Наша краіна ўваходзіць у першую дзясятку па колькасці разводаў у свеце. Часцей за ўсё распадаюцца маладыя сем'і, якія пражылі ў шлюбе менш за чатыры гады. Уступаць у шлюб маладыя людзі не баяцца, але, сутыкнуўшыся з некаторымі цяжкасцямі сямейнага жыцця, хутка вырашаюць развесціся.
Больш моцнымі лічацца сем'і, якія прытрымліваюцца рэлігійных традыцый. Сёння Беларуская праваслаўная царква вядзе мэтанакіраваную працу па распаўсюджванні традыцыйных сямейных каштоўнасцяў. Адным з самых актыўных святароў, якія працуюць у гэтым кірунку, з'яўляецца кіраўнік Цэнтра аховы мацярынства і сямейных каштоўнасцяў іерэй Дзмітрый ГРЫЦЭНКА. Святар расказаў аб тым, у чым ён бачыць пагрозу сучаснаму інстытуту сям'і і якія парадоксы звязаныя са шматдзетнымі сем'ямі.
— На жаль, калі паглядзець на сучасную статыстыку разводаў у Беларусі, то адразу становіцца ясна, што ўмацоўваць сямейныя каштоўнасці проста неабходна.
Сёння ў кожнай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы прызначаны святар, які працуе ў кірунку абароны жыцця, мацярынства і сямейных каштоўнасцяў. Гэта значыць, што праца вядзецца ў царкве сістэмна і ўжо не адзін год.
У першую чаргу — гэта шматгранная праца з моладдзю. Мы стварылі спецыяльныя відэаматэрыялы і праводзім лекцыі, гутаркі, круглыя сталы з падрастаючым пакаленнем. Таксама ладзім тэматычныя выставы, фестывалі, конкурсы... Напрыклад, створана мабільная выстава «Чалавечы патэнцыял Айчыны: традыцыйная маральнасць і сямейныя каштоўнасці». У некаторых прыходах працуюць спецыяльныя крызісныя цэнтры для цяжарных жанчын, а таксама для сямей, якія маюць патрэбу ў матэрыяльнай ці духоўнай дапамозе.
— Якая, на ваш погляд, галоўная пагроза сучаснаму інстытуту сям'і?
— Адну з самых галоўных пагроз — не толькі сям'і, але і ўсяму грамадству — уяўляе сучасная форма сужыцця, так званы «грамадзянскі шлюб», «пробны шлюб» ці «шлюбападобныя адносіны», а таксама страта цнатлівасці маладымі людзьмі да ўступлення ў зарэгістраваны шлюб.
Каханне — гэта ў першую чаргу адказнасць. У грамадзянскім сужыцці «муж і жонка» трымаюць сябе на дастатковай адлегласці адно ад аднаго, жывуць на агульнай тэрыторыі, але быццам бы з адкрытымі дзвярамі, каб заўсёды была магчымасць збегчы.
Як правіла, для жанчыны «грамадзянскі шлюб» — гэта ілюзія сям'і, а для мужчыны — гэта ілюзія свабоды. Вельмі паказальныя ў гэтым сэнсе звесткі, атрыманыя расійскімі сацыёлагамі: 90% жанчын у сужыцці лічаць сябе жонкамі, а 87% іх сужыцеляў лічаць сябе... халасцякамі!
— Але многія маладыя людзі мяркуюць, што «грамадзянскі шлюб» дае магчымасць не толькі паспрабаваць сябе ў ролі мужа ці жонкі, але і ўпэўніцца ў тым, што выбраны партнёр падыходзіць да сямейнага жыцця...
— Іншымі словамі, маладыя людзі проста праводзяць эксперымент. Але самае дрэннае, што такія эксперыменты нярэдка канчаюцца абортамі...
У ЗША яшчэ ў 1996-м Біл Клінтан зацвердзіў дзяржаўную праграму выхавання — «устрымання» да шлюбу сярод «элітнай моладзі». Амерыканскія спецыялісты па сямейным выхаванні, звяртаючыся да маладых людзей, кажуць ім: «Што вы выбіраеце? Шчаслівую сям'ю адзін раз на ўсё жыццё, нараджэнне здаровых дзяцей або частую змену партнёраў, разводы, нараджэнне дзяцей з паталогіямі? Сцэнарый вашага будучага жыцця залежыць ад таго, ці захавалі вы чысціню, цнатлівасць да ўступлення ў шлюб».
