Ёсць меркаванне, што сваё добрае імя і аўтарытэт у грамадстве настаўнікам трэба тэрмінова аднаўляць. Што імідж педагога залежыць не толькі ад узроўню матэрыяльнага дабрабыту, але, найперш, ад таго, наколькі сам педагог адпавядае патрэбам часу: ад яго здольнасці выходзіць за межы традыцыйных падыходаў і стэрэатыпаў, ад крэатыўнасці і эрудыцыі, ад умення вучыцца і вучыць гэтаму сваіх вучняў. Бо настаўнік перастае быць настаўнікам, калі перастае быць вучнем. А проста любіць дзяцей — недастаткова...
У вышэйшых навучальных установах, якія рыхтуюць педагагічныя кадры, набліжаецца да завяршэння размеркаванне. Журналісты «Звязды» наведалі Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка ў той дзень, калі ўніверсітэцкая камісія размяркоўвала выпускнікоў чатырох спецыяльнасцей фізіка-матэматычнага факультэта: будучых настаўнікаў фізікі, матэматыкі, інфарматыкі і тэхнічнай творчасці. Што адразу кідалася ў вочы, дык гэта вялікая колькасць сярод выпускнікоў «факультэта дакладных навук». Ці затрымаюцца яны ў сістэме адукацыі надоўга?
17-36
На радзіму...
— Усяго ў нас размяркоўваюцца сёння 133 чалавекі, у тым ліку 18 «мэтавікоў», а заявак ад наймальнікаў паступіла 213, — уводзіць нас у курс справы дэкан фізіка-матэматычнага факультэта Уладзімір ШЫЛІНЕЦ. — Паколькі вучыцца на нашым факультэце няпроста, то да выпускнога курса, на жаль, дайшлі не ўсе: колькасць адлічаных (тых, хто не справіўся з універсітэцкай праграмай) аказалася даволі істотнай.
Першымі размяркоўваліся выпускнікі спецыяльнасці «Матэматыка. Інфарматыка» — усяго 71 чалавек. Камісія зачытвае прозвішча выпускніка і месца, якое прапануецца яму для размеркавання. Адразу становіцца зразумелым, што для выпускнікоў размеркаванне не з'яўляецца непрыемным сюрпрызам. Усе мінчане застаюцца ў Мінску. Прычым многія з выпускнікоў ведаюць і канкрэтную навучальную ўстанову, дзе яны будуць працаваць, бо адтуль на іх рабілі персанальны запыт. Некаторыя са студэнтаў ужо працуюць у гэтых установах або праходзілі там педагагічную практыку і спадабаліся свайму будучаму кіраўніцтву. Што цікава, для сталічных жыхароў важна не проста застацца ў горадзе, але і выбраць школу, блізкую ад дому. Напрыклад, двое з хлопцаў пажадалі працаваць абавязкова ў Ленінскім раёне сталіцы і запасліся персанальнымі запытамі...
А вось іншагароднія выпускнікі, як правіла, вяртаюцца на радзіму. За Мінск ніхто не трымаецца...
— Нясвіжскі раён, мэтавае накіраванне... Вяртаецеся з радасцю? — цікавіцца ў выпускніцы намеснік старшыні ўніверсітэцкай камісіі па размеркаванні, прарэктар па вучэбнай і інфармацыйна-аналітычнай рабоце Валерый ЗЕЛЯНКЕВІЧ.
— Так.
— Поспехаў вам!
— У Салігорскі раён размяркоўваецеся? Чаму, як не замужам, дык адразу ў Салігорск, бліжэй да шахцёраў? — жартуюць члены камісіі, падбадзёрваючы наступную выпускніцу.
У геаграфіі размеркавання фігуруюць Клецкі, Смаргонскі, Чэрвеньскі, Мядзельскі, Бабруйскі, Мінскі, Барысаўскі, Смалявіцкі, Дзяржынскі, Валожынскі, Вілейскі, Астравецкі, Маладзечанскі раёны.
— Ёсць пытанні? Пажаданні? Сумненні? Тады размяркоўваемся? — цікавяцца ў чарговага выпускніка прадстаўнікі камісіі.
Усе пяцікурснікі пагаджаюцца і пакідаюць свае подпісы ў ведамасці.
17-37
Пачуць кожнага
Адна дзяўчына родам з Гродна прызнаецца, што едзе за сваім маладым чалавекам. Камісія яе жаданне задавальняе. Другая выпускніца замест размеркавання ў Мінскі раён просіць размеркаваць яе ў Мінск — у школу ў Фрунзенскім раёне. Тлумачыць, што позна зрабіла рэгістрацыю ў сталіцы, але запыт са школы ў яе ёсць.
