Я атрымліваю на электронную пошту чарговы ліст ад незнаёмца. Чарговую просьбу дапамагчы. Мальбу дапамагчы. Учытваюся і разумею, што ўжо бачыла гэты тэкст. Некалькі разоў чытала яго, слова ў слова скапіяваны іншымі «гаротнікамі». Жонка-інвалід, дзяцей шмат, вакол вайна, у дачкі знайшлі рак, а ён адзін усіх цягне, рызыкуючы жыццём на шахце. Як такога не пашкадуеш? І мне шкада. Шкада людзей, якім злыя намеры дазваляюць прымераць ролю няшчаснага.
Добра памятаю сваё першае сутыкненне з махляром у дабрачыннасці. Я тады перажывала крызіс валанцёрства, адчувала прафесійнае выгаранне ва ўсіх яго праявах, востра пераносіла страту падапечных і ў чарговы раз збіралася кідаць дапамогу анкахворым.
І тут ён, добры дзядзечка з інтэрнэту: «Я ўмею раскручваць групы, ведаю метады, магу арганізаваць, мы збяром кучу грошай! Ты дасі гісторыі, я зраблю астатняе. А заробак... падзелім». Я некалькі разоў перачытвала яго паведамленне, не даючы веры ўласным вачам. Мне, наіўнай, ніколі ў галаву не прыходзіла, што цяжка хворых дзяцей можна падмануць і абрабаваць. Не магла нават уявіць, што такое можа прыйсці ў нечыю іншую галаву.
Калі шок прайшоў, я заплакала. Бо адчувала, як той план паганіць памяць маіх сяброў, тых, каго працягвала аплакваць і не хацела адпускаць. Мярзотная прапанова звінела ў вушах і білася аб усмешкі тых, каго я яшчэ планавала выратаваць.
У той момант я адчула бездапаможнасць сваёй ідэі, яе крохкасць і неабароненасць. Я раптам зразумела, што яна не застрахавана ад брыдкасці. Любы, абсалютна чужы і незнаёмы, можа рабіць з ёй любыя вычварэнствы.
Пасля я часта чула развагі пра натуральны адбор больш моцных і жывучых, пра «адкіды грамадства» і пра тое, што «грошы патрэбны жывым». І кожны раз словы адгукаліся ўва мне болем.
Мы шмат разоў бачылі гісторыі сваіх падапечных на іншых сайтах. З іх фотаздымкамі, дыягназамі і нават дакументамі, але з іншымі лічбамі ў рэквізітах. Хто правярае гэтыя лічбы? І кожны раз замест абурэння і нянавісці я адчувала боль. Боль за тое дзіця, няшчасце якога стала сродкам заробку для іншых.
Памятаю, як вывучала інтэрнэт-старонку адной «матулі». Яна рассылала жаласныя лісты ў сацсетках. Гісторыя прыблізна такая ж: вакол вайна, мужа забілі, дзіця хварэе, спім на вакзале, на лекі не хапае. Ёй верылі, бо ў наяўнасці быў дакумент — калькуляцыя з анкалагічнай клінікі, дзе прапісаны пратакол лячэння і неабходная сума.
Я адразу пазнала той дакумент. Бо некалькі гадзін правяла з ім у руках, атрымаўшы дрэнныя навіны ад падапечнага «Клуба 5000». Я бачыла на фота складкі на паперы, што засталіся ад маіх рук. Памятала ўсе пераносы слоў і афармленне абзацаў. Заўважыла цень сваіх рук, калі фатаграфавала аркуш. Гэта я размясціла яго ў інтэрнэце з заклікам дапамагчы падапечнаму «Клуба 5000». А змяніць імя на электронным дакуменце зусім нескладана.
Далей я адкрыла альбом з фотаздымкамі яе хворай «дачушкі». І зноў заплакала. Маленькая дзяўчынка ў бальнічнай палаце. Усё прадумана: на фота малеча аднаго ўзросту, паўсюль з лысенькай галоўкай, з вялізнымі сумнымі вачыма. Але ў адным пракалолася махлярка — гэта розныя дзяўчынкі. Я ведаю іх усіх, бачыла ў палатах і ніколі не пераблытаю. А для далёкай махляркі яны аднолькавыя, быццам адно і тое ж дзяўчо.
Каб такіх «бацькоў і валанцёраў» станавілася менш і мы дапамагалі сапраўды тым, каму не абысціся без нас, падзялюся назапашанымі за час работы спосабамі распазнання.
