Еўрапейскі праваслаўна-каталіцкі форум «Рэлігія і культурная разнастайнасць: выклікі хрысціянскім цэрквам у Еўропе», які праходзіць у Мінску, працуе на імідж Беларусі. Такую думку выказаў Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка.
— Форум працуе на прэстыж і пазнавальнасць Беларусі, — адзначыў Леанід ГУЛЯКА. — Яго ўдзельнікамі сталі святары найвышэйшага рангу — кардыналы, архіепіскапы, епіскапы. Уcе яны будуць абмяркоўваць праблемы хрысціянства ў нашай краіне, і гэта вялікі гонар для нас. Упэўнены, што пасля наведвання Беларусі ў гасцей застануцца самыя лепшыя ўражанні і ўспаміны.
Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў звярнуў увагу, што ў Беларусі склаліся спрыяльныя адносіны паміж прадстаўнікамі розных канфесій, чаму спрыяе палітыка талерантнасці, якая праводзіцца ў краіне.
За ўвагу з боку ўлады Беларусі і добры прыём падзякаваў сустаршыня форуму з каталіцкага боку, старшыня Рады біскупскіх канферэнцый Еўропы архіепіскап Эстэргомскі і Будапешцкі кардынал Петэр ЭРДЗЁ.
— Сёння быць хрысціянінам у Еўропе не заўсёды лёгка, — адзначыў ён, выступаючы на форуме. — Асабліва без падтрымкі братоў па веры. Мы сабраліся ў гасцінным Мінску, каб лепш разгледзець рэальнасць, у якой жывём, адшукаць і распрацаваць своеасаблівыя прапановы, спосабы і магчымасці суіснавання ў сучасных еўрапейскіх культурах і грамадстве.
Наталля ТАЛІВІНСКАЯ.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/natallya-talivinskaya
[2] https://zviazda.by/be/gazeta
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva
[4] https://zviazda.by/be/gramadstva-0
[5] https://zviazda.by/be/religiya
[6] https://zviazda.by/be/tags/minsk-0
[7] https://zviazda.by/be/tags/leanid-gulyaka-0
[8] https://zviazda.by/be/tags/eurapeyski-pravaslauna-katalicki-forum