Перажыўшы цяжкі працэс абнаўлення, дрэваапрацоўчая галіна прырастае і дае адчувальную аддачу
Канцэрн «Беллеспаперапрам» — у нейкім сэнсе першапраходзец міннага поля пад назвай «мадэрнізацыя». У апошні час галіновыя навіны нагадвалі зводкі з фронту. Перыядычна эксперты абмяркоўвалі слушнае пытанне «Навошта трэба было траціць немалыя дзяржаўныя грошы?» Сочыць за зменамі таксама кіраўнік дзяржавы. Днямі ён зноў гутарыў аб мадэрнізацыі галіны з прэм'ер-міністрам: Прэзідэнта непакоіць эфект ад укладанняў у абнаўленне прадпрыемстваў. І сёння дрэваапрацоўка можа заявіць аб пэўных поспехах і перспектывах.
Даходзіла да мадэрнізацыі… мадэрнізацыі
Дрэваапрацоўка ў апошнія месяцы не раз трапляла «пад раздачу». Аказалася, што прадпрыемствы неаднолькава спраўляюцца з пастаўленымі задачамі. Складаныя і маштабныя праекты запатрабавалі ад кіраўнікоў на месцах занадта шмат сіл, ведаў і вопыту. Усяго мадэрнізацыя дрэваапрацоўкі запатрабавала каля аднаго мільярда еўра (крэдытныя рэсурсы пад гарантыю ўрада і бюджэтныя сродкі на пагашэнне працэнтаў па ім). Але хуткай аддачы не атрымалася. Эканамісты, пасля ўзбуджэння крымінальных спраў, нават пагаворвалі аб сістэмным крызісе галіны…
Толькі нядаўна «баявыя дзеянні» на мадэрнізацыйным фронце сціхлі. Крытычны пункт быў пройдзены. Дзе-нідзе была выпушчана першая прадукцыя, а з ёй з'явілася ўпэўненасць, што грошы былі выдаткаваны не дарма.
Завяршылася абнаўленне прадпрыемства «Івацэвічдрэў». Цяпер там атрымліваюць нядрэнную выручку ад рэалізацыі драўнянастружкавых і ламінаваных пліт і добры па мясцовых мерках заробак.
«Барысаўдрэву» грошы былі выдзелены, калі на прадпрыемстве яшчэ не было бізнес-плана. Таму гэты фінансавы дакумент складаўся пяць разоў. У выніку грошай спатрэбілася не 40 мільёнаў еўра, а амаль 110. Сёння ў Барысаве ўжо рэалізаваны некаторыя праекты, у прыватнасці, наладжана вытворчасць пліт МДФ, усталяваны два катлы на мясцовых відах паліва, якія ўжо далі магчымасць сэканоміць з пачатку года больш за 3,5 мільярда рублёў.
На ААТ «Магілёўдрэў» былі ўведзены ў эксплуатацыю аўтаматычная лінія па распілоўцы драўніны, лінія сартавання лесаматэрыялаў, сушыльны комплекс, лініі па выпуску клеенага бруса і мэблевага шчыта, мэблевая вытворчасць, а таксама іншыя аб'екты, напрыклад, кацельня. Новае абсталяванне ўжо дазваляе прадпрыемству працаваць бясстратна. Вытворчыя лініі паступова выходзяць на праектную магутнасць.
Мазырскі дрэваапрацоўчы камбінат правяраючыя крытыкавалі за тое, што пры распрацоўцы бізнес-плана дрэнна была вывучана тэхналогія новай вытворчасці. Сёння там ужо наладжаны выпуск піламатэрыялаў і атрымана першая партыя ізаляцыйных драўнянавалакністых пліт.
Даволі заблытанай аказалася гісторыя мадэрнізацыі ААТ «Рэчыцадрэў», якая пачалася ў 2007 годзе і працягваецца да гэтага часу. Там змянілася сем праектных арганізацый і дзесяць будаўнічых падрадчыкаў. Нядаўна на заводзе драўнянастружкавых пліт выпусцілі першую прадукцыю, завершана мадэрнізацыя фанернага завода і мэблевай фабрыкі. Паэтапна будуць уводзіцца ў эксплуатацыю лінія па імпрэгнаванні і цэх сінтэтычных смол.
Дзве задачы вырашаны пакуль на «Гомельдрэве»: уведзены ў эксплуатацыю цэх лесапілавання і новая кацельня. На чарзе здача галоўнага аб'екта — вытворчасці драўнянавалакністых пліт (МДФ/ХДФ).
Цяжкая сітуацыя на ААТ «ФанДАК». Абнаўленне найстарэйшаму прадпрыемству прынесла мноства клопатаў: пастаянна ламаецца міні-ЦЭЦ (на рамонт якой трацяцца немалыя грошы), новае абсталяванне для мадэрнізацыі фанернага завода давялося дазакупаць за ўласныя сродкі, лінія сартавання круглага лесу не працуе, паколькі ўстаноўлена на значнай адлегласці ад асноўнай вытворчасці. Да ўсяго іншага даводзіцца, прабачце за таўталогію, мадэрнізаваць нядаўна мадэрнізаванае: страціўшы надзею давесці да розуму лінію кітайскага вытворцы XY-Group, кіраўніцтва абвясціла конкурс «на ажыццяўленне мадыфікацыі існуючай лініі па вытворчасці тонкіх драўнянастружкавых пліт».