1. Актыўнасць. Калі гэта група ці старонка ў сацыяльнай сетцы, там увесь час павінна абнаўляцца інфармацыя: свежыя паступленні ахвяраванняў, справаздачы пра выдаткі, стан здароўя, навіны ад бацькоў, медыкаў... Паверце, весці такую групу — вялікая праца. А махляры звычайна шукаюць лёгкі хлеб.
2. Камунікабельнасць. Добра вывучайце інфармацыю, выпісвайце для сябе тое, што незразумела, патрабуе ўдакладнення, чаго не хапае. І смела звязвайцеся з адміністратарамі, валанцёрамі, бацькамі. Заўсёды можна ўдакладніць, у якой бальніцы, аддзяленні, палаце ляжыць дзіця, які стан яго сёння, што есць, чым займаецца, якія лекі прымае. Махляр разгубіцца нават ад простых пытанняў і будзе адказваць недарэчна.
3. Акрамя грошай. У сапраўдных дабрачынных суполках аб'яўляюць збор не толькі на грошы, але і на адзенне, канцтавары, цацкі, падгузкі, лекі і нават прадукты харчавання. Валанцёры з задавальненнем звядуць вас з сям'ёй і дадуць магчымасць аказваць дапамогу без пасярэднікаў, а махляроў не цікавяць паношаныя боцікі і замарожанае мяса.
4. Маркіроўка. Амаль усе дабрачынныя групы цяпер маркіруюць фотаздымкі і дакументы лінкам (інтэрнэт-адрасам) сваёй старонкі, сайта. Сачыце, каб надпіс у адрасным радку супадаў з надпісам на фотаздымку (дакуменце).
5. Рэквізіты. Самы зручны лаз для махляроў — інтэрнэт-кашалькі. Іх лёгка завесці і лёгка падмяніць. Тое самае — нумары банкаўскіх картак і тэлефонаў для збору сродкаў. Але ў тых, хто атрымлівае лячэнне ў Беларусі (рэзідэнтаў і нерэзідэнтаў нашай краіны) ёсць магчымасць завесці дабрачынны рахунак. Гэта асаблівы від рахунку, які адкрываецца на імя аднаго з бацькоў і толькі пры наяўнасці медыцынскіх дакументаў. Не палянуйцеся дайсці да аддзялення банка і пералічыць дапамогу менавіта на такі рахунак. Рабіце ахвяраванні на электронны кашалёк толькі пры ўмове, што ведаеце яго ўладальніка.
6. Знаёмы пасярэднік. Дапамагайце праз арганізацыі, дабрачынныя рухі, валанцёраў, а не ў рукі незнаёмых адзіночак. Калі вы ўжо аднойчы перадавалі ляльку для Каці праз гэтага чалавека, а потым убачылі яго адміністратарам у групе дапамогі хвораму Антону, вы паверыце яму і можаце смела перавесці грошы адрасату.
З часоў майго знаёмства з махлярамі шмат вады выцекла. Больш няма той наіўнай, якая плакала ад іх непрыстойных прапаноў. За гэты час я атрымала вялікі досвед валанцёрскай працы, вывучыла «кухню», нажыла імунітэт. Але мне па-ранейшаму балюча сустракаць «чорных дабрачынцаў». Цяпер хвалююся не за тых, чыімі гісторыямі яны несумленна карыстаюцца. Не, свядомасць даўно адмежавала падапечных ад злачынцаў. У маёй галаве яны жывуць у іншых сусветах і ніколі не перасякаюцца. А сэрца баліць за саміх махляроў. Як жыць, аднойчы назваўшы сваю жонку (няхай сабе і неіснуючую) інвалідам, дачку — смяротна хворай, работу — неаплачваемай? Словы матэрыяльныя. Калі-небудзь у яго будзе і жонка, і дзеці. Дасць Бог, здаровыя.
Таццяна НЕМЧАНІНАВА, заснавальніца дабрачыннага руху «Клуб 5000»
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/sacyyalnaya-padtrymka
[2] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/09/Без-имени-10.jpg
[3] https://zviazda.by/be/tags/vazmu-tvoy-bol
[4] https://zviazda.by/be/tags/syameynaya-gazeta
[5] https://zviazda.by/be/tags/klub-5000
[6] https://zviazda.by/be/tags/taccyana-nemchaninava-0