Фігуры, якія лятаюць, талісманы ў выглядзе цацак і махляры за сталом у клетку... Ланіта СЦЯЦКО, шматразовы прызёр першынства краіны па шахматах, член нацыянальнай зборнай, распавяла пра сваё галоўнае захапленне і правяла для нашых чытачоў займальную экскурсію па шахматным закуліссі.
Узрост — не галоўнае
— Першы мат я паставіла свайму дзядулю. Менавіта ён і стаў маім першым сапернікам. У дзяцінстве мне спадабалася спаборнічаць і перамагаць менавіта хлопчыкаў. А зараз у агульным рэйтынгу я нават абыходжу тых, хто па ўзросце набліжаецца да маіх бацькоў. І я заўважыла, што многія дарослыя моцна засмучаюцца, калі ўступаюць мне. Пры гэтым яны ведаюць, што я добра гуляю, але ўсё роўна эмацыянальна ўспрымаюць паражэнне. Нядаўна ў Мінску праходзіў нацыянальны спартыўны фестываль «Мова Кап». І да мяне на сеанс адначасовай гульні прыйшоў мужчына-аматар, які хацеў згуляць выключна са мной. Як высветлілася, яму проста было цікава, ці здолею я яго перайграць.
У дзяцінстве даволі шмат даводзілася сутыкацца з негатыўнай рэакцыяй у дачыненні да шахмат. У маіх аднакласнікаў на гэты конт быў свой погляд. Мне казалі, што я не падобная да шахматыстаў. І пакуль не прынесла ў школу свае медалі і фотаздымкі, мне ніхто не верыў. У дзяцінстве я яшчэ займалася фігурным катаннем. Праўда, лепшыя вынікі ў мяне былі менавіта ў шахматах, а таму і вырашыла сканцэнтравацца на гэтым відзе спорту.
Спартыўны дух у мяне заўжды быў на належным узроўні. І мне час ад часу бывае вельмі крыўдна за паражэнні. У дзяцінстве шмат плакала. Маці пастаянна супакойвала, але я часам ні з кім не размаўляла, зачынялася ў сваім пакоі. У мяне былі два выпадкі, калі на чэмпіянаце Беларусі сярод дзяўчат я ішла на першым месцы з даволі значным адрывам, але ў выніку двойчы ўступала сваёй саперніцы. Норму жаночага гросмайстра я выканала, засталося толькі павысіць свой рэйтынг і тады ўжо можна будзе афармляць дакументы для атрымання вышэйшага шахматнага звання.
Ці можна гэтым зарабіць на жыццё?
— Кожны год удзельнічаю ў пяці-шасці міжнародных спаборніцтвах. Я вочна вучуся ў Інстытуце бізнесу і менеджменту тэхналогій БДУ, і выкладчыкі, безумоўна, ведаюць пра мае ад'езды. У спартсменаў-студэнтаў нават ёсць індывідуальны план, згодна з якім яны з-за спаборніцтваў і трэніровак могуць прапусціць пэўную колькасць заняткаў. «Хвастоў» раней не было, а на апошніх курсах, калі пачала больш актыўна спаборнічаць, яны, на жаль, з'явіліся. Праўда, калі выкладчыкі даведваюцца, што я шахматыст, ставяцца да мяне інакш, чым да тых жа футбалістаў. Напэўна, думаюць, што калі дзяўчына гуляе ў шахматы, значыць, нешта разумее.
Што да фінансаў, раней часта прыходзілася на міжнародныя спаборніцтвы ездзіць за сямейныя грошы, цяпер усё аплачвае Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па шахматах і шашках. Заробак ад Міністэрства спорту і турызму ў нас атрымліваюць толькі члены нацыянальнай зборнай, але ў Беларусі ёсць шахматысты, якія зарабляюць на жыццё выключна спортам. Пры гэтым праблем з фінансаваннем хапае, бо шахматы не ўваходзяць у алімпійскую праграму. Многія дзяўчаты заканчваюць шахматную кар'еру, калі нараджаюць дзяцей. Я яшчэ планую пагуляць некалькі гадоў, а пасля збіраюся паспрабаваць сябе ў іншай сферы.
выйграў — атрымай ферзем у лоб
— Паміж намі ходзіць такі жарт: калі заснеш за сталом, то павалішся і вока фігурай праб'еш. Аднойчы я бачыла, як чалавек прайграў і пачаў саперніка закідваць фігурамі, спрабаваў біць яго дошкай... Дарэчы, дыскваліфікаваць могуць не толькі за паводзіны, але і за наяўнасць у цябе мабільнага тэлефона. Тлумачыцца гэта тым, што праз яго табе могуць падказаць шахматныя хады. Нядаўна выйшлі новыя правілы, якія забараняюць праносіць тэлефоны нават у гульнявую зону. Іх абавязкова трэба здаваць суддзям. Махляры сярод шахматыстаў таксама сустракаюцца. І далёка не заўсёды атрымліваецца даказаць іх віну.
Лепшы стымул для перамогі — футбол
— Шахматысты таксама маюць свае забабоны. Нехта з сабой заўжды носіць ручку для запісаў хадоў, у якой ужо скончылася чарніла, або апранае на спаборніцтвы аднолькавыя кашулі, не голіцца, ставіць каля сябе цацку-талісман, слухае перад партыямі музыку, чытае кніжкі. Ці веру ў шахматныя сны? Ды я ў сне вырашыла сапраўдную задачу! Мы неяк на зборах ніяк не маглі справіцца з адным практыкаваннем. Дык прыйшлося рашаць яго менавіта ў сне. Але гэта ўсё з-за нервовага напружання. Падчас турніраў мне заўжды сніцца нешта падобнае.
Мая самая цяжкая гульня працягвалася пяць з паловай гадзін. І падобныя партыі — не рэдкасць. Зразумела, падчас гульні я магу стаяць, прагульвацца, але на шостай гадзіне галава проста перастае працаваць. Часам сапраўды пачынаеш думаць аб тым, што хочацца спаць, есці, а дома чакае смачная вячэра. Прыходзіцца хутка прыводзіць сябе ў тонус. Аднойчы хацела хутчэй скончыць партыю, каб паспець убачыць футбольны матч паміж «Барселонай» і маім любімым мадрыдскім «Рэалам». Бачыла, што павінна перамагаць, але сапернік змагаўся да апошняга. А я сядзела і думала: «Божа, ды калі ты ўжо здасіся?! Мне яшчэ на трансляцыю паспець трэба!». У выніку прыехала ў гасцініцу перад самым пачаткам матча. Дарэчы, «Рэал» тады таксама перамог.
Тарас ШЧЫРЫ.
Выбіралі паміж Машай і Ланітай
— Імя мне прыдумала маці. Праўда, яна спачатку хацела назваць мяне Машай, але бацька адмовіўся. Вось тады ўсе і спыніліся на Ланіце, выбралі скарочаны варыянт Лана. Што яно азначае? Ланіты — гэта шчокі па-стараруску. Раней гэтага таксама не ведала, аднак пасля пачала заўважаць, што слова даволі актыўна ўжываецца ў літаратуры.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/taras-shchyry
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/12/18-8.jpg
[4] https://zviazda.by/be/tags/sport