Пераможцы конкурсу на лепшую публікацыю ваенна-патрыятычнай тэматыкі ў творчасці абапіраліся на сямейныя гісторыі.
Падчас XVІІІ Міжнароднай спецыялізаванай выставы «СМІ ў Беларусі» каля стэнда нашай газеты адбылося ўрачыстае ўзнагароджванне пераможцаў і лаўрэатаў штогадовага творчага конкурсу рэдакцыі газеты «Звязда» і Міністэрства абароны на лепшую публікацыю ваенна-патрыя-
тычнай тэматыкі.
На працягу года маладыя аўтары з усёй краіны дасылалі ў рэдакцыю свае творы. Школьнікі разважалі аб падзеях нашай слаўнай ваеннай гісторыі, выказвалі свой погляд на сучасную армію, расказвалі пра ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Сімвалічна, што ў год 70-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў ветэранская тэма гучала асабліва часта. Аўтары пісалі пра ваенныя лёсы сваіх дзядоў і прадзедаў, аднавяскоўцаў, якія ўнеслі ўклад у справу барацьбы з ворагам.
— Сімвалічна, што ўжо другі год запар вынікі конкурсу падводзяцца напярэдадні Дня Перамогі, а сёлета яшчэ і ў год 70-годдзя вызвалення, — зазначыў начальнік упраўлення інфармацыі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь Уладзімір МАКАРАЎ.
— У гэтым годзе яшчэ адна юбілейная дата, якую не варта забываць. 14 лістапада 1939 года ў законе БССР было літаральна сказана: «аб'яднаць вялікі беларускі народ у адзінай беларускай дзяржаве». Сімвалічна і тое, што ініцыятарам конкурсу выступіла газета «Звязда» — легенда Беларусі, адно з найбольш яркіх выданняў у нашай гісторыі. У самы трагічны перыяд, калі вырашалася пытанне, быць ці не быць беларускаму народу, «Звязда» была адзінай газетай, якая выходзіла на тэрыторыі Беларусі і разам з людзьмі змагалася з ворагам. Таму ўклад «Звязды» ў Вялікую Перамогу бясспрэчны. Ёсць і яе заслуга ў тым, што сёння ў Беларусі мір і стабільнасць, у нас цудоўная моладзь, арыентаваная на будучыню, дабрыню і стварэнне, якая верная нашым традыцыям, свята шануе подзвіг вялікага беларускага народа.
Па рашэнні журы пераможцы і найбольш актыўныя ўдзельнікі конкурсу былі ўзнагароджаны дыпломамі, граматамі і памятнымі падарункамі. Тыя, хто не змог паўдзельнічаць ва ўрачыстым мерапрыемстве, атрымаюць свае ўзнагароды па пошце.
Дыпломам першай ступені ў намінацыі «За творчасць і арыгінальнасць пры падрыхтоўцы публікацыі» ўзнагароджаны вучань 10 класа Галубіцкай сярэдняй школы Петрыкаўскага раёна Мікалай Літоўкін за публікацыю «Салдат Перамогі», а дыпломам другой ступені ў гэтай жа намінацыі — вучань 8 класа Вучэбна-педагагічнага комплексу «Рытанскі дзіцячы сад — сярэдняя школа» Астравецкага раёна Алег Кураш за публікацыю «Подзвіг у мірны час». Дыплом першай ступені ў намінацыі «За арыгінальнасць ідэі пры падрыхтоўцы рэпартажу» атрымала адзінаццацікласніца Градзянецкай сярэдняй школы Асіповіцкага раёна Святлана Сергіевіч за публікацыю «Роздум ля абеліска».
Па рашэнні журы найбольш актыўныя ўдзельнікі конкурсу і аўтары цікавых матэрыялаў, якія не сталі пераможцамі, узнагароджаны граматамі. Іх работы не былі менш змястоўнымі, але з розных прычын не адпавядалі патрабаванням, што былі акрэслены ў палажэнні.