— Паколькі студэнтка ўжо працуе ў школе год, маладую настаўніцу ведаюць і дзеці, і калегі, то чаму б нам не пайсці ёй насустрач, — разважаюць члены камісіі.
Яшчэ адна выпускніца просіць замяніць размеркаванне ў Нясвіжскі раён размеркаваннем у Дзяржынскі раён. «Купцы», якія асабіста прысутнічаюць на размеркаванні, пацвярджаюць сваю зацікаўленасць, кажуць, што «ахвотна яе забіраем». І гэта просьба, агучаная адразу з двух бакоў, камісіяй задавальняецца.
А вось мінчанка Таццяна размяркоўваецца ў Чэрвеньскі раён. Кажа, што гэта яе асабісты свядомы выбар... Дзяўчына з Карэліцкага раёна размяркоўваецца ў жодзінскую школу. «А як жа ваша радзіма?» — цікавяцца ў яе члены камісіі. «На гэты раз без мяне...» — жартуе студэнтка. «Мы не супраць».
Цікава, што першым месцам працы маладых спецыялістаў стануць не толькі школы. Выпускнікі педагагічнага ўніверсітэта будуць працаваць таксама ў Мінскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы гандлю, машынабудаўнічым каледжы, механіка-тэхналагічным каледжы, у Цэнтры студэнцкай творчасці БДПУ, нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры «Зубраня», гарадскім адукацыйна-аздараўленчым цэнтры «Лідар», Мінскім палацы дзяцей і моладзі...
Мужчынскі калектыў — не праблема
Выпускніца спецыяльнасці «Фізіка. Інфарматыка» Наталля Сінкевіч размеркавалася ў Мінскі дзяржаўны ліцэй № 10 будаўнікоў. Цікавімся, ці будзе камфортна дзяўчыне працаваць у мужчынскім калектыве?
— Я выкладаю інфарматыку ў ліцэі ўжо другі год — універсітэт дазваляе студэнтам сумяшчаць вучобу і работу. Сапраўды, 90 працэнтаў маіх вучняў — гэта хлопцы: з 11 груп, у якіх я працую, дзяўчаты ёсць толькі ў дзвюх. Але я не бачу ў гэтым праблемы. Дапускаю, што многія з аднагрупнікаў, калі б апынуліся на маім месцы, не вытрымалі і збеглі б ад цяжкасцяў, але ў мяне баявы характар. Да таго ж мой наймальнік абяцае забяспечыць мяне жыллём у інтэрнаце і, адпаведна, рэгістрацыяй па месцы пражывання. Я сама не мінчанка, таму для мяне гэта важны бонус.
Хтосьці размяркоўваецца ўслед за мужам, таму ніякіх пярэчанняў з боку камісіі няма. Выпускніцы спецыяльнасці «Фізіка. Тэхнічная творчасць», у якой у Мінску ёсць сям'я і дзіця, таксама ідуць насустрач. Хоць планавых месцаў у сталіцы па яе профілі падрыхтоўкі пакуль няма, але яе ўсё ж такі размяркоўваюць у Камітэт па адукацыі ў Мінску. Яшчэ аднаму мінчаніну прапануюць размеркаванне або ў Камітэт па адукацыі (адкуль пакуль няма запытаў), або, калі ён пажадае, у Смалявічы, дзе яго рады будуць бачыць.
Выпускнікоў, якія разбіраюцца ў інфармацыйных тэхналогіях, ахвотна забірае і родны ўніверсітэт: працаваць інжынерамі-праграмістамі на кафедру інфарматыкі або ў Цэнтр па развіцці інфармацыйных тэхналогій (у аддзел электронных дакументаў). А ў аднаго з пяцікурснікаў першым працоўным месцам стане Галоўны інфармацыйна-аналітычны цэнтр Міністэрства адукацыі, дзе ён будзе займацца экспертызай электронных сродкаў навучання прыродазнаўча-навуковага цыкла.
— Вы там ужо працавалі? Тады поспехаў вам. Не падвядзіце, — кажуць свайму выпускніку члены камісіі.
«Найлепшых людзей аддаём, сярэдні бал 8,4», — гэта ўжо словы ў падтрымку студэнткі, якая размяркоўваецца ў адну з мінскіх школ.
«Ці падабаецца вам будучая работа?» — цікавіцца Валерый Зелянкевіч у наступнай студэнткі і чуе ў адказ: «Вельмі».
