Сітуацыя ў органах пагранічнай службы Беларусі далёкая ад жаданай. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў учора на пасяджэнні пашыранай калегіі Дзяржпагранкамітэта па пытаннях аховы дзяржаўнай граніцы Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Адкрываючы пасяджэнне, Прэзідэнт адзначыў, што яго правядзенне не выклікана нейкімі надзвычайнымі абставінамі. «Але сітуацыя ў пагранічным камітэце далёкая ад той, якую я хацеў бы бачыць як кіраўнік дзяржавы», — падкрэсліў беларускі лідар.
«Мы нібыта і задачы разумеем, тое, як іх вырашаць, ёсць каму вырашаць гэтыя задачы і праблемы. Шмат аб чым мы дагаворваліся, прынамсі, з двума апошнімі кіраўнікамі пагранведамства, але вельмі шмат задач, якія сёння не вырашаюцца», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы ў сувязі з гэтым растлумачыў, чым было выклікана назначэнне генерал-палкоўніка Леаніда Мальцава на пасаду старшыні Дзяржпагранкамітэта. «Гэта звязанане з тым, што, як, можа, некаторыя лічаць, Лукашэнка незадаволены Мальцавым», — сказаў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што некаторы час таму ў яго адбылася мужчынская размова, на якой прысутнічалі кіраўнікі сілавых ведамстваў і шэраг іншых службовых асоб. Яна была выклікана чарговым фактарам парушэння парадку на граніцы. «Ігэта было ўжо цераз край. Я тады Леаніду Сямёнавічу сказаў: яшчэ адно такое парушэнне — і або вам, або мне давядзецца ісці ў пагранічныя войскі. Ён кажа: гэта не справа Прэзідэнта, значыць, я пайду. Такое парушэнне было дапушчана з цягам часу, і Леаніду Сямёнавічу давялося выконваць абяцанае. Вось прычына таго, што генерал-палкоўнік Мальцаў быў накіраваны на граніцу для таго, каб непасрэдна ўзначальваючы гэта ведамства, выявіць тыя пагрозы, недахопы, якія сёння існуюць, і навесці парадак. Гэта даручэнне Прэзідэнта ён выканае, чаго б яму гэта ні каштавала», — расказаў беларускі лідар.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў пасяджэння, Прэзідэнт дадаў: «А вам да гэтага трэба прывыкнуць, калі вы прыйшлі служыць не проста ў армію, а ў пагранічныя войскі. І не таму, што Прэзідэнт у іх служыў, а таму што пагранічныя войскі — асаблівыя, яны дзейнічаюць у баявой абстаноўцы. Можа быць, і не будзе такога выпадку. А пагранічныя войскі ўжо выконваюць свае баявыя задачы. У гэтым іх асаблівасць». «Самае галоўнае — вашы недахопы, правалы на апошнім метры нашай зямлі могуць выклікаць вялікія наступствы для ўсёй краіны», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, як выконваюцца яго даручэнні і развіваюцца органы пагранічнай службы, якія праблемы яшчэ застаюцца і што трэба зрабіць для іх вырашэння. Ён адзначыў, што год таму пры зацвярджэнні рашэння на ахову дзяржаўнай граніцы Беларусі на 2013 год былі вызначаны асноўныя задачы і канкрэтызаваны напрамкі дзейнасці ў гэтай сферы. Яны пакладзены ў аснову распрацаванага праекта закона па пытаннях забеспячэння пагранбяспекі, які цяпер знаходзіцца ў парламенце. «Трэба адкрыта сказаць, што не ўсё з намечанага выконваецца ў належнай меры. Нават беглы аналіз паказвае, што пагранічнаму ведамству да гэтага часу не заўсёды ўдаецца адэкватна рэагаваць як на новыя выклікі ў цэлым, так і на змяненне аператыўнай абстаноўкі на граніцы ў прыватнасці. Усе мы цудоўна ведаем, што бяспека дзяржавы пачынаецца менавіта з дзяржаўнай граніцы, —сказаў Прэзідэнт. — Усе павінны разумець, што пагранічная бяспека не прыходзіць сама па сабе, гэта не дар з неба, а вынік карпатлівай штодзённай работы многіх структур. Вядома, цэнтральнае месца ў яе арганізацыі адводзіцца органам пагранічнай службы. Але без зладжаных, скаардынаваных дзеянняў усіх звёнаў сістэмы дзяржаўнага кіравання дабіцца поспеху немагчыма».
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Дзяржпагранкамітэт з ускладзенымі на яго задачамі ў цэлым спраўляецца. «Аднак існуючая сёння сітуацыя патрабуе больш актыўнага пошуку і рэалізацыі мер процідзеяння сучасным пагрозам і выклікам», —лічыць беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на шэраг фактараў, якія аказваюць уплыў на работу на граніцы. «Мы гаворым шмат пра чэмпіянат свету (па хакеі. — Заўвага
БЕЛТА), але і не толькі. Мы заўсёды знаходзімся на пярэднім краі і абараняем тут ужо не толькі свае інтарэсы, але і інтарэсы Расіі і Казахстана. Таму што інтэграцыйныя працэсы прывялі да таго, што ў нас утварылася адзіная эканамічная прастора, — лічы: адзіная эканамічная дзяржава. І вы тут, мяжуючыся з Захадамі блокам НАТА, несяце адказную службу», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/prezident
[2] https://zviazda.by/be/palityka-0
[3] https://zviazda.by/be/tags/belta
[4] https://zviazda.by/be/tags/dzyarzhpagrankamitet
[5] https://zviazda.by/be/tags/pagranichnaya-sluzhba-belarusi