У Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі ўпэўнены: вынікі апошняй прыёмнай кампаніі, якім могуць пазайздросціць многія ВНУ, — зусім не падстава для таго, каб спачываць на лаўрах, таму новую ўступную кампанію трэба распачынаць літаральна па «гарачых слядах», пакуль патэнцыяльныя абітурыенты яшчэ вызначаюцца са сваім прафесійным выбарам.
Экскурсія па закрытых месцах
— А наша задача — дапамагчы моладзі зрабіць правільны выбар, — падкрэслівае рэктар універсітэта Міхаіл Батура, — таму запрашаем усіх на абноўлены сайт «Электронны абітурыент». Наш сайт — прынцыпова новы крок ва ўзаемадзеянні са студэнтамі. Фактычна гэта платформа для наладжвання жывых стасункаў і дыялогу. Сайт мае два віды доступу: звычайны — для незарэгістраваных карыстальнікаў і пашыраны — для карыстальнікаў, што прайшлі рэгістрацыю. Апошнія змогуць праз сайт, як у сацыяльных сетках, асабіста пагутарыць з загадчыкамі кафедраў, дэканамі факультэтаў і нават з рэктарам, задаць ім пытанні і атрымаць адказы, так бы мовіць, з самых першых рук.
Таксама на сайце будуць ладзіцца відэаканферэнцыі па ўсіх нюансах паступлення ў БДУІР, а ўся новая інфармацыя, што тычыцца прыёму, тут жа будзе рассылацца ўсім актыўным яго карыстальнікам. Акрамя таго, у абітурыентаў будзе доступ да адкрытых відэаурокаў з разборам задач па фізіцы і матэматыцы. А ў Дзень закрытых дзвярэй (ён называецца менавіта так), які плануецца правесці ў красавіку, абітурыенты змогуць здзейсніць на сайце «Электронны абітурыент» віртуальную экскурсію па самых закрытых месцах ва ўніверсітэце, куды ў звычайны дзень трапіць складана, або немагчыма (напрыклад, зазірнуць у кабінет рэктара або ў навукова-даследчыя лабараторыі).
Планшэт і… месца ў інтэрнаце
Міхаіл Батура паведаміў, што 22 лістапада на сайце «Электронны абітурыент» стартаваў інтэрнэт-конкурс «Хачу стаць студэнтам БДУІР». Конкурс складаецца з пяці этапаў. Першы этап — творчы. Абітурыентам прапануюць напісаць эсэ на тэму «Чаму я хачу стаць студэнтам БДУІР?» Летась аналагічны конкурс прайшоў на «ўра». Нягледзячы на тое, што ў БДУІР рыхтуюць не філолагаў ці журналістаў, а будучую тэхнічную эліту краіны, моладзь аказалася на вышыні, а некаторыя ўдзельнікі дасылалі эсэ нават у вершаванай форме.
Другі этап — гістарычны, прымеркаваны да 50 годдзя БДУІР. Яго ўдзельнікам будуць прапанаваны пытанні з гісторыі ўніверсітэта. Трэці этап — рэкламны: перад абітурыентамі паставяць задачу стварыць камп'ютарны плакат на зададзены слоган, і журы вельмі спадзяецца на крэатыўнасць маладых людзей. Чацвёрты — інтэлектуальны (на веданне абітурыентамі фізікі, матэматыкі і інфарматыкі). І пяты — прафарыентацыйны (спецыяльны тэст). Далучыцца да ўдзелу ў конкурсе можна на любым этапе. Усе яны ацэньваюцца асобна, па 10 бальнай шкале. Пераможцаў і прызёраў чакаюць каштоўныя падарункі — планшэт, тэлефон і электронная кніга. А іншагароднім пераможцам і прызёрам конкурсу гарантуюць таксама (пры ўмове паступлення) месца ў студэнцкім інтэрнаце.