Няпроста ўзводзілася прадпрыемства па вытворчасці драўнянавалакністых пліт (МДФ/ХДФ) магутнасцю 140 тысяч кубаметраў за год на ААТ «Віцебскдрэў» і аналагічнае, магутнасцю больш за 200 тысяч «кубоў», на «Мастоўдрэве» (запуск запланаваны на люты 2015 года).
Мадэрнізацыя закранула і іншыя прадпрыемствы. Напрыклад, Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат будуе завод па вытворчасці сульфатнай беленай цэлюлозы, філіял Добрушская папяровая фабрыка «Герой працы» ААТ «Кіруючая кампанія холдынга «Беларускія шпалеры» наладжвае вытворчасць мелаваных і немелаваных відаў кардону, а Завод газетнай паперы стварае сучасную вытворчасць па выпуску паперы-асновы для дэкаратыўных абліцовачных матэрыялаў. Працаваць по-новаму прыйшлося і мебельшчыкам.
Прагнозы і магчымасці
«Казаць пра агульную аддачу ад новых і мадэрнізаваных прадпрыемстваў галіны мы зможам толькі пасля іх выхаду на праектныя магутнасці, — адзначае першы намеснік старшыні канцэрна «Беллеспаперапрам» Дзмітрый Лізура.
Прэзідыумам Савета Міністраў Рэспублікі зацверджаны графік уводу аб'ектаў на бягучы і будучы гады. Канцэрн упэўнены, што прадпрыемствы ўкладуцца ў тэрміны пры ўмове рытмічнага фінансавання інвестыцыйных праектаў банкамі, а таксама якаснага і своечасовага выканання работ будаўнічымі і праектнымі арганізацыямі.
Новыя тэхналогіі дазваляюць безадходна (а значыць — эканомна) выкарыстоўваць сыравіну (каля 50 працэнтаў гэта нізкагатунковая, дробнатаварная драўніна, якая падыходзіць для вытворчасці плітнай прадукцыі). Сталі ў вялікіх аб'ёмах выкарыстоўвацца і адходы вытворчасці. Напрыклад, практычна ўсё пілавінне, якое атрымліваецца пры лесапілаванні, выкарыстоўваецца для выпуску паліўных брыкетаў і драўняных гранул (пелет). Патрэба прадпрыемстваў канцэрна ў драўніне будзе расці. Сёлета плануецца перапрацаваць 4 мільёны кубоў, у наступным — 6,3 мільёна, а да 2017 года можа спатрэбіцца амаль 8 мільёнаў кубоў.
Прагназуецца, што аб'ёмы прадукцыі дрэваапрацоўкі да 2017 года павялічацца ў 2,5 раза! Выпуск драўнянастружкавых пліт дасягне 620 тысяч кубаметраў за год, драўнянавалакністых пліт — 610 тысяч, фанеры — 280 тысяч, ламінаваных падлогавых пакрыццяў — больш за 15 мільёнаў квадратных метраў, ізаляцыйных драўнянавалакністых пліт — 230 тысяч кубоў. Больш будзе вырабляцца і мэблі.
Горкі вопыт на перспектыву
Мадэрнізацыя прадугледжвае не толькі ўстаноўку новага абсталявання, але і новыя прынцыпы гаспадарання, павышэнне кваліфікацыі работнікаў. Праца па ўказцы, без папярэдняй ацэнкі прадпрыемства, яго патэнцыялу, без належнай інжынірынгавай падрыхтоўкі, даследаванняў ёмістасці рынкаў, магчымасцяў па збыце прадукцыі, акцэнт на рашэнне імгненных, а не комплексных задач прыводзілі да таго, што бізнес-планы перапісваліся некалькі разоў, уведзеныя лініі не загружаліся на сто працэнтаў, работнікам не хапала часу, ведаў і навыкаў, каб засвоіць праграмы кіравання высокатэхналагічным абсталяваннем. З гэтымі і іншымі праблемамі калектывы спраўляліся аператыўна, з вялікай напругай сіл і нерваў.
«Першыя складанасці паўсталі на этапе вырашэння фінансавых пытанняў, праектных работ. На вырашэнне гэтых праблем спатрэбілася некалькі гадоў. Адчувалася адсутнасць спецыялізаваных праектных і будаўнічых арганізацый, — узгадвае Дзмітрый Лізура. — Былі праблемы, звязаныя з недасканалым менеджментам, негатоўнасцю многіх кіраўнікоў і спецыялістаў да рэалізацыі такіх маштабных задач. Дзесьці людзі проста недобрасумленна ставіліся да справы».
Сёння прадпрыемствы імкнуцца замацавацца на новых рынках, напрыклад, у сярэднеазіяцкіх краінах. Літаральна нядаўна былі падпісаны кантракты на пастаўку туды драўнянастружкавых і драўнянавалакністых пліт. Пачаты экспарт у Турцыю шырокафарматнай ламінаванай фанеры вытворчасці ААТ «Мастоўдрэў».
Асэнсаванне пройдзенага за апошнія гады, вопыт абнаўлення і хуткай перабудовы менеджменту на новы лад стануць нядрэннай падмогай у будучых справах: у дзяржаўных планах — мадэрнізацыя льновытворчасці і тэкстыльнай прамысловасці.
Святлана ДЗЯВЯТКАВА.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/ekanomika
[2] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/07/260.png
[3] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/07/431.png
[4] https://zviazda.by/be/tags/madernizacyya
[5] https://zviazda.by/be/tags/bellespaperapram
[6] https://zviazda.by/be/tags/dreva
[7] https://zviazda.by/be/tags/apracouka