Згодна з іх даследаваннямі 85% і больш дзяўчат, якія ўступілі ў шлюб цнатлівымі, у будучыні захоўваюць свой шлюб. Калі ж дзяўчына мела хаця б аднаго палавога партнёра да шлюбу, нават калі гэта быў яе будучы муж, верагоднасць захавання яе будучага шлюбу зніжаецца да 50%. А калі дзяўчына не надавала значэння чысціні свайго ўнутранага свету, сваёй годнасці і прызначэнню, то верагоднасць захавання будучага шлюбу можа сысці да 0%. У гэтай праграме гаворыцца і пра тое, што «ўстрыманне» — адзіны надзейны спосаб пазбегнуць аборту, а таксама захворванняў, якія перадаюцца палавым шляхам і могуць прывесці да бясплоддзя.
Афармленне шлюбу — гэта выразнае прагаворванне таго, што пара з'яўляецца парай, а не проста часовым эксперыментам. Людзі, якія свядома ідуць на «невыразныя» адносіны, хутчэй за ўсё, не здабудуць устойлівасць і падстаўляюць сябе пад вялікую рызыку. Законны шлюб — гэта яшчэ і зацвярджэнне таго, што цяпер у пары ўсё агульнае: і каштоўнасці, і задачы, і выхаванне дзяцей. Два чалавекі становяцца агульным арганізмам. Даюць абяцанне быць разам не толькі ў эйфарыі і задавальненні, але і ў перыяды цяжкасцяў. А гэта вельмі важна.
— Якое дасягненне цэнтра вы лічыце галоўным у мінулым годзе?
— Мы шмат працавалі і працуем у кірунку стварэння станоўчага іміджу шматдзетнай сям'і ў свядомасці грамадства і моладзі. І, здаецца, нейкі рух пачаўся. Шматдзетнасць, на мой погляд, рэч парадаксальная і з'яўляецца прыкметай паспяховасці. Першы парадокс заключаецца ў тым, што дабрабыт сям'і паляпшаецца па меры нараджэння кожнага наступнага дзіцяці. Прыкладаў таму мноства. Самым неверагодным чынам з'яўляюцца жыллё, абстаноўка і неабходныя рэчы (нярэдка нават у лішку). Знаходзяцца памочнікі па гаспадарцы і добрыя ўрачы.
Другі парадокс — чым больш дзяцей, тым у бацькоў больш часу на іх і на сябе. Часта шматдзетная мама альбо зусім не працуе, альбо працуе дома, а значыць, не марнуе час на транспарт, не пакутуе ў гадзіны пік, не матляе нервы ў чэргах... Яна можа сустрэць дзяцей са школы, дапамагчы выканаць урокі, адвесці ў гурткі і г.д. Праз некалькі гадоў частку клопатаў можна ўжо даверыць старэйшым дзецям. Акрамя таго, дзіця не вісне штохвілінна на маме, бо ў яго пад бокам заўсёды ёсць кампанія братоў і сясцёр.
Ці вось, напрыклад, цікавае назіранне: шматдзетныя мамы (ды і таты) выглядаюць значна маладзейшымі за свае гады, прычым без усялякіх касметычных хітрыкаў. Здавалася б, і не высыпаюцца ўдосталь, і клопатаў па горла, і часу не хапае, а бацькі бадзёрыя і энергічныя — парадокс!
А вось яшчэ дзіўнае адкрыццё — чым больш дзяцей, тым лягчэй з імі ладзіць, іх выхоўваць, як, зрэшты, і сябе. Дарэчы, «цяжкі» ўзрост у падлеткаў са шматдзетных сем'яў праходзіць больш мякка, чым у іх аднагодкаў з сем'яў з адным ці двума дзецьмі.
