У Кіеве 8 кастрычніка з удзелам Выдавецкага дома «Звязда» адбудзецца прэзентацыя кнігі беларускіх і ўкраінскіх пісьменнікаў «Залатая струна».
Зборнік сучаснай паэзіі і прозы, які адкрываецца вершамі Героя Украіны Барыса Алійніка, выдадзены ў Мінску ў межах серыі «Сугучча сэрцаў». Беларуская літаратура прадстаўлена творамі Васіля Быкава, Алеся Пісьмянкова, Алеся Жука, Зінаіды Дудзюк, Вітаўта Чаропкі, Вадзіма Спрынчана, Алеся Бадака, Таццяны Сівец.
Прэзентацыя адбудзецца ў вялікай зале кіеўскага Дома пісьменнікаў, — расказала «Звяздзе» вядомы украінскі празаік Галіна Тарасюк, якая ў многім паспрыяла збіранню ўкраінскай часткі кнігі «Залатая струна». — Арганізатары такой святочнай імпрэзы — Нацыянальны Саюз пісьменнікаў Украіны, Дзяржкамтэлерадыё, Украінскі фонд культуры. У межах сустрэчы аўтараў і чытачоў адбудзецца пасяджэнне і «круглага стала» па тэме «Сугучнасць: мова і літаратура ў кантэксце гісторыка-культурнай спадчыны». А яшчэ запланаваны творчы вечар украінскіх і беларускіх пісьменнікаў на творчым аддзяленні Інстытута філалогіі Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта.
А Выдавецкі дом «Звязда» пазнаёміць украінскіх сяброў і з іншымі творчымі праектамі, дзе ў апошнія гады былі прадстаўлены класіка і сучаснае мастацкае слова Украіны: зборнік паэзіі народаў свету «Лучнасць» (кніга аднаго перакладчыка — Міколы Мятліцкага, які пераўвасобіў на мову Купалы вершы Тараса Шаўчэнкі, Уладзіміра Сасюры, Алексы Юшчанкі, Міхаіла Шаўчэнкі), кнігі Ніны Мацяш « У прыгаршчах ветру» і «Гарнуся душою да слова», дзе прадстаўлены пераклады вершаў украінскіх паэтаў розных пакаленняў.
Мікола БЕРЛЕЖ.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kultura-0
[2] https://zviazda.by/be/litaratura
[3] https://zviazda.by/be/tags/kultura
[4] https://zviazda.by/be/tags/kieu
[5] https://zviazda.by/be/tags/mikola-berlezh
[6] https://zviazda.by/be/tags/rvu-vydavecki-dom-zvyazda
[7] https://zviazda.by/be/tags/zalataya-struna