У ноч з 13 на 14 студзеня ў вёсцы Семежава Капыльскага раёна чарговы раз з'явіліся «цары» — захавальнікі старажытнага беларускага каляднага абраду.
Сваім узнікненнем унікальны абрад абавязаны салдатам і афіцэрам царскай арміі, якія ў XVIII стагоддзі, знаходзячыся на Капыльшчыне, падчас калядных свят хадзілі па хатах мясцовых жыхароў і паказвалі вясёлыя сцэнкі. За ўсмешкі і добры настрой сяляне дзякавалі «акцёрам» прысмакамі. Салдаты пайшлі з вёскі, а яе жыхары захавалі традыцыю, узбагацілі святочнае дзеянне ўнікальнымі асаблівасцямі.
«Царская» дэлегацыя, што складаецца з «салдат» (маладых мужчын, апранутых па-святочнаму, у белае, падперазаныя крыж-накрыж саматканымі семежаўскімі паясамі), двух цароў, лекара, бабы і кульгавага дзеда, наведала двары семежаўцаў. Лічыцца, што калі «цары» завіталі ў хату, то наступны год будзе шчаслівы і багаты. У хаце хлопцы паказвалі эпізод гістарычнай драмы «Цар Максіміліян», спявалі і жартавалі.
Калі на вуліцы стала цёмна, дарогу «царам» асвяцілі паходні.
На 17-ы год пасля адраджэння абраду частка «вопытных цароў» пакінула «прастол», саступіўшы месца маладым:
— Гэта першы год, калі я ўдзельнічаю ў «царах» як звычайны селянін, — расказвае «цар Мамай» са стажам Георгій Ціманаў. — Няхай маладыя цяпер пераймаюць і захоўваюць традыцыю. Я ім дапамагаю, падказваю, што і як трэба рабіць. Нават два семежаўскія паясы, якія мне падаравалі бабулі 17 гадоў таму, падчас першых «цароў», я прэзэнтаваў клубу.
У 2009-м народны семежаўскі абрад «Калядныя цары» быў уключаны ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.
Любоў БЯЛЯЕВА. Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[2] https://zviazda.by/be/svyatochnae
[3] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/01/цар-2.jpg
[4] https://zviazda.by/be/tags/lyubou-byalyaeva
[5] https://zviazda.by/be/tags/kalyadny-abrad
[6] https://zviazda.by/be/tags/vyoska-semezhava-kapylskaga-rayona