На выязным пасяджэнні прэзідыума Брэсцкага гарадскога Савета дэпутаты знаёміліся з работай спартыўных і спартыўна-аздараўляльных аб'ектаў абласнога цэнтра. Іх у 300-тысячным горадзе нямала. Усяго налічваецца 604 спартыўныя збудаванні розных формаў уласнасці.
Чатыры стадыёны, два манежы, вяслярны канал, лядовы палац, палац водных відаў спорту — асабліва значныя аб'екты. Але не менш важнымі ўяўляюцца для горада, напрыклад, 17 міні-басейнаў і невялікія спартыўныя залы, дзе фізкультурай і спортам займаецца 68,5 тысячы гараджан.
Дэпутаты звярталі асаблівую ўвагу на тыя аб'екты, якія недастаткова загружаны. Народныя выбраннікі прыйшлі да высновы, што некаторыя палацы і комплексы саступаюць у маркетынгавай дзейнасці. Так, для прадпрыемстваў і арганізацый можна выкарыстоўваць гнуткую сістэму зніжак на абанементы, а таксама варта значна прыбавіць у справе рэкламы сваіх паслуг. Таксама дэпутаты абмеркавалі магчымасць узвядзення ў зарэчным мікрараёне лазні. Гэты пункт значыцца як наказ выбаршчыкаў у нататніках многіх народных выбраннікаў.
Яна СВЕТАВА.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/yana-svetava
[2] https://zviazda.by/be/syamya-moladz-demagrafiya
[3] https://zviazda.by/be/tags/myascovae-samakiravanne