Да 70-годдзя Перамогі заслужаная артыстка Беларусі Надзея Мікуліч падрыхтавала песню «Губны гармонік» Уладзіміра Пецюкевіча і Дзмітрыя Даўгалёва. Эмацыйна напружана спявачка ўзнаўляе абставіны пасляваеннай рэчаіснасці, адлюстроўвае лёс дзяцей, якіх бязлітасна асіраціла вайна.
Новы вакальны твор выступае глыбаказначным сімвалам у дзейнасці папулярнай артысткі. Яна часта ўключае ў акампанемент губны гармонік, які разам з гітараю стварае даверліва-душэўную атмасферу. Цяпер гэты музычны інструмент у песні становіцца аб'ектам увагі і выклікае разнапланавыя быццёвыя асацыяцыі.
Сямейны духавы інструмент прыносіць усхваляваную радасць хлапчуку (і ён не стрымлівае пачуццяў, нібы ўсхліпваючы, узрушана паўтарае «губны гармонік, «губны гармонік»), дае яму суцяшэнне пры адчуванні незагойнага болю — страты бацькі. Але губны гармонік прыйшоў з вайны, з рук тых людзей, якія з ім і са зброяй акупавалі наш край, неслі сюды гора, смерць, слёзы. Гэты невялікі інструмент увабраў у сябе мноства перажыванняў — і пачуцці жаццярадасных сямейнікаў, і агрэсіўную недальнабачнасць акупантаў, і непасрэдную дзіцячую радасць. Таму ён і ўзвышаецца над грамадою і яму належыць высокая місія ў ёй — быць ВЕСНІКАМ БУДУЧЫНІ. Яго музыка абуджае і прасвятляе духоўны стан людзей, заклікае іх быць міратворцамі, стваральнікамі.
Верш Уладзіміра Пецюкевіча
Музыка Дзмітрыя Даўгалёва
На гармоніку я граю, на губным,
Як трафей, яго я маю з той вайны.
З той вайны, што майго бацьку ўзяла.
З той вайны, якую маці пракляла.
Мой гармонік грае хвацка, мой губны,
Мне яго прынёс мой дзядзька з той вайны.
З той вайны іду, задумны, па жыцці,
З той вайны іду, іду я — не прыйсці.
Мой гармонік людцаў будзіць, мой губны:
— Не дапусцім, не дапусцім той вайны.
Той вайны, што хочуць злыдні развязаць,
Той вайны, што ўсім Хатынню можа стаць!
Падрыхтаваў Міхась ШАВЫРКІН
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kultura
[2] https://zviazda.by/be/kultura-0
[3] https://zviazda.by/be/tags/kultura
[4] https://zviazda.by/be/tags/mihas-shavyrkin-0