Заработная плата педагогаў будзе павышацца пры з'яўленні рэальных магчымасцяў у эканоміцы краіны. Пра гэта прадстаўнікам СМІ заявіў міністр адукацыі нашай краіны Сяргей Маскевіч.
Журналісты нагадалі кіраўніку адукацыйнай галіны пра абяцанне павысіць у новым годзе заробкі работнікам сістэмы дашкольнай адукацыі. Менавіта ў дашкольнай адукацыі склалася апошнім часам самая напружаная кадравая сітуацыя, у тым ліку і з-за надзвычай нізкіх заробкаў. З 1 ліпеня 2013 года тарыфныя стаўкі выхавальнікаў былі павышаны на 25%, а памочнікаў выхавальнікаў — на 10%, што прывяло да росту рэальных заробкаў выхавальнікаў у сярэднім толькі на 12-13% (да 2,6-2,7 млн рублёў), а памочнікаў выхавальнікаў — на 7% (да 1,5 млн рублёў). Такім чынам, заработная плата выхавальнікаў і памочнікаў выхавальнікаў па-ранейшаму застаецца зусім невысокай, а па астатніх катэгорыях работнікаў дашкольных устаноў яна ўвогуле не пераглядалася.
— Ад абяцанняў і рашэнняў, што прымаліся, мы не адыходзілі, — запэўніў журналістаў Сяргей Маскевіч. — Аператыўна, пасля з'яўлення Закона аб бюджэце на 2014 год, пачаў рыхтавацца цэлы пакет нарматыўна-прававых актаў, якія будуць стымуляваць і рэгуляваць пытанні павышэння заработнай платы ў сістэме адукацыі. Трэба канчаткова ўзважыць усе рэсурсы, якія мы маем на гэты год. І я ўпэўнены, што ўсе абяцанні будуць выкананы.
Нагадаем, што напрыканцы снежня ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі накіраваў у Савет Міністраў афіцыйны зварот з просьбай звярнуць увагу на трывожную сітуацыю, якая склалася ў адукацыйнай галіне. Павышэнне з 1 верасня 2013 года тарыфных ставак педагагічным работнікам на 25%, якое адбылося адначасова з павелічэннем нормаў педагагічнай нагрузкі, фактычна толькі кампенсавала рост педагагічнай нагрузкі.
Суадносіны ўзроўню сярэднямесячнай заработнай платы работнікаў сістэмы адукацыі да ўзроўню заробкаў у прамысловасці склалі ў Беларусі за студзень—кастрычнік 2013 года 60,1%.
Сёння ўсіх педагогаў цікавіць, ці будзе перагледжаны памер надбавак за кваліфікацыйныя катэгорыі і ці стане розніца ў надбаўках за першую, другую і вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю больш істотнай, каб матываваць педагогаў да прафесійнага развіцця і, адпаведна, якасці іх работы.
Надзея НІКАЛАЕВА.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/aficyyna
[4] https://zviazda.by/be/tags/syargey-maskevich
[5] https://zviazda.by/be/tags/zarabotnaya-plata-pedagogau