— Задача нашых конкурсаў — мабілізаваць маладых людзей: прымусіць іх думаць пра БДУІР, вывучаць, высвятляць, цікавіцца і рыхтавацца, — тлумачыць рэктар. — Але цэнтралізаванае тэсціраванне — гэта зусім іншая гісторыя. Ніякага дачынення да цэнтралізаваных выпрабаванняў мы не маем. І стаць студэнтам БДУІР зможа толькі абітурыент, які набярэ на тэсціраванні патрэбную колькасць балаў…
Дарэчы, пераможца папярэдняга конкурсу эсэ «Мая мара — БДУІР» Марыя Марчук сваю мару ўвасобіла ў жыццё — стала студэнткай БДУІР. Набраўшы ў суме за тры сертыфікаты і сярэдні бал дакумента аб адукацыі 386 балаў, Маша паступіла на самую запатрабаваную ў абітурыентаў спецыяльнасць «Інфарматыка і тэхналогіі праграмавання» факультэта камп'ютарных сістэм і сетак. Між іншым, паўпрахадны бал на гэтую спецыяльнасць склаў 375 балаў!
А прызёры конкурсу Раман Сіткевіч і Мікіта Чайчыц таксама сталі студэнтамі бюджэтнай формы навучання. Раман абраў спецыяльнасць «Электронныя і інфармацыйна-кіруючыя сістэмы фізічных установак», дзе рыхтуюць спецыялістаў для першай беларускай АЭС, а Мікіта — перспектыўную спецыяльнасць «Праграмуемыя мабільныя сістэмы». Абедзве гэтыя спецыяльнасці былі адкрыты толькі ў гэтым годзе, і прыём на іх ажыццяўляўся ўпершыню.
На меншае — не згодны…
Што тычыцца вынікаў апошняй прыёмнай кампаніі, то яна мела ў БДУІР шэраг адметнасцяў. Па-першае, у параўнанні з 2012 годам істотна выраслі прахадныя балы на некаторыя спецыяльнасці (на 55–62 балы). Па-другое, пералік спецыяльнасцяў тэхніка-тэхналагічнага профілю, якія маглі ўказваць абітурыенты ў парадку прыярытэтаў, павялічыўся з пяці да сямі. Больш як 50% абітурыентаў скарысталіся прадастаўленай магчымасцю, але больш як 20% абітурыентаў замест магчымых сямі ўказалі толькі адну — дзве спецыяльнасці, што сведчыць аб мэтанакіраванасці іх выбару.
— Зразумела, што колькасць балаў у сертыфікатах гэтых маладых людзей дазваляла ім быць упэўненымі ў сваім паступленні. Яны маглі дазволіць сабе рызыкаваць, хоць рызыка была, вядома, умоўнай, паколькі аўтаматызаваная сістэма прыёму заяў і залічэння абітурыентаў не дазволіць застацца за бортам уладальнікам высокіх балаў у сертыфікатах. А ўвогуле з кола залічаных на першы курс дзённай бюджэтнай формы навучання больш як 63% мелі ў суме за тры сертыфікаты і дакумент аб адукацыі 300 балаў і больш, — заўважыў Міхаіл Батура.
Вялікай папулярнасцю ў абітурыентаў гэтага года карысталася новая спецыяльнасць «Праграмуемыя мабільныя сістэмы». Конкурс на яе перавысіў 4 чалавекі на месца, а прахадны бал склаў 341. Сёння ў БДУІР працуюць над адкрыццём яшчэ адной новай спецыяльнасці «Інфармацыйныя сістэмы аналізу і кіравання бізнесам» і вельмі спадзяюцца, што паспеюць атрымаць дазвол правесці на яе набор да пачатку прыёмнай кампаніі.
Дарэчы, традыцыйны дзень адкрытых дзвярэй — з канцэртнай праграмай, прэзентацыяй факультэтаў, выставай навуковых распрацовак — пройдзе ў БДУІР 27 сакавіка. Але, пачынаючы са снежня, тут па суботах будуць ладзіцца яшчэ і Дні абітурыента на факультэтах. Так, 7 снежня ўсіх ахвотных запрашае ў госці факультэт камп'ютарных сістэм і сетак БДУІР. Маладыя людзі змогуць пабываць на лекцыях, у лабараторыях, пагутарыць са студэнтамі і выкладчыкамі. Такім чынам, у абітурыентаў будзе ўнікальная магчымасць на працягу навучальнага года наведаць усе факультэты і кафедры ўніверсітэта.
Надзея НІКАЛАЕВА.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/adukacyya
[3] https://zviazda.by/be/tags/bduir
[4] https://zviazda.by/be/tags/ustupnaya-kampaniya