Амулет — прадмет, які звычайна насілі пры сабе. Яго асноўнае прызначэнне — засцерагаць чалавека ад нячыстай сілы, ад кепскага вока, сурокаў, хвароб.
* Нашы продкі выраблялі амулеты з воўчых або мядзведжых іклаў, поўсці або скуры гэтых драпежнікаў. Лічылася, што чалавека з такім абярэгам ніколі не кране ні лапа мядзведзя, ні ікол воўка.
* Надзейным амулетам лічылі кавалачак пупавіны або дзіцячай «сарочкі» — часткі каляплоднай тканкі, якая выходзіла разам з нованароджаным.
* З часоў пашырэння хрысціянства кола амулетаў значна пашырылася. Да іх сталі адносіць ладанкі — невялікія ёмістасці або мяшэчкі, у якіх захоўвалі ладан, воск, невялікую часцінку мошчаў святых і г.д. Адным з найбольш пашыраных і моцных абярэгаў пачалі лічыць крыж.
* Сярод усходніх славян самым распаўсюджаным абярэгам-амулетам была чацвярговая соль. З тканіны чырвонага колеру шылі невялічкі мяшэчак, у які сыпалі некалькі драбінак солі, асвячонай «на сямі вятрах», г.зн. пастаўленую пад зоры ў ноч з серады на Чысты чацвер на Перадвелікодным тыдні.
* Шэраг раслін, хутчэй за ўсё за іх пякучы характар або рэзкі пах эфірнага масла, таксама лічылі моцным сродкам засцярогі ад нячыстай сілы: напрыклад, часнок, цыбулю, горкі перац, лісткі крапівы, якія насілі пры сабе.
* Амулеты дазвалялася перадаваць у спадчыну.
* Амулеты выкарыстоўвалі не толькі для перасцярогі дзяцей і дарослых людзей, але і для свойскай жывёлы, птушак.
* Для свойскай жывёлы надзейным абярэгам лічылі званочак, які вісеў на шыі, вянок з траў, які чаплялі на рогі ў святочныя дні.
Янка КРУК, Аксана КАТОВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/yanka-kruk
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/kultura-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/kultura
[5] https://zviazda.by/be/tags/aksana-katovich