Але былі выпадкі, якія выбіваліся з агульнай карціны. Так, просьбу аднаго з выпускнікоў камісія катэгарычна адмовілася разглядаць. Справа ў тым, што замест таго, каб паехаць у Крупскі раён па дагаворы аб мэтавай падрыхтоўцы спецыяліста, студэнт вырашыў працаўладкавацца ў органы ўнутраных спраў.
— Мэтавая падрыхтоўка — гэта святое. Варыянт адзін — або адпрацаваць, або вяртаць грошы за ўсе гады навучання! — патлумачылі яму ў камісіі.
Яшчэ адзін студэнт паабяцаў прынесці ў рэзервовы дзень на сябе персанальны запыт, які пакуль не паспеў прыйсці з Гомеля. Таму рашэнне адправіць яго ў Стаўбцоўскі раён было адкладзена да 23 красавіка.
Знайшоўся і малады чалавек, які на размеркаванне ўвогуле не прыйшоў.
Хто ў дэфіцыце?
Начальнік аддзела кадраў БДПУ Валерый Алавяннікаў расказаў, што ў гэтым годзе на 721 выпускніка дзённай бюджэтнай формы навучання ўніверсітэт атрымаў 2289 заявак! Па некаторых спецыяльнасцях універсітэт забяспечвае патрэбу сваіх асноўных заказчыкаў — устаноў адукацыі Мінска і Мінскай вобласці — менш чым напалову. У іншыя рэгіёны размяркоўваецца невялікая колькасць выпускнікоў — ад 3 да 5 працэнтаў, паколькі ў кожным абласным цэнтры ёсць свае ўніверсітэты.
Яшчэ колькі гадоў таму самымі дэфіцытнымі ў сістэме адукацыі былі настаўнікі фізікі, матэматыкі, інфарматыкі, але сітуацыя кардынальна змянілася, і сёння катастрафічна не хапае настаўнікаў пачатковай школы і выхавальнікаў дашкольных устаноў. Так, на 134 выпускнікі факультэта дашкольнай адукацыі паступіла 778 заявак, а на 76 выпускнікоў факультэта пачатковай адукацыі было 340 заявак.
— Прашу заўважыць, што цяпер магчымасць працаўладкавання ў Мінску і абласных цэнтрах не залежыць ад наяўнасці рэгістрацыі ў гэтых населеных пунктах, а вызначаецца толькі самім наймальнікам, — падкрэслівае Валерый Алавяннікаў. — Мы нікому не адмаўляем у размеркаванні ў Мінск на той падставе, што чалавек родам з іншых месцаў. Гэта яго права. Выпускнікі самі ацэньваюць свае магчымасці на самастойнае дарослае жыццё ў сталіцы. Добра, калі наймальнік бярэ на сябе абавязацельства забяспечыць маладога спецыяліста жыллём. А калі ў яго няма такой магчымасці? І многія, цвяроза ацаніўшы свае шанцы, вяртаюцца на радзіму, бліжэй да бацькоўскага дому...
Адзін з прынцыпаў работы камісіі па размеркаванні — зрабіць усё для таго, каб працоўная дзейнасць выпускнікоў пачыналася ў максімальна камфортных для іх умовах. Натуральна, не парушаючы пры гэтым заканадаўства.
— Мы лічым, што перспектывы ўпісацца ў педагагічны калектыў і застацца ў сістэме адукацыі надоўга залежаць ад таго, расчыніла школа свае дзверы перад выпускніком або толькі прыадчыніла. Проста выдатна, калі выпускнік размяркоўваецца ў школу, дзе ён праходзіў педагагічную практыку або ўжо працаваў там настаўнікам, у камфортную псіхалагічную атмасферу. Гэта вельмі спрашчае адаптацыйны перыяд. Ва ўсіх выпускнікоў была магчымасць выбіраць з некалькіх варыянтаў, усё абдумаць з улікам сваіх сямейных абставінаў і прыняць найбольш узважанае рашэнне. Патэнцыяльныя наймальнікі выходзілі на кіраўніцтва факультэтаў, нагледжвалі для сябе будучых спецыялістаў, удзельнічалі ў папярэднім размеркаванні, спрабуючы зацікавіць студэнтаў выпускнога курса. А паколькі ёсць выбар, то і праблемы адсутнічаюць. Настаўнік — вельмі запатрабаваная прафесія. І яна будзе такой заўсёды.
Надзея НІКАЛАЕВА.
Фота Сяргея НІКАНОВІЧА.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/adukacyya
[3] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/04/17-36.jpg
[4] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/04/17-37.jpg