епераадольных перашкод для стварэння Еўразійскага эканамічнага саюза не існуе.
Сустрэчу прэзідэнтаў Беларусі, Казахстана і Расіі, якая ўчора адбылася ў Мінску, можна без перабольшвання назваць ключавой у рабоце над праектам дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе. Адкрываючы пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў у вузкім складзе, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб тым, што ў свой час экспертам даручалася падрыхтаваць праект дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе, і калі ўзнікнуць непераадольныя перашкоды і спатрэбіцца ўдзел прэзідэнтаў, то лідары трох краін гатовыя сабрацца ў любы час.
Непераадольных перашкод, як прызналі ў выніку ўдзельнікі сустрэчы, на шляху стварэння саюза не існуе, а вось спрэчныя пытанні сапраўды запатрабавалі абмеркавання на самым высокім узроўні.
Да таго, як гаварыць пра надзённыя праблемы ў вузкім коле, а затым прыступіць да працы ў пашыраным складзе з удзелам спецыялістаў і абмеркаваць канкрэтныя пытанні і існуючыя перашкоды, кіраўнікі трох дзяржаў амаль дзве гадзіны размаўлялі ў нефармальнай абстаноўцы.
На пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў у вузкім складзе Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў: калі бакі не гатовыя рэалізаваць дамоўленасці, аб Еўразійскім эканамічным саюзе трэба гаварыць гадоў праз дзесяць. «Да падпісання дагавора застаецца зусім мала часу. Узнікае пытанне: з чым мы прыйдзем да саюза?» — сказаў беларускі лідар. Аляксандр Лукашэнка са шкадаваннем заўважыў, што сёння ўжо сфарміраваўся круг пытанняў, па якім погляды бакоў разыходзяцца, і пералік гэтых пытанняў насцярожвае. «Таму мы і сабраліся, каб іх зняць, вырашыць», — сказаў ён.
«Нам прапаноўваюць сёння пакінуць нявырашанымі тыя праблемы, якія трэба было б вырашыць яшчэ на папярэдніх этапах. Па нашым цвёрдым перакананні, мы павінны выходзіць на канкрэтныя рубяжы, адным з якіх з'яўляецца паўнафарматны Мытны саюз. Паміж яго членамі не павінна быць ніякіх абмежаванняў у руху тавараў, якімі б адчувальнымі яны ні былі», — падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі. На яго думку, доўгатэрміновае захаванне любых формаў абмежаванняў у руху тавараў, тым больш такіх, як энерганосьбіты, стварае непажаданы прэцэдэнт.
«Падыходы, якія заяўляюцца ў працэсе перамоў, выклікаюць шмат пытанняў. Наватарскія прапановы па тэрмінах рэалізацыі дамоўленасцяў праз 10 гадоў, гэта значыць да 2025 года, прынамсі гучаць дзіўна. Калі мы не гатовыя прымаць меры цяпер, то гэта трэба адкрыта прызнаць», — агучыў сваю думку кіраўнік беларускай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка выказаў надзею на тое, што адбудзецца зацікаўленая размова і па іншых тэмах, якія тычацца АЭП і будучага Еўразійскага эканамічнага саюза. Прэзідэнт адзначыў, што ёсць пытанні па аўтамабільных грузаперавозках з трэціх краін. «Хіба гэта не абсурдна, што выгаду ад інтэграцыі нашых краін атрымаюць, дапусцім, польскія, літоўскія або іншыя грузаперавозчыкі?» — заўважыў кіраўнік беларускай дзяржавы.
Ён таксама дадаў, што ад таго, наколькі эфектыўным будзе саюз, залежыць яго прывабнасць для іншых краін. «Але і сам саюз павінен набываць большае напаўненне ад свайго пашырэння», — сказаў беларускі лідар.
Не варта ператвараць інтэграцыю Беларусі, Казахстана і Расіі ў працэс дзеля працэсу, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка: «Нас ніхто не штурхае ў спіну, усе графікі мы вызначаем самі, але мне здаецца, ператвараць у працэс дзеля працэсу па прынцыпе: важны не вынік, а удзел — думаю, нам гэта не трэба».
«1 студзеня 2015 года мы павінны будзем адказаць на пытанні нашых грамадзян: куды мы прыйшлі, што ў выніку атрымалі нашы дзяржавы. Адказы ў нас павінны быць», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
«Без шчырай, я б сказаў, мужчынскай размовы сёння не абысціся. У Беларусі ёсць сваё бачанне цяперашняй сітуацыі, і мы гатовыя адкрыта, па-партнёрску пра гэта гаварыць», — сказаў Прэзідэнт. «Хацелася б, каб вы, паважаныя мае сябры, пакідаючы Мінск, былі ў добрым настроі. Гэта будзе залежаць ад тых рашэнняў, якія мы з вамі прымем», — дадаў беларускі лідар.
Сёння ёсць шэраг яшчэ не вырашаных пытанняў па стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза, але іх можна дадаткова прапрацаваць і знайсці кампрамісы, адзначыў у ходзе пасяджэння Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін. Ён канстатаваў, што праведзена вялікая праца па стварэнні «самага развітага на постсавецкай прасторы інтэграцыйнага аб'яднання». Паводле яго слоў, Мытны саюз, які стварылі Беларусь, Расія і Казахстан, працуе і прыносіць рэальную карысць. «І гэта мы бачым на выніках эканомікі нашых краін. Тут жа гэта абсалютна відавочны факт», — падкрэсліў ён.
