Найбуйнейшая сэрвісная кампанія ў нафтагазавым сектары «Шлюмбержэ» зацікаўлена ў супрацоўніцтве з беларускімі прадпрыемствамі ў сферы разведкі вуглевадародаў.
Перспектывы такога супрацоўніцтва прадстаўнікі геолагаразведачнай і нафтагазавай сферы краіны і кіраўніцтва расійскага падраздзялення кампаніі «Шлюмбержэ» абмеркавалі падчас сустрэчы ў Мінпрыроды.
Па словах міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэя Каўхуты, кампанія звярнулася ў Мінпрыроды з прапановай прымяніць свае тэхналогіі для павелічэння здабычы нафты і больш дэталёвага вывучэння радовішчаў вуглевадароднай сыравіны на тэрыторыі краіны.
Некаторыя беларускія прадпрыемствы ўжо маюць вопыт супрацоўніцтва з кампаніяй «Шлюмбержэ», але цяпер упершыню загаварылі аб комплексным, рэспубліканскім падыходзе да гэтай дзейнасці, з каардынацыяй усіх геалагічных арганізацый і службаў.
Прапаноў, што паступілі ад замежнай кампаніі, было шмат — ад прымянення ў Беларусі канкрэтных распрацовак кампаніі да стварэння спецыяльнай структуры, якая магла б супрацоўнічаць з замежнымі партнёрамі больш мэтанакіравана.
— Мы абмеркавалі пытанні супрацоўніцтва з кампаніяй, але пакуль не вызначыліся з яго формай, — адзначыў міністр. — Будзе створана рабочая група, якая падрыхтуе прапановы, наша бачанне супрацоўніцтва, і затым вызначыць яго фармат. У гэтым працэсе будуць задзейнічаны ўсе беларускія арганізацыі, якія займаюцца геолагаразведачнымі работамі, у тым ліку НПЦ па геалогіі, кампанія «Беларуснафта» і інш.
Па словах Андрэя Каўхуты, беларусам таксама ёсць што сказаць замежным калегам:
— Мясцовыя спецыялісты маюць дастаткова вялікі вопыт разведкі радовішчаў, які можа быць выкарыстаны для іншых тэрыторый свету. І мы бачым зацікаўленасць кампаніі да нашай працы.
Вераніка КОЛАСАВА
kolasava@zviazda.by
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/veranika-kolasava-1
[2] https://zviazda.by/be/energetyka
[3] https://zviazda.by/be/ekanomika-0