Калі работнікам Любанскай міжрайінспекцыі паведамілі пра незаконнае паляванне каля вёскі Красная Старонка Слуцкага раёна, тыя сапраўды на месцы знайшлі напаўразабраную тушу лася. А яшчэ — сляды ад пратэктараў аўтамабіля «УАЗ», якія вялі да вёскі...
Падчас аператыўных мерапрыемстваў устанавілі падазраванага. Пры аглядзе дома яго маці былі знойдзены пяць поліэтыленавых пакетаў, у якіх ляжалі сэрца, пячонка і ныркі дзікай жывёлы, а таксама мужчынскае адзенне з плямамі бурага колеру і паляўнічы нож са слядамі тлушчу і поўсці. У двары стаяў аўтамабіль «УАЗ» без нумарных знакаў. У яго багажніку дзяржінспектары таксама заўважылі плямы крыві і поўсць лася. Месцазнаходжанне паляўнічага-нелегала зараз устанаўліваецца. Слуцкі раённы аддзел Следчага камітэта завёў крымінальную справу за незаконнае паляванне, якое пацягнула нанясенне шкоды прыродзе ў асабліва буйным памеры — на суму 300 базавых велічынь.
Сяргей РАСОЛЬКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/infarmbyuro
[2] https://zviazda.by/be/naviny-u-belarusi
[3] https://zviazda.by/be/tags/brakanery
[4] https://zviazda.by/be/tags/los