Базавую велічыню ў Беларусі плануецца павялічыць у трэцім-чацвёртым квартале 2014 года да 150 тысяч рублёў. Аб гэтым паведамляюць інфармагенцтвы са спасылкай на начальніка ўпраўлення развіцця банкаўскіх плацежных картак і электронных грошай Нацыянальнага банка Беларусі Людмілу Стэфановіч.
Па яе словах, гэтае пытанне цяпер абмяркоўваецца ў Міністэрстве фінансаў. Дарэчы, прадстаўнікі вышэйзгаданага ведамства напрыканцы мінулага года казалі аб планах па павелічэнні базавай велічыні. Цяпер стаў вядомы прыкладны час гэтага павелічэння. Нагадаем, што «базавая» апошнім часам павышалася двойчы: у 2012 годзе з 35 да 100 тысяч рублёў і ў 2013-м яшчэ на 30 тысяч. Цяперашні яе памер — 130 тысяч рублёў.
На што паўплывае новае павышэнне «базавай»? На розныя штрафы, зборы і іншыя плацяжы. Да базавай велічыні ў нас прывязаны памеры сацыяльных выплат, напрыклад, дапамог і стыпендый, і шматлікія штрафы, а таксама стаўкі дзяржаўнай пошліны і арэнднай платы. Так, звычайна палову «базавай» мы плацім за выраб новага пашпарта або пасведчання кіроўцы. Зыходзячы з памеру базавай велічыні, разлічваецца арэндная плата пры здачы ў арэнду аб'ектаў, якія знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці. Павысіцца «кошт» жаніцьбы або разводу. Любыя парушэнні закона таксама будуць больш біць па кішэні (напрыклад, штраф для «зайцоў»). Падаражэе афармленне завяшчанняў, дагавораў дарэння і іншых дакументаў.
Уладзіслаў СОЎПЕЛЬ.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/ekanomika
[2] https://zviazda.by/be/finansy
[3] https://zviazda.by/be/tags/uladzislau-soupel
[4] https://zviazda.by/be/tags/nacyyanalny-bank-belarusi-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/ministerstva-finansau-0
[6] https://zviazda.by/be/tags/lyudmila-stefanovich
[7] https://zviazda.by/be/tags/bazavaya-velichynya-u-belarusi