Граматамі ўзнагароджаны студэнтка Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Дар'я Кізянкова за публікацыю «Яшчэ раз пра патрыятызм», вучань 9 класа Трокеніцкай базавай школы Астравецкага раёна Яўген Тамашэвіч за публікацыю «Мой абавязак — ведаць!», вучаніца 8 «А» класа сярэдняй школы № 4 г. Наваполацка Аліса Каспуціс за публікацыю «Дзеці вайны», вучань 7 класа сярэдняй школы № 4 г. Клімавічы Аляксей Іванцоў за публікацыю «Гераічнае мінулае ветэранаў», вучаніца 10 класа Вярэйкаўскай сярэдняй школы Ваўкавыскага раёна Наталля Харытонік за публікацыю «Франтавыя дарогі Васіля Зайцава», вучань 6 класа Вучэбна-педагагічнага комплексу «Рытанскі дзіцячы сад — сярэдняя школа» Астравецкага раёна Максім Дэнюш за публікацыю «Горкая праўда».
— Пра конкурс мне расказала мая цётка, якая выпісвае «Звязду», — прызналася лаўрэат конкурсу Дар'я КІЗЯНКОВА. — Думаць, пра што ж напісаць, доўга не прыйшлося. Пра вайну шмат расказвалі мае бабуля і дзядуля, якія хоць і былі малымі, але ўсё памятаюць. Тое, што ўвайшло ў публікацыю, — толькі малая частка з гісторыі нашай сям'і. Але такіх сем'яў у Беларусі вельмі шмат. Маё пакаленне абавязана шанаваць сваю гісторыю, той подзвіг, які здзейснілі нашы продкі. Невыпадкова мы даглядаем магілы невядомых салдат, удзельнічаем у шматлікіх акцыях памяці, дапамагаем ветэранам вайны. Гэта наш доўг, наш абавязак.
Так лічыць і пераможца конкурсу ў намінацыі «За творчасць і арыгінальнасць пры падрыхтоўцы публікацыі» Мікалай Літоўкін. У публікацыі, за якую ён атрымаў узнагароду, юнак расказаў пра свайго аднавяскоўца, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Пятра Пінчука. Школьнікі ніколі не абыходзяць хату франтавіка: дапамагаюць па гаспадарцы, расказваюць пра свае поспехі, слухаюць аповеды пра вайну. Лёс Пятра Адамавіча настолькі ўразіў дзесяцікласніка, што той вырашыў распавесці аб гэтым і нам. Неў-
забаве матэрыял пра гэтага ўнікальнага чалавека з'явіцца і на старонках «Звязды».
Арганізатары конкурсу выказваюць шчырую ўдзячнасць маладым аўтарам за праяўленую ўвагу да пытанняў беларускай арміі і абароны Айчыны, за жаданне расказаць пра ўдзельнікаў і сведак гераічных падзей Вялікай Айчыннай вайны. Вашы творы будуць публікавацца на працягу года на старонцы «Плацдарм» у рубрыцы «Конкурс».
Пераможцы за мінулы год вызначаны, але наш конкурс працягваецца. З палажэннем можна пазнаёміцца на нашым сайце. Дасылайце свае матэрыялы на беларускай мове на адрас рэдакцыі: 220013, г. Мінск, вул. Б. Хмяльніцкага, 10 а, рэдакцыя газеты «Звязда»; е-mаіl: іnfо@zvуаzdа.mіnsk.bу (з паметкай «На конкурс»). Пішыце! Шанц перамагчы ёсць у кожнага.
Вераніка КАНЮТА.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/veranika-kanyuta
[2] https://zviazda.by/be/gazeta
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva
[4] https://zviazda.by/be/medyya
[5] https://zviazda.by/be/gramadstva-0
[6] https://zviazda.by/be/tags/zvyazda
[7] https://zviazda.by/be/tags/smi-u-belarusi
[8] https://zviazda.by/be/tags/saldat-peramogi