Дзісенскага павета Віленскага ваяводства, а з 1939-га — увайшлі ў БССР. У наступным годзе сталі цэнтрам сельсавета Шаркаўшчынскага раёна.
Адбыўся пленэр навучэнцаў дзіцячай школы мастацтваў, прысвечаны 125-й гадавіне з дня нараджэння мастака і філосафа Язэпа Драздовіча, славутага земляка вяскоўцаў, а таксама літаратурна-музычная праграма «Заранка». Святары асвяцілі музей культуры і побыту, — паведамілі ў райвыканкаме.
Госці свята таксама сталі сведкамі канцэртнай праграмы «Матывы і ўзоры Прыдзісненскага краю» і тэатралізаванага дзейства пра гісторыю мястэчка.
Юныя мастакі на вачах удзельнікаў святкавання распісалі сцены будынка. У гонар юбілею вёскі працавалі выставы работ майстроў і аматараў Германавіцкага дома ганчара, раённага Цэнтра рамёстваў, выстава карцін жыхароў Германавіч... Радавалі вока гандлёвыя рады і часовыя кавярні.
У мястэчку сустракалі гасцей не толькі з Беларусі, але і з-за мяжы. Тутэйшым ёсць што паказаць прыезджым і чым ганарыцца.
Аляксандр ПУКШАНСКІ.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-pukshanski
[2] https://zviazda.by/be/regiyony
[3] https://zviazda.by/be/tags/germanavichy
[4] https://zviazda.by/be/tags/iosif-sapega
[5] https://zviazda.by/be/tags/atoki
[6] https://zviazda.by/be/tags/bely-dvor
[7] https://zviazda.by/be/tags/perameny
[8] https://zviazda.by/be/tags/puzany
[9] https://zviazda.by/be/tags/rechki
[10] https://zviazda.by/be/tags/yazep-drazdovich
[11] https://zviazda.by/be/tags/zaranka
[12] https://zviazda.by/be/tags/matyvy-i-uzory-prydzisnenskaga-krayu