«Але мы можам зрабіць яшчэ адзін крок (мы дамаўляліся пра гэта), крок па паглыбленні нашага ўзаемадзеяння, прасунуць наша супрацоўніцтва на больш высокі ўзровень», — лічыць Прэзідэнт Расіі. Ён адзначыў, што за апошні час праведзена вялікая праца на экспертным урадавым узроўні па падрыхтоўцы праекта дагавора аб стварэнні ЕАЭС. Падрыхтаваны грунтоўны дакумент на 600 старонак. «Але справа нават не ў тым, колькі там старонак. Справа ў тым, што па змесце гэта дакумент, які дае нам магчымасць зрабіць яшчэ адзін крок у паглыбленні нашага ўзаемадзеяння. Сапраўды, мы можам якасна змяніць наша супрацоўніцтва. Гэта дазволіць нам выйсці на павышэнне канкурэнтаздольнасці эканомік, зрабіць іх больш эфектыўнымі, прыцягваць унутраныя і знешнія інвестыцыі. І гэты вялізны рынак у 170 млн чалавек, які мы з вамі стварылі, можа набыць зусім новую якасць, дадаткова набыць прывабнасць і стаць больш эфектыўным і змястоўным», — сказаў Уладзімір Пуцін.
Разам з тым Прэзідэнт Расіі прызнаў, што ёсць некаторыя пытанні, якія «на экспертным узроўні не цалкам яшчэ дапрацаваны». Іх рашэнне застаецца за кіраўнікамі дзяржаў.
Прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў таксама лічыць пераадольнымі рознагалоссі, якія маюцца на шляху стварэння Еўразійскага эканамічнага саюза. «Я за тое, каб коней не гнаць, але ёсць магчымасць укласціся ў прынятыя тэрміны і зняць усе пытанні. Мы можам дамовіцца», — перакананы Нурсултан Назарбаеў.
«Мы выходзім на прамую лінію падпісання дагавора, і я падтрымліваю тое, што цяпер сказаў Аляксандр Лукашэнка, — вялікую частку шляху мы прайшлі», — адзначыў Прэзідэнт Казахстана. Паводле яго слоў, напярэдадні эксперты добра папрацавалі, і да саюза, які ствараецца, ужо праяўляюць цікавасць іншыя партнёры.
Як падкрэсліў Нурсултан Назарбаеў, на сустрэчы «тройкі» трэба будзе падрабязна абмеркаваць усе пытанні, у тым ліку рознагалоссі па праекце дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе. «Сёння ўвага грамадскасці як унутры краін, так і за мяжой прыкавана да гэтага, — сказаў Нурсултан Назарбаеў. — Трэба старанна паглядзець і выканаць усе прававыя аспекты, інтарэсы нашых дзяржаў».
Паводле слоў Прэзідэнта Казахстана, праведзена немалая праца па найбольш вострых пытаннях, прадугледжаных у пераходныя перыяды. «Усе гэтыя пытанні мы абмяркоўвалі, ствараючы Мытны саюз і пры фарміраванні Адзінай эканамічнай прасторы. Думаю, нашы эксперты з камісіі працавалі і паставілі нам пытанні, па якіх яны не дамовіліся, і мы па-таварыску, як заўсёды, абмяркуем кожны пункт і будзем вырашаць, што нам рабіць», — сказаў Нурсултан Назарбаеў.
Казахстанскі лідар выказаў упэўненасць, што ўдасца знайсці кансэнсус па ўсіх наяўных пытаннях і ў выніку дамовіцца, прыняць пэўныя рашэнні.
На пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў пашыраным складзе абмяркоўваліся ўжо канкрэтныя пытанні, якія неабходна вырашыць у ходзе стварэння ЕАЭС. У прыватнасці, старшыня Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Віктар Хрысценка паведаміў, што ў саюзе прапануецца адзіная канструкцыя для рынкаў нафты, нафтапрадуктаў і газу. Старшыня Калегіі ЕЭК, інфармуючы ўдзельнікаў пасяджэння аб ходзе работы над праектам дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе, адзначыў, што напярэдадні саміту «тройкі» адбылося пасяджэнне Савета ЕЭК. «Некаторыя рэчы ўдакладнены. Хоць трэба сказаць, што некаторыя пытанні з'явіліся новыя. З'явіліся яны таму, што былі дадзены даручэнні міністэрствам шэраг пытанняў прапрацаваць, але, на жаль, некаторыя з іх засталіся неўрэгуляванымі, таму па рашэнні савета мы вынеслі гэта на ваш суд, на ваша абмеркаванне», — заявіў Віктар Хрысценка.
Акрамя таго, старшыня Калегіі ЕЭК далажыў удзельнікам пасяджэння аб ходзе работы па рэалізацыі дарожнай карты па далучэнні Арменіі да Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы Беларусі, Казахстана і Расіі.
Па выніках пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў пашыраным складзе Віктар Хрысценка заявіў, што ўсе рознагалоссі па праекту дагавора аб ЕАЭС урэгуляваныя.
Паводле БЕЛТА.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/palityka
[2] https://zviazda.by/be/prezident
[3] https://zviazda.by/be/tags/belarus
[4] https://zviazda.by/be/tags/rasiya
[5] https://zviazda.by/be/tags/belta
[6] https://zviazda.by/be/tags/kazahstan
[7] https://zviazda.by/be/tags/euraziyski-ekanamichny-sayuz
[8] https://zviazda.by/be/tags/eaes
[9] https://zviazda.by/be/tags/pazicyya