Цуды існуюць — гэта бясспрэчна. Але ж вядома, што самі сабой яны не здзяйсняюцца. Нават такі паважаны чараўнік, як Дзед Мароз, не можа абысціся без памочнікаў. У сваёй сядзібе ён збірае мноства казачных герояў, каб ніводнае дзіцячае жаданне не засталося па-за ўвагай. І калі ствараць цуды могуць гэтыя чароўныя персанажы, то перадаць іх дзецям — справа бацькоў і... звычайнай пошты.
[caption id="attachment_64852" align="alignnone" width="600"] [3] — Такую казачную навагоднюю хатку можна набыць у галоўнай зале паштамта, — зазначыла аператар Ілона Карповіч.[/caption]
Авечка — у падарунак!
...Але ж пачынаецца ўсё значна раней. Калі пад канец лістапада прыйсці ў круглую залу мінскага Галоўпаштамта, у цэнтры яе абавязкова заўважыш яркую паштовую скрыню. На ёй напісаны дакладны адрас Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы. І менавіта адсюль тысячы мар у канвертах адпраўляюцца ў яго снежную сядзібу.
Адна з тых, хто кожны год піша лісты Дзеду Марозу — васьмігадовая Аліна Бабіна, якую мы сустрэлі на паштамце разам з мамай Вольгай. Дзяўчынка кажа, што белавежскі чараўнік яшчэ ніколі не падманваў яе і заўсёды выконваў просьбы. Напрыклад, летась ён падарыў Аліне снегакат.
Пра тое, чаго пажадала дзяўчынка сёлета, мы выпытваць не сталі, бо ўсім жа вядома, што пра жаданні нельга казаць уголас — іначай цуды не здзейсняцца.
Зрэшты, для таго, каб напісаць ліст у пушчу, не абавязкова ісці на паштамт (хоць гэта і надае дзеі ўрачыстасці ды чароўнасці). Ён дойдзе, нават калі вы апусціце яго ў любую іншую паштовую скрынку (галоўнае — правільна напісаць адрас), проста з паштамта ён адправіцца хутчэй, бо гэтыя пісьмы не трэба будзе сартаваць.
«Белпошта» дапамагае не толькі даставіць дзіцячыя мроі да Дзядулі, але і здзейсніць адваротнае: перадаць ад яго пажаданні і падарункі. Для гэтага ёсць спецыяльныя сэрвісы. У любым паштовым аддзяленні, у паштальёна, а ў гэтым годзе яшчэ і на сайце альбо на плацежна-даведачным тэрмінале ў аддзяленні сувязі можна выбраць адзін з прапанаваных варыянтаў навагодніх віншаванняў ад Дзеда Мароза. Напрыклад, сёлета традыцыйна прыгожа аздоблены ліст можна дапоўніць цікавай кніжкай з малюнкамі, галаваломкамі, расфарбоўкамі, рэцэптамі, і да яе можна дадаць адну з цацак на выбар. Паколькі наступны год будзе годам Казы (Авечкі), то і тэматыка падарункаў адпаведная — пенал у выглядзе забаўнай авечкі, такі ж заплечнічак альбо проста мяккая цацка-авечка.
[caption id="attachment_64853" align="alignnone" width="600"] [4] Адказнае імгненне — пісьмо да Дзеда Мароза апускаецца ў паштовую скрынку.[/caption]
— Традыцыя далучаць да віншаванняў падарункі ўжо даўняя. Кожны год мы прапануем розныя варыянты: укладвалі і розныя цацкі, і цукеркі. Мы бачым, як актыўна людзі заказваюць падарункі, значыць, ім гэтая ідэя падабаецца, — адзначыла начальнік упраўлення маркетынгу «Белпошты» Наталля ФЕДАРЭЦ.
Выбраўшы падарунак, трэба пазначыць, для каго ён, напісаць адрас адпраўніка, аплаціць і чакаць: напярэдадні свята ён будзе дастаўлены. Дарэчы, перавага інтэрнэт-заказу на сайце «Белпошты» не толькі ў тым, што ўсю аперацыю можна зрабіць, не выходзячы з дому, але яшчэ і ў тым, што ў інтэрнэце ёсць магчымасць заказаць менавіта імянное віншаванне. Гэта значыць, што ў сваім лісце Дзед Мароз звернецца да дзіцяці па імені. Адзінае, часу на роздум — заказваць падарунак ці не — застаецца зусім мала: прыём заказаў на пошце спыніцца з 22 снежня. Ды і прапанова абмежаваная: цацак з кожным днём становіцца ўсё менш.
Сканвертуюць і адправяць
Паколькі віншаванні ад Дзеда Мароза — справа сур'ёзная і патрабуе вялікай адказнасці, на пошце існуе цэлы асобны цэх, дзе іх прыгожа пакуюць і рассылаюць адрасатам. Варта адзначыць, што тут, на ўчастку гібрыднай пошты, займаюцца не толькі святочнымі лістамі з пушчы, але афармляюць іншыя пісьмы, напрыклад, рэкламу, карпаратыўныя віншаванні. Штомесяц праз гэты цэх праходзіць больш за тры мільёны адпраўленняў пісьмовай карэспандэнцыі, а напярэдадні Новага года гэтая лічба павялічваецца працэнтаў на 20%.
