Кожную нядзелю, спяваючы ў хоры касцёла імя Найсвяцейшай Дзевы Марыі, які знаходзіцца ў вёсцы Параф'янава Докшыцкага раёна, я не раз міжволі задумвалася аб тым, як узнікла наша святыня і хто стаяў ля вытокаў яе стварэння.
З гістарычных дакументаў і ад старэйшых людзей я даведалася, што першы касцёл у Парфенаве быў збудаваны ў 1620 годзе, знішчаны ў часе вайны 1654—1667 гг., адбудаваны ў 1675 годзе. Напрыканцы ХІХ стагоддзя было вырашана ўзвесці новы мураваны касцёл. Збор сродкаў на гэтую справу распачаў ксёндз-пробашч Баляслаў Корн у 1899 годзе, а ў 1900 годзе біскуп віленскі асвяціў вуглавы камень новага храма. Гліну для пабудовы касцёла здабывалі ў Парэччы. На цэгле, вырабленай з той гліны, выціснуты ініцыялы Баляслава Корна. Стары будынак касцёла быў адсунуты ўбок, а ў сярэдзіне 1920-х — разабраны. Пабудова касцёла была завершана ў 1904 годзе.
Цікавы выпадак у гісторыі касцёла здарыўся ў 1942 годзе. У той час немцы здымалі з усіх храмаў у наваколлі званы. Пробашчам парафіі тады быў ксёндз Вячорак. Калі немцы пайшлі на вежу, каб зняць званы, ён зайшоў туды і нешта ім гаварыў. Што гаварыў — невядома, але званы не знялі. Праўда, праз некалькі дзён ксяндза ўзялі пад хатні арышт, а потым забралі ў Беразвечча, дзе расстралялі. Апошнімі словамі яго былі: «Няхай жыве Бог, няхай жыве Айчына».
У параф'янаўскім касцёле ёсць партрэт ксяндза Мечыслава Багаткевіча. Падчас Вялікай Айчыннай вайны ён служыў у касцёле на Глыбоччыне. Яго пропаведзі вельмі не падабаліся фашыстам. За гэта ён быў арыштаваны і закатаваны. Пасля вайны Папа Рымскі Ян Павел ІІ разам з шэрагам ксяндзоў, загінулых у гады фашысцкай акупацыі, абвясціў яго благаславёным. А вось у нашым параф'янаўскім касцёле ён правёў сваю першую імшу.
У 1963 годзе касцёл быў закрыты ўладамі. У ім размясціўся склад мясцовага спіртзавода. Касцёл быў запоўнены смеццем ды рознымі скрынямі, унутр будынка заязджалі трактары і машыны.
Толькі з пачаткам перабудовы людзі пачалі пісаць звароты да ўлад, каб вярнуць касцёл. Нарэшце, у 1988 годзе вернікі дамагліся свайго. Першая за шмат гадоў імша была праведзена 2 лютага 1989 года. У 1992 годзе касцёл нанава асвяціў арцыбіскуп Казімір Свёнтэк. У тым жа годзе распачаў сваю працу айцец Тадэвуш Кавальскі. За 11 гадоў, калі ён быў пробашчам, касцёл быў поўнасцю адрамантаваны і адноўлены. За гэты перыяд была адноўлена капліца ў Кіякове, адкрыта новая капліца ў мястэчку Парфенава, абсталяваны парафіяльны дом. З 2001 года святая імша пачала праводзіцца на беларускай мове.
Штогод у ліпені наша парафія прымае пілігрымаў з Наваполацка, Віцебска, Глыбокага, якія ідуць на ўрачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі Будслаўскай, каб пакланіцца аднаму з найбольш шанаваных каталіцкіх абразоў Беларусі.
Хтосьці можа сказаць, што наша вёска паступова вымірае. Але я ўпэўнена, што, пакуль існуе «сэрца» Параф'янава, цэнтр духоўнасці — Параф'янаўскі касцёл імя Найсвяцейшай Панны Марыі, дзе кожную нядзелю збіраецца шмат людзей розных пакаленняў, наша вёска будзе прадаўжаць сваю гісторыю і наперадзе яе чакае толькі светлае будучае.
Юлія Януковіч, вучаніца 11 класа Параф'янаўскай сярэдняй школы Докшыцкага раёна.
P.S. Шаноўныя чытачы! Дасылайце нам свае матэрыялы пра гісторыю роднага краю, сваёй малой радзімы, пра выбітных асоб ці проста доўгажыхароў, якія сталі сведкамі пэўных гістарычных падзей. Вітаюцца таксама фота цікавых мясцін і краявідаў. Чакаем вашы артыкулы па адрасе: 220013, Мінск, вул. Б. Хмяльніцкага, 10 а, газета «Звязда», з пазнакай «Край, дзе я жыву», або на электронны адрас іnfo@zvyazda.mіnsk.by
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kultura-0
[2] https://zviazda.by/be/vyyaulenchae-mastactva
[3] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/11/12-24.jpg
[4] https://zviazda.by/be/tags/kultura