Сённяшняя пошта прапаноўвае шмат разнастайных паслуг, аб некаторых не ўсе, напэўна, і ведаюць. Па звычцы, прыходзяць купіць канверт, атрымаць пасылку, заплаціць за мабільны тэлефон, заказаць «Віншаванне ад Дзеда Мароза»... Так хутка мяняецца ўсё навокал, што чалавек часам не паспявае асэнсаваць тыя змены і зразумець ад іх карысць. Аб тым, чым могуць скарыстацца кліенты пошты, нагадвае дырэктар Магілёўскага філіяла РУП «Белпошта» Алена Котава.
— Мы заўсёды імкнёмся працаваць на апярэджанне патрэб спажыўца і павышэнне якасці абслугоўвання насельніцтва. Сярод сёлетніх навінак — перасылка адпраўленняў «1 клас», якая дазваляе даставіць простую пісьмовую карэспандэнцыю ў паўтара раза хутчэй, чым звычайная пошта. Укаранёна паслуга «Паштовае адпраўленне «Камфорт», калі адрасат сам можа выбраць найбольш камфортныя для яго час, адрас і спосаб дастаўкі. Адпраўнік, у сваю чаргу, атрымае SМS-паведамленне, як толькі пасланне будзе ўручана.
У апошні час нашы кліенты маюць магчымасць атрымаць па сістэме ААІС (агульнадзяржаўная аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма) звесткі аб маёмасці, інфармацыю аб запазычанасці за жыллёва-камунальныя паслугі, паслугі сувязі, даведацца аб камерцыйных пазыках.
Шматлікія прадпрыемствы і арганізацыі ахвотна карыстаюцца паслугай «Прамая паштовая рэклама». Іх рэкламныя матэрыялы дастаўляюцца проста ў паштовыя скрынкі насельніцтва і прадпрыемстваў вобласці.
Юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам мы прапаноўваем паслугу «POST-transіt» («Паштовы транзіт»), у адпаведнасці з якой дастаўка тавараў і грузаў у любы населены пункт краіны ажыццяўляецца па прынцыпе «ад дзвярэй да дзвярэй». Прапануем скарыстацца пакетамі паслуг «ДУЭТ» і «ДУЭТ+». Гэта вельмі зручны спосаб перадачы дакументаў або таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў у межах краіны з афармленнем укладзеных дакументаў, а таксама вяртанне іх адпраўшчыку. А пакет паслуг «ДУЭТ+» дадаткова дазваляе перасылаць адпраўленні накладной платай.
— А якія магчымасці ў кліентаў, што карыстаюцца паслугамі перасоўных аддзяленняў паштовай сувязі? І наогул, як гэта ўспрымаецца на вёсцы?
— Насельніцтва пачынае разумець, наколькі зручна карыстацца паслугамі перасоўнай пошты, бо паштовы аўтамабіль з'явіўся нават у тых вёсках, дзе раней стацыянарнай пошты не было. Перасоўныя аддзяленні паштовай сувязі абсталююцца на базе аўтамабіляў павышанай праходнасці. У іх кузавах размяшчаюцца спецыяльная камп'ютарная сістэма, счытвальнік банкаўскіх плацежных карт, мадэм, электронныя вагі. Усё гэта дазваляе прадстаўляць поўны пералік паслуг на якасным узроўні... Безумоўна, мы не дамагліся б добрых вынікаў без сумленнай працы нашага калектыву. Імідж прадпрыемства фарміруюць паштальёны, аператары і начальнікі аддзяленняў паштовай сувязі. Хачу падзякаваць ім за адданасць агульнай справе. Няхай вашы веды і прафесіяналізм і надалей садзейнічаюць росквіту нашага філіяла.
Нэлі ЗІГУЛЯ.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya
[2] https://zviazda.by/be/z-zhyccya
[3] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/12/17-26.jpg