Вучоныя БДУ прапанавалі ўнікальную распрацоўку па ліквідацыі аварыйных разліваў нафты і нафтапрадуктаў на паверхні акваторый і сушы і ачышчэння паверхневых і сцёкавых вод ад напластаванняў нафты і нафтапрадуктаў.
«Лігнасорб» створаны ў Навукова-даследчым інстытуце фізіка-хімічных праблем БДУ. Яго распрацоўшчыкамі сталі супрацоўнікі лабараторыі раствораў цэлюлозы і прадуктаў іх перапрацоўкі. Навукова-даследчая праца выконвалася пад кіраўніцтвам загадчыка лабараторыі, доктара хімічных навук прафесара Дзмітрыя Грыншпана.
Сарбент «Лігнасорб» вырабляецца ў выглядзе парашку з буйнатанажных адходаў гідролізнай вытворчасці. У нашай краіне сыравінай для вытворчасці «Лігнасорбу» з'яўляюцца адходы Рэчыцкага і Бабруйскага гідролізнага заводаў.
«Лігнасорб», у адрозненне ад іншых прыродных сарбентаў, не патрабуе дадатковых выдаткаў на здабычу і перавозку, не тоне разам з нафтай, а ператварае яе ў цвёрдае высокакаларыйнае паліва. Сарбент прызначаны таксама для ўтылізацыі адпрацаваных індустрыяльных і раслінных алеяў шляхам ператварэння іх у экалагічна бясшкодныя гранулы або брыкеты, якія лёгка спальваюцца ў звычайных печах для цвёрдага паліва.
Новая распрацоўка навукоўцаў БДУ прызначана для прымянення ў хімічнай і нафтавай прамысловасцях, а таксама пры аварыйных сітуацыях.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/navuka