Арыгінальны спальны гарнітур ХІХ стагоддзя набылі на аўкцыёне «Sotheby's»
15 прадметаў мэблі, якімі карысталіся прадстаўнікі славутага роду, знойдуць месца ў пакоях Нясвіжскага палаца. Але пакуль ёсць магчымасць паглядзець на гэтыя рэчы: да лютага 2014 года гарнітур прадстаўлены ў выставачнай зале палацавага ансамбля.
Нельга сказаць, што гэта была выпадковая знаходка: супрацоўнікі музея вялі мэтанакіраваную працу па падборы экспанатаў для палацава-замкавага комплексу — у прыватнасці, для аднаўлення тагачаснай атмасферы ў апартаментах княгіні. Аднак гарнітур быў зроблены для князя Канстанціна Радзівіла, які не жыў у Нясвіжы, але наведваў родных на радзіме. Род Радзівілаў вельмі разгалінаваны. Канстанцін Радзівіл, пра якога ідзе гаворка, быў нашчадкам Мікалая Кшыштафа Радзівіла «Сіроткі» ў сёмым калене. З нясвіжскімі Радзівіламі ён кантактаваў: у 1914 годзе ў Парыжы сустракаўся з Антоніем Радзівілам і яго жонкай Марыяй дэ Кастэлян.
Што да мэблі Канстанціна Радзівіла, вырабленай у стылі Людовіка XVІ, то вядома, што гэты гарнітур знаходзіўся на яго віле дэ Дзюн у Канах. Камплект з такой вялікай колькасцю прадметаў, верагодна, быў падзелены на два пакоі. І, магчыма, у Нясвіжы яго падзеляць на два экспазіцыйныя комплексы — гэта спальня і малая сталовая зала.
Пра тое, што гарнітур мае дачыненне да гісторыі Радзівілаў, сведчыць фамільны герб на некаторых прадметах.
Ларыса ЦІМОШЫК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/larysa-cimoshyk
[2] https://zviazda.by/be/gistoryya-i-etnagrafiya
[3] https://zviazda.by/be/tags/igumenski-trakt
[4] https://zviazda.by/be/tags/radzivily
[5] https://zviazda.by/be/tags/nyasvizhski-palac
[6] https://zviazda.by/be/tags/lozhak-dlya-radzivila
[7] https://zviazda.by/be/tags/aukcyyon-sothebys
[8] https://zviazda.by/be/tags/spalny-garnitur-hih