На фэсце ў Алашках адкрылі дом-музей легендарнага земляка
У вёсцы Алашкі Шаркаўшчынскага раёна ў мінулую суботу адбылося раённае свята «Светлы Яблычны Спас — Сікораўскай душы часцінка». Менавіта тут жыў вядомы садавод і селекцыянер Іван Паўлавіч Сікора, заслужаны аграном БССР. Летась у вёсцы ўсталявалі помнік зялёнаму яблыку — гатунку, які вывеў Сікора. А сёлета ў рамках святкавання адкрыўся дом-музей легендарнага садавода.
— Свята арганізуецца амаль дваццаць гадоў. Шаркаўшчынская зямля — край дзіўнай прыгажосці, разумных і працавітых людзей. Іван Паўлавіч Сікора — адзін з вялікіх землякоў, якімі ганарыцца наш край. На Шаркаўшчыне беражліва ставяцца да гісторыі, з трапяткім пачуццём берагуць тое, што засталося ад продкаў, — пракаментаваў карэспандэнту «Звязды» Мікалай Баговіч, старшыня Шаркаўшчынскага райвыканкама.
Безумоўна, самай значнай падзеяй стала адкрыццё дома-музея Сікоры, у якім больш за сорак гадоў жыў і працаваў Іван Паўлавіч. Доўгі час дом пуставаў.
— Так атрымалася, што дом, дзе жыў Сікора, пасля яго смерці быў прададзены. Потым у ім ніхто не жыў. Зразумела, што каб так і надалей было, мы маглі б страціць унікальны дом, дзе жыў знакаміты на ўвесь свет садавод. Дайшла справа да суда. І вось зараз будынак — уласнасць раёна. Ён уваходзіць у склад мемарыяльнага музея Сікоры. У апошнім да адкрыцця дома-музея быў імправізаваны кабінет садавода, сярод экспанатаў — рэчы, якія належалі Сікору. Цяпер музей за лік дадатковых плошчаў пашырыў сваю экспазіцыю. Вядома, намнога больш цікава пабываць у доме, дзе жыў знакаміты чалавек. Паколькі ў вёсцы Алашкі ёсць людзі, якія асабіста ведалі Івана Паўлавіча, хадзілі да яго ў госці, мы, паводле іх успамінаў, пастараліся зрабіць інтэр'еры такімі, якімі яны былі пры жыцці Сікоры. Пастараліся адпаведныя фарбы падабраць па колеры пад тыя часы, шпалеры на сценах прыкладна такія, якія былі. Што на вокнах вісела, якой фарбай ліштва і іншае было пафарбавана, — усё мы ўлічылі. Стараліся максімальна наблізіць дом звонку і ўнутры да першапачатковага выгляду, — паведаміла «Звяздзе» Людміла Стома, начальнік аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі.
У маленькім доме ўсяго чатыры пакоі: кабінет, спальня, кухня, дзіцячая. Печкі і склеп добра захаваліся. Землякі Сікоры падчас падрыхтоўкі да свята ў садзе знайшлі і аднавілі калодзеж, з якога Сікора браў ваду. Той стары сад, дзе ён высаджваў і даглядаў яблыні, добраўпарадкавалі. У ім цяпер можна пасядзець у альтанках, на лаўках. І новы «сікораўскі» сад (у садавода было іх два. — А.П.), па-ранейшаму літаральна напоўнены энергетыкай чалавека, які прысвяціў сваё жыццё садаводству. Там якраз і знаходзіцца будынак мемарыяльнага музея.
У святкаванні бралі ўдзел сваякі, нашчадкі Івана Сікоры. Яны жывуць на Пастаўшчыне, у Мінску. Гэтыя людзі з асаблівым хваляваннем заходзілі ў дом-музей, дзяліліся ўспамінамі. Некаторыя з іх (унукі. — А.П.) ніколі не былі на малой радзіме іх знакамітага сваяка.
Падчас свята адбыўся канцэрт, правялі конкурс «Яблык спартыўны», арганізавалі выставу-кірмаш, на якой можна было купіць яблычныя пірагі і іншыя прысмакі. У садзе музею каля альтанкі працаваў фальклорны дворык «Я не песню спяваю, а пра жыццё гавару». (У праграме — святы народнага календара: «Купалле», «Каляды», «Вялікдзень» і іншыя.) Гучалі народныя песні, частавалі абрадавымі стравамі. А каля сажалкі на дзіцячай фальклорнай пляцоўцы хлопчыкі і дзяўчынкі адказвалі на загадкі пра беларускія святы, удзельнічалі ў традыцыйных беларускіх гульнях, вучыліся танцам продкаў... Усе ахвотныя змаглі пакатацца на ладдзі.
У рамках свята адбыўся раённы этап конкурсу «Уладар сяла». У ім бралі ўдзел 15 сем'яў. У якасці падарункаў пераможцы, якія працуюць у сельскагаспадарчых арганізацыях, па традыцыі, атрымліваюць цялят. А ад кіраўніцтва ўстаноў і арганізацый сем'і, прадстаўнікі якіх там працуюць, атрымалі 1,5 мільёна рублёў.
У планах кіраўніцтва раёна, брэндам якога з'яўляецца яблык, — павышэнне статусу яблычнага свята да рэспубліканскага ўзроўню. Штогод у Шаркаўшчынскі раён і, вядома ж, у вёску, дзе жыў славуты садавод, прыязджае ўсё больш гасцей як з Беларусі, так і з-за яе межаў.
Аляксандр ПУКШАНСКІ
Гэта цікава:
Помнікі яблыку ёсць у розных краінах
Помнік яблыку ўсталяваны ў Курску. Яблык там, як і ў Алашках Шаркаўшчынскага раёна, сімвал горада. Цікава, што некалькі гадоў таму ў горадзе пачалі праводзіць конкурс грамадскага прызнання «Чалавек года». Яго пераможцам у якасці ўзнагароды сталі ўручаць маленькія пазалочаныя яблычкі. Так што помнік атрымаўся ўдвая сімвалічным.
Помнік-фантан яблыку ўсталяваны ў Алма-Аце (Казахстан).
Помнікі агрызку яблыка і цэламу яблыку ёсць у Іерусаліме.
Помнік яблыку ў выглядзе глобуса стаіць у Новасібірску.
Помнік яблыку ёсць у Маскве.
А яшчэ ёсць помнікі кусту памідора — ва Украіне, агурку — у Маскве і ў Старым Асколе, (Белгародская вобласць).
У розных краінах ёсць помнікі ананасу, банану, гранату.
На Віцебшчыне, у Глыбокім, ёсць помнік вішні.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-pukshanski
[2] https://zviazda.by/be/gazeta
[3] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[4] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/08/26-5.jpg
[5] https://zviazda.by/be/tags/alashki