Такія задачы ставяць перад дзелавымі коламі ўрады Беларусі і Санкт-Пецярбурга. Пра гэта ды іншыя кірункі ўзаемадзеяння паведаміў Андрэй КАБЯКОЎ, прэм'ер-міністр Беларусі, падчас пасяджэння Савета дзелавога супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь і Санкт-Пецярбурга, якое адбылося ўчора ў горадзе на Няве. Наступная сустрэча такога ж узроўню пройдзе ў чацвёртым квартале 2016 года.
— Санкт-Пецярбург — адзін з самых важных гадлёва-эканамічных партнёраў Беларусі сярод расійскіх рэгіёнаў, — заявіў Андрэй Кабякоў. — Па выніках 2015 года наш таваразварот склаў амаль паўтара мільярда долараў. Гэта не мала, але значна менш, чым было ў 2014 годзе. Тады мы мелі два мільярды долараў. Гэта быў пік. Мы павінны ў бліжэйшай перспектыве выйсці на тое, каб паказчыкі 2014-га года сталі звычайнымі і нават пераўзыдзенымі.
Беларускі прэм'ер станоўча ацаніў супрацоўніцтва паміж Беларуссю і горадам на Няве і адзначыў, што «ўсім нам неабходна садзейнічаць яго развіццю». Асноўнымі кірункамі мусяць стаць сферы вытворчай кааперацыі, транспартных, будаўнічых паслуг, экспартных паставак беларускіх тавараў, харчовых прадуктаў. Двухбаковыя адносіны, па словах старшыні Саўміна, — добры прыклад наладжвання міжрэгіянальных сувязяў.
Беларуская ўрадавая дэлегацыя агледзела экспазіцыю Цэнтра імпартазамяшчэння і лакалізацыі і наведала навукова-вытворчае аб'яднанне па перапрацоўцы пластмас «Камсамольская праўда». Генеральны дырэктар аб'яднання Сяргей Цыбукоў падкрэсліў, што сумесны беларуска-піцерскі праект «доўгайграючы, стратэгічны, распісаны па гадах».
Для піцерскага НВА былі закуплены тэрмапласт-апараты Баранавіцкага станкабудаўнічага завода «Атлант». «Мы арганізавалі сумесны навучальны цэнтр, стварылі новую прафесію — механік-наладчык, запусцілі спецыяльныя курсы. Цяпер ствараецца інжынірынгавы цэнтр, — сказаў Сяргей Цыбукоў, каментуючы падпісанне адпаведнага дакумента.
Губернатар Санкт-Пецярбурга Георгій ПАЛТАЎЧАНКА заўважыў, што ў двухбаковым супрацоўніцтве назіраецца станоўчы трэнд развіцця. «Ён заключаецца не толькі ў нарошчванні паступленняў тых ці іншых тавараў, у тым ліку прадуктаў харчавання, — лічыць кіраўнік паўночнай сталіцы Расіі. — Мы маем добрую тэндэнцыю да развіцця кааперацыі, няхай пакуль і першаснага ўзроўню. Мы ставім перад сабой задачу перахадзіць ад кааперацыі да больш шчыльнага супрацоўніцтва для стварэння інавацыйных, высокатэхналагічных прадуктаў, з якімі горад Санкт-Пецярбург і Рэспубліка Беларусь маглі бы выхадзіць на знешнія рынкі».
Адметнай падзеяй мінулага года сталі Дні Мінска ў Санкт-Пецярбургу, якія адбыліся ўвосень. Па словах Андрэя ШОРЦА, старшыні Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, дзякуючы ім быў падпісаны шэраг дакументаў, падчас кірмашоў — кантракты на 500 тысяч долараў, агучаны дамоўленасці аб адкрыцці пунктаў па продажы беларускіх абутку і касметыкі, развіцці медыцынскай і фармацэўтычнай сфер. «Мы і надалей будзем развіваць узаемавыгаднае супрацоўніцтва і чакаем Санкт-Пецярбург з візітам у адказ», — сказаў мэр беларускай сталіцы.
Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Лілія АНАНІЧ станоўча адзначыла ўзаемадзеянне ў вобласці друку і інфармацыі. Па яе словах, піцерскія калегі па пяры пастаянна ўдзельнічаюць у профільных мерапрыемствах беларускага боку. «Гэта павышае прафесійнае майстэрства і самае галоўнае — садзейнічае аб'ектыўнаму інфармаванню аб шматгранным супрацоўніцтве Беларусі і Санкт-Пецярбурга», — лічыць міністр.
Таксама важным кірункам у гуманітарным супрацоўніцтве выступае кніжна-выдавецкая дзейнасць, дадала Лілія Ананіч. Яна выказала падзяку губернатару Георгію Палтаўчанку за тое, што Беларусь была прадстаўлена на Санкт-Пецярбургскім міжнародным кніжным салоне ў якасці краіны — ганаровага госця. Міністр адзначыла, што ўжо праз колькі дзён Беларусь чакае прадстаўнікоў Санкт-Пецярбурга на ХХІІІ Мінскую міжнародную кніжную выставу-кірмаш.
Што тычыцца лічбавага вымярэння адносін, то на працягу апошніх гадоў узаемны таваразварот паступова павялічваўся і вырас з 983 мільёнаў долараў у 2010 годзе да 1950 мільёнаў у 2014-м. Але ў студзені—лістападзе мінулага года знізіўся амаль на 30% у параўнанні з пазамінулым і склаў 1 млрд 284 мільёнаў долараў. Сальда традыцыйна засталося станоўчым —
303 мільёны долараў.
Аснову беларускага экспарту ў Санкт-Пецярбург складаюць пастаўкі мясной і малочнай прадукцыі, нафтапрадуктаў, а таксама цукру, таматаў, яблыкаў ды груш. У студзені—лістападзе мінулага года амаль па ўсіх пунктах назіраўся спад экспарту, акрамя садавіны, цукру і вырабаў з пластмасы. Пры гэтым пастаўкі нафтапрадуктаў скараціліся ў 2,7 раза, а ялавічыны, якая з'яўляецца першай у грашовым эквіваленце па аб'ёмах экспарту, на 31%.
У той жа час з Санкт-Пецярбурга на беларускі рынак пастаўляюцца легкавыя аўтамабілі, тытунь і яго заменнікі, бананы, трубы, электрычныя рухавікі і генератары. Рост назіраўся ў пастаўках тытуню і яго заменнікаў, рухавікоў і генератараў, абутку і харчовых прадуктаў, а па астатніх пазіцыях імпарт значна знізіўся.
Пра канкрэтны характар пасяджэння Савета дзелавога супрацоўніцтва сведчыць і той факт, што выступоўцы — кіруючыя асобы з абодвух бакоў — казалі не толькі пра «плюсы», але і аб праблемах, і шукалі спосабы іх вырашэння. Напрыканцы быў падпісаны пратакол, а таксама наменклатура і аб'ёмы паставак харчовых тавараў з Беларусі ў Санкт-Пецярбург у 2016 годзе.
Пасля ўдзелу ў Савеце дзелавога супрацоўніцтва прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў сустрэўся з расійскім калегам Дзмітрыем Мядзведзевым. Кіраўнік беларускага ўраду падкрэсліў, што Беларусь і Расія прадоўжаць супрацоўніцтва ва ўсіх сферах.
«Разлічваю, што сёння мы ўсё змястоўна абмяркуем і напярэдадні Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы даложым кіраўнікам дзяржаў, што ў нас ёсць план, разлікі і перспектывы, каб праявы, звязаныя з эканамічнай нестабільнасцю, паспяхова пераадольваліся», — адзначыў Андрэй Кабякоў.
Паводле яго слоў, у гэтым годзе ўжо прыняты шэраг рашэнняў у Саюзнай дзяржаве. «Прапаную падвесці вынікі і намеціць план супрацоўніцтва», — сказаў Андрэй Кабякоў.
Санкт-Пецярбург
Фота БЕЛТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/veranika-pustavit
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/urad
[4] http://pustavit@zviazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/belarus
[6] https://zviazda.by/be/tags/rasiya