Наша краіна гатова паглыбляць супрацоўніцтва з Хабараўскім краем
Пра гэта заявіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з губернатарам Хабараўскага краю Вячаславам Шпортам, паведамляе БЕЛТА.
Прэзідэнт адзначыў, што па цяперашнім часе геаграфічная адлегласць — не перашкода для супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Хабараўскім краем; праўда, сёлета таваразварот знізіўся. «Але ўсё ў нашых руках — часу дастаткова, каб дасягнуць і перасягнуць узровень мінулага года», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. «Я думаю, мы пастараемся і прымем пэўныя захады ў гэтым напрамку», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, Хабараўскі край штогод імпартуе прадукцыі ў аб'ёме каля $1 млрд, а доля беларускіх паставак складае толькі каля 1%, і гэта вельмі нізкі паказчык. «Думаю, што ў бліжэйшы час мы павінны сур'ёзна заняцца аналізам працэсаў, звязаных з гандлем з Хабараўскім краем, і ўнесці свой дастойны ўклад у развіццё гэтага краю, у пераадоленне наступстваў паводкі мінулага года», — адзначыў Прэзідэнт Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што гатовы разгледзець любыя прапановы і пытанні развіцця двухбаковых сувязяў. «Мы ведаем магчымасці адно аднаго, у нас вялікая цікавасць да вас, а ў вас — да нас, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — У нас узаемадапаўняльныя эканомікі, а гэта аснова супрацоўніцтва».
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/palityka
[2] https://zviazda.by/be/prezident
[3] https://zviazda.by/be/tags/belarus
[4] https://zviazda.by/be/tags/selskaya-gaspadarka
[5] https://zviazda.by/be/tags/habarauski-kray
[6] https://zviazda.by/be/tags/supracounictva