Прычын тут некалькі. Па-першае, маючы рознаўзроставых дзяцей, бацькі лягчэй разумеюць асаблівасці дзіцяці, які становіцца дарослым чалавекам. Самім падлеткам лягчэй праяўляць сваю «даросласць», паколькі ў іх ужо ёсць свае цалкам сур'ёзныя абавязкі. Акрамя таго, у бацькоў проста няма часу на дробязныя прыдзіркі да падлеткаў. У аднадзетных сем'ях часам атрымліваецца, што на адно дзіця прыходзіцца шэсць(!) дарослых: мама, тата і іх бацькі. Такому падлетку застаецца толькі паспачуваць.
Праблем малодшых дзяцей у сапраўды вялікіх сем'ях, як правіла, не існуе. Да таго часу, калі апошняе дзіця застаецца самым малодшым, старэйшыя дзеці жэняцца ці выходзяць замуж і з'яўляюцца новыя малыя.
Дзеці, якія маюць добры досвед братэрскіх адносін у сям'і, як правіла, усюды «свае сярод сваіх». Яны больш адкрытыя, жыццярадасныя і не агрэсіўныя. Ім лягчэй пераадольваць свой эгаізм. Яны ўмеюць не толькі суперажываць іншаму, але і радавацца поспехам тых, хто побач. У выніку ўсё гэта дапамагае ім пабудаваць уласнае сямейнае жыццё.
Ёсць яшчэ адзін вялікі плюс шматдзетных. Рэлігійна-маральны закон гаворыць, што дзеці абавязаны клапаціцца пра сваіх бацькоў, калі тыя становяцца нямоглымі. А калі братоў і сясцёр шмат, то разам ім значна лягчэй дапамагаць не толькі састарэлым мамам і татам, але і адзін аднаму ў выпадку нейкіх жыццёвых нягод.
Я не сцвярджаю, што шматдзетнасць сама па сабе пазбаўляе ад праблем. Зусім не. Наяўнасць дзяцей — гэта не самамэта. Напэўна, цалкам можна быць багатым, здаровым, шчаслівым і з адным дзіцем, і нават без дзяцей. Але пры іншых роўных умовах сем'і з некалькімі дзецьмі ў выніку выйграюць і ў маштабе свайго роду, і ў маштабе сваёй Айчыны.
— Падзяліцеся планамі на бягучы год?
— У сацыяльнай дзейнасці нашай царквы ёсць прыклад, калі адзін святар зачыніў два дзіцячыя дамы. Як ён гэта зрабіў? Адкрыў сайт з відэаролікамі пра кожнае дзіця, і літаральна за некалькі месяцаў дзяцей разабралі па прыёмных сем'ях. Дзіця павінна расці ў сям'і! І гэта выклік у першую чаргу людзям, якія лічаць сябе вернікамі. Да рэвалюцыі дзіцячых дамоў у нас не было. Малых, якія засталіся сіротамі, забіралі родныя ці размяркоўвалі ў сем'і. Задача царквы сёння — паказаць прыклад у гэтай добрай, важнай і неабходнай справе. І мы будзем рабіць усё, што ў нашых сілах, каб выхаваць у людзях разуменне, што дзіця не павінна расці без любові.
Наталля ТАЛІВІНСКАЯ
— Ужо некалькі гадоў запар грамадзянскія арганізацыі праводзяць Дзень бацькі. Але пакуль гэта неафіцыйнае свята...
— Я заўсёды падтрымліваў і буду падтрымліваць гэту традыцыю. Дзень бацькі афіцыйна адзначаюць у многіх еўрапейскіх краінах. Сёння, як ніколі раней, нашай краіне неабходны прыклад годнага мужчыны і бацькі, які пабудаваў дом, выгадаваў дзяцей і сумленна працуе. Спадзяюся, што калі свята стане афіцыйным, то да яго будзе прывязаны менавіта такі станоўчы вобраз. Гэта будзе адзін крок да ўсведамлення мужчынамі таго, што дзяцей і жонак, за якіх ён нясе адказнасць, кідаць сорамна, што нельга падманваць сваіх любімых і паказваць ім дурны прыклад — гэта нікому не прынясе ні радасці, ні карысці.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/natallya-talivinskaya
[2] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/02/5-32.jpg
[3] https://zviazda.by/be/tags/syameynaya-gazeta