Зялёныя капелюшы, мелодыя паляўнiчага ражка i падарунак у выглядзе буйных рагоў аленя. Карэспандэнт «Звязды» ў Будславе сачыў за тым, як беларусы ўшаноўвалi святога Губерта, нябеснага заступнiка паляўнiчых, рыбаловаў, леснiкоў i кушняроў.
Паданне пра святога Губерта ў Заходняй Еўропе, напэўна, ведае кожны паляўнiчы i штогод, па добрай традыцыi, ушаноўвае яго вялiкiм паляваннем. I не дзiўна, бо калi верыць старадаўняй легендзе, Губерт, нашчадак каралеўскага роду Меравiнгаў, вельмi любiў хадзiць у лес на звера. I быў так апантаны паляваннем, што выбраўся ў лес нават у Вялiкую пятнiцу. Але здзiўлены ўпаў на каленi, калi ўбачыў перад сабой прыгожага аленя з блiскучым крыжом памiж рагамi. Губерт убачыў у гэтым божы знак i кардынальна змянiў лад жыцця: багацце раздаў бедным, стаў святаром, праз пэўны час — епiскапам, а пасля быў кананiзаваны каталiцкай царквой.
У Беларусi культ апекуна паляўнiчых i рыбаловаў пакуль не так распаўсюджаны, аднак выява аленя з залатым крыжом на гербе Гродна сведчыць пра тое, што шанаванне гэтага святога на нашых землях мае даўнiя каранi.
— Прадстаўнiкi вядомага роду Радзiвiлаў былi выдатнымi паляўнiчымi. I яны таксама адзначалi гэтае свята! Праўда, многiя традыцыi пасля згубiлiся ў нас з-за iдэалогii, — паглыбляецца ў гiсторыю ксёндз Антонiй Клiмантовiч, пробашч архiкафедральнай парафii iмя Найсвяцейшай Панны Марыi, якi таксама захапляецца паляваннем.
— Гэтае свята традыцыйна адзначаюць у Еўропе, — сцвярджае Дзмiтрый Богуш, старшыня беларускага паляўнiчага клуба «Сафары». — Пэўныя невялiчкiя аб'яднаннi паляўнiчых на Беларусi яго таксама святкавалi i раней, аднак усё гэта не было маштабна i цэнтралiзавана. Летась мы ўпершыню зладзiлi свята апекуна паляўнiчых у мiнскiм архiкафедральным касцёле Найсвяцейшай Панны Марыi. Гэта быў пробны крок. Цяпер паспрабавалi арганiзаваць святкаванне ў Будславе. Дарэчы, трэба адзначыць, што свята святога Губерта — гэта таксама заслуга сябра нашага клуба ксяндза Антонiя Клiмантовiча.
Як кажа Дзмiтрый, на свяце сабралася больш за 100 чалавек, якiя прыехалi з Маладзечна, Вiлейкi, Браслава, Пастаў, Гродна, Вiцебска, Мiнска...Трымаючы ў руках зялёныя фетравыя капелюшы, яны сядзелi на лавах будслаўскага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыi, чыталi лiтанiю да святога Губерта, задумвалiся над словамi архiепiскапа Тадэвуша Кандрусевiча, Мiтрапалiта Мiнска-Магiлёўскага.
— Свята — добрая нагода для таго, каб сказаць пра маральную адказнасць паляўнiчага, — разважае архiепiскап Тадэвуш Кандрусевiч. — Каб ён не толькi iмкнуўся з палявання мець нейкую карысць, але каб думаў таксама пра захаванне прыроды.
* * *
Тадэвуш Кандрусевiч кажа, што ў яго вёсцы была такая дробная рачулка, што рыбу адтуль можна было цягаць рукамi. А вось наш кардынал Казiмiр Свёнтак быў неблагiм паляўнiчым. I разам са сваiм сабачкам Асам хадзiў на глушца цi цецерука.
— Ён быў паляўнiчым, але пасля ўбачыў, як нiшчыцца Палессе, паставiў задачу захаваць наваколле i пачаў здымаць пра гэта фiльмы, — узгадвае а. Антонiй Клiмантовiч. — Стужкi былi добрымi для свайго часу, i нават прафесiяналы задавалiся пытаннем, як у яго атрымалася зрабiць наплыў кадра.
Захапленне паляваннем да ксяндза Антонiя Клiмантовiча перадалося ад яго бацькi. Цяпер ён i сам любiць паўдзельнiчаць у паляваннi, калi мае вольны час.
— Я вельмi люблю хадзiць на гусей. Гэта працаёмкi працэс. Шмат часу трэба аддаць на тое, каб яго знайсцi i дачакацца, бо гусь — птушка мудрая.
Тарас ШЧЫРЫ. Надзея Бужан (фота).
Мядзельскi раён.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/taras-shchyry
[2] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-buzhan
[3] https://zviazda.by/be/kultura
[4] https://zviazda.by/be/kultura-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/kultura
[6] https://zviazda.by/be/tags/budslau
[7] https://zviazda.by/be/tags/svyaty-gubert
[8] https://zviazda.by/be/tags/antoniy-klimantovich
[9] https://zviazda.by/be/tags/kardynal-kazimir-svyontak