Аднак вернемся да пісьмаў ад добрага чараўніка. Пасля таго, як зроблены заказ на такое віншаванне, ён адпраўляецца з сервера на спецыяльны прынтар, усталяваны тут, у цэху. Прыгожа аформленыя аркушы з напісаным на іх тэкстам раздрукоўваюцца, кладуцца на спецыяльны канвеер, на якім аўтаматычна складваюцца асаблівым чынам (каб імя і адрас атрымальніка было відаць праз спецыяльнае празрыстае «акенца», зробленае ў канверце) і пакуюцца непасрэдна ў самі канверты. Затым упакаваныя лісты перадаюцца ў цэх пісьмовай карэспандэнцыі для іх адпраўкі па месцах прызначэння.
— Першыя віншаванні для далёкага замежжа і па краінах СНД ужо адпраўлены, а лісты па Беларусі яшчэ чакаюць свайго часу. Арыентуючыся на леташнія аб'ёмы, сёлета плануецца апрацаваць такім чынам каля 10 тысяч лістоў ад Дзеда Мароза, — распавяла начальнік участка гібрыднай пошты і распаўсюджвання рэкламы Алена ПАЎЛЮЧЭНКАВА.
Але з гэтай работай у цэху лёгка спраўляюцца: за суткі канвертавальная лінія можа апрацоўваць больш за 300 тысяч канвертаў. Максімальная хуткасць працы абсталявання — 12 тысяч адпраўленняў за гадзіну (па сутнасці, за такі перыяд можна аформіць усе «дзедамарозаўскія» лісты!), аднак, як правіла, канвеер працуе на сярэдніх паказчыках, апрацоўваючы за гадзіну восем тысяч пісьмаў.
[caption id="attachment_64854" align="alignnone" width="600"] [5] Участак, дзе рыхтуюць да перасылкі віншавальныя пісьмы ад Дзеда Мароза. За дзейнасцю аўтаматычнай лініі сочыць брыгадзір Дзяніс Купрыяненка.[/caption]
Чым парадуе кірмаш?
Традыцыйна на Галоўпаштамце працуе і перадсвяточны кірмаш. Тут прадаецца безліч (стэлажы шчыльна застаўлены ад верху да нізу!) прыгожа аздобленых паштовак і канвертаў на калядна-навагоднюю тэматыку. І бліскучыя, і матавыя, і рыфленыя, і гладкія, і стракатыя, і аднатонныя... Больш за 1000 сюжэтаў, розных формаў (карткі, двайныя паштоўкі, з вершаванымі пажаданнямі і без), розных памераў, колераў... На рускай, на беларускай мове... Не дзіва, што пры такім шырокім выбары наплыў пакупнікоў тут не змяншаецца ні ўдзень, ні ўвечары. Кожны можа падысці, пакруціць паштоўкі ў руках, пачытаць віншаванні і выбраць на свой густ.
Сярод людзей, што аглядаюць стэлажы, заўважаю маладую дзяўчыну. Ірына Курто выбірае паштоўкі, каб даслаць іх бацькам і сябрам, якія жывуць у іншым горадзе. Некалькі картак ужо падабрала.
— Выбар тут вельмі добры, хочацца пераглядзець усе! — адзначае яна. — Але я ў першую чаргу чытаю віншаванні.
— Я таксама хачу, каб напісаныя словы супадалі з маімі пажаданнямі, — праходзячы паміж стэлажамі, кажа сівавалосы мужчына, які прадставіўся Генадзем Адамовічам. Спадар Генадзь шукае паштоўкі, каб павіншаваць родных.
— Я заходзіў у іншыя аддзяленні сувязі, але самы шырокі асартымент, асабліва паштовак са святам Божага Нараджэння, тут.
А па-за межамі кірмашу за столікамі некалькі пажылых жанчын, ужо набыўшы віншавальныя карткі, старанна выводзяць адрасы на прыгожых навагодніх канвертах.
— Я дасылаю віншаванні ў Бельгію! — не чакаючы майго пытання, паведамляе адна з жанчын.
Паказваючы канверт з паштоўкай, Валянціна Іосіфаўна Лянгіновіч ахвотна распавядае, што віншуе дачку, якая туды выйшла замуж, і яе сям'ю. Галоўнае зычанне — каб яны жылі ў сваёй кватэры, бо цяпер здымаюць дом.
— А гэта — сватам маім, — паказваючы яшчэ адзін прыгожа аздоблены канверт, працягвае жанчына. — Выбрала тут самыя лепшыя паштоўкі!
Апроч такой віншавальнай прадукцыі, на кірмашы ёсць і яшчэ адзін сапраўды эксклюзіўны падарунак. Напэўна, многія ў дзяцінстве стваралі сабе розныя «дамкі»: на прыродзе — усемагчымыя буданы, а дома — пісьмовыя сталы, завешаныя коўдрай. Унутры іх было так утульна сядзець з любімымі цацкамі ці чытаць кніжкі... І вось «Белпошта» стварыла і выставіла ў продаж сапраўдны Дом мары! Ён з кардону, 197 см у вышыню, белага колеру з чорнымі контурамі — для таго, каб яго можна было расфарбаваць так, як спадабаецца дзіцяці. Можна гэта рабіць і алоўкамі, і фламастарамі, і фарбамі, і крэйдай... Поўная прастора для творчасці!.. Дарэчы, кошт такога дамка зусім дэмакратычны — менш за 200 тысяч рублёў.
Дзіяна СЕРАДЗЮК
Фота Яўгена Пясецкага.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/dziyana-seradzyuk
[2] https://zviazda.by/be/z-zhyccya
[3] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/12/17-27.jpg
[4] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/12/17-28.jpg
[5] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/12/17-29.jpg