Сумесныя маладзёжныя інавацыйныя пляцоўкі — аб'яднанні па інтарэсах тэхнічнага і прыродазнаўча-матэматычнага профілю — будуць стварацца ва ўсіх рэгіёнах на базе ўстаноў адукацыі. Кіраўнікі Міністэрства адукацыі і Міністэрства сувязі і інфарматызацыі падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве двух ведамстваў у гэтым пытанні.
— Асноўная мэта такіх аб'яднанняў — павысіць якасць навуковай, тэхнічнай, інавацыйнай і адукацыйнай дзейнасці ў галіне прыродазнаўчых і дакладных навук: інфарматыкі, фізікі, радыёэлектронікі і робататэхнікі, абудзіць у школьнікаў цікавасць да даследчай, рацыяналізатарскай і вынаходніцкай дзейнасці, — тлумачыць міністр адукацыі Сяргей Маскевіч. — Спецыялісты будуць уцягваць моладзь у сферу вывучэння высокіх тэхналогій, мадэлявання, праектнай дзейнасці, ствараць сістэмы прафарыентацыйнай работы з навучэнцамі для матываванага выбару імі спецыяльнасцяў тэхнічнай сферы.
Па словах міністра адукацыі, супрацоўніцтва будзе скіравана на ўзмацненне практыка-арыентаванага і прыкладнога характару навучання дзяцей і падлеткаў, на выхаванне творчых асоб. Структура першага сумеснага праекта ўключае ў сабе два модулі — «Лега-парк» і «ІТ-акадэмію».
— Хацелася б узняць на новую вышыню якасць дадатковай адукацыі. З гэтай мэтай міністэрства будзе падтрымліваць стварэнне школ робататэхнікі ва ўсіх рэгіёнах, — дадаў міністр.
Цяпер такія школы ёсць у 6 сталічных установах адукацыі, а таксама ў Наваполацку. Дзеці вывучаюць там праграмаванне, 3D-мадэляванне, алгарытміку, механіку, асновы электронікі і мікрапрацэсарных сістэм, будову камп'ютара і праграмнае забеспячэнне, распрацоўку і стварэнне сайтаў, канструяванне, фізіку і матэматыку.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/adukacyya
[3] https://zviazda.by/be/tags/ministerstva-adukacyi-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/ministerstva-suvyazi-i-infarmatyzacyi-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/ministr-adukacyi-syargey-maskevich-0