«Калі хочаш захаваць маладосць — ужывай мёд» — так гаварылі нашы продкі. Каштоўныя якасці мёду чалавецтва спазнала яшчэ ў далёкія часы сівой мінуўшчыны. Гэта крыніца сіл і здароўя, якая змяшчае ў сваім саставе больш за 100 рэчываў, жыццёва важных для арганізма чалавека.
* У легендах і паданнях мёд сімвалізаваў крыніцу мудрасці і доўгажыхарства, яго называлі «ежай багоў» і верылі, што менавіта ён дапамагае жыхарам Нябёсаў быць бессмяротнымі і захоўваць вечную маладосць. Акрамя таго, мёд здавён стаў сімвалам дабрабыту, высокага ўзроўню жыцця чалавека.
* Тое, што нашы продкі выкарыстоўвалі мёд у абрадах і рытуалах каляндарнага і сямейна-родавага цыклаў, надзяліла яго пэўнай ступенню сакральнасці, магічнай сілай.
* Мёд выкарыстоўвалі на вяселлі. Яшчэ ў Сярэднявеччы, калі расчэсвалі валасы маладым, іх абавязкова мазалі мёдам. Маладым крычалі «горка», але пры гэтым мазалі іх вусны мёдам. Яшчэ і сёння ў паўднёвых раёнах Беларусі на парозе хаты маладых пасля вянца сустракаюць з хлебам-соллю і абавязкова з мёдам, каб жыццё было салодкім.
* Цікава, але першы месяц пасля вяселля называюць «мядовым». Можа, таму, што гэта самы «салодкі» месяц у сямейным жыцці, а можа, і таму, што мёд збіраюць вялікія працаўніцы — пчолы. Магчыма, філасофія нашых продкаў была ў тым, каб гэты першы месяц сямейнага жыцця быў галоўным у вялікім сямейным жыцці: маладыя павінны былі шмат папрацаваць, каб выстраіць адносіны паміж сабой, роднымі і сваякамі, зусім не горш, як тыя пчолы, каб «сямейнага мёду» хапіла на доўгія гады.
* Практычна на ўсіх святах ужывалі «медавуху» — мёд, разведзены вадой.
Мёд выкарыстоўвалі і за жалобным сталом. У вадзе разводзілі мёд і клалі туды невялікія кавалачкі булкі. Гэта рытуальная ежа, з якой распачыналася жалобная вячэра, насіла назву «сыта» ці «канун». Прычым першым, звычайна, яе браў самы стары чалавек, і ён павінен быў першую лыжку выліць на стол. Такія дзеянні прадказвалі (праграмавалі) «салодкае» жыццё памерламу на «тым» свеце.
* У народнай медыцыне мёд выкарыстоўвалі пры лячэнні захворванняў страўніка, печані, гнойных ран, як гарачкапаніжальны сродак і добры сродак ад цяжкага кашлю.
* У адным старажытным медыцынскім трактаце было напісана так: «Мёд аздараўляе ўсе ўнутраныя органы, падтрымлівае моц арганізма, памяншае гарачку. Доўгатэрміновае яго ўжыванне ўзмацняе волю, надае лёгкасць целу, захоўвае маладосць, працягвае гады жыцця».
Янка КРУК, Аксана КАТОВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/yanka-kruk
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/kultura-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/kultura
[5] https://zviazda.by/be/tags/aksana-katovich