Рабочы дзень Вольгі ШЫЦІКАВАЙ, паштальёна 36-га аддзялення сталіцы, пачынаецца а 7.30 раніцы. Да гэтага часу ёй трэба даехаць з дома ў Малінаўцы на вуліцу Каржа, на шчасце, дзякуючы метро дарога не займае шмат часу. Затым некалькі гадзін у аддзяленні Вольга сартуе карэспандэнцыю па адрасах і толькі пасля гэтага выходзіць на ўчастак разносіць пошту. Але «разносіць» — не тое слова. Маладая паштарка не ходзіць па адрасах — лётае, ды так, што не ўгнацца! Адкуль столькі энергіі? «Я люблю сваю працу», — раскрывае свой просты сакрэт гераіня.
Калі ёсць да каго цягнуцца
Вольга — высокая падцягнутая брунетка з прыгожай укладкай, макіяжам, мудрагелістым манікюрам і прыемнай усмешкай. Здаецца, перада мной не паштальён, а як мінімум адміністратар салона прыгажосці. Зрэшты, яно і не дзіўна: раней Вольга Шыцікава працавала цырульнікам, ды і цяпер любімае хобі не пакінула.
— З дзяцінства цягнулася да цырульніцтва, мне гэта падабалася. А пасля проста захацелася памяняць нешта ў жыцці, — тлумачыць жанчына такую незвычайную змену прафесіі.
Працаваць на пошту Вольга прыйшла не так даўно — у лістападзе. Але яе з'яўленне літаральна пераўтварыла ўвесь калектыў.
— Гэта чалавек, які выпраменьвае дабрыню! Яна так з'яднала калектыў! Проста сонейка! — не хавае эмоцый начальнік паштовага аддзялення Наталля БАРДЗЮГОВА.
Я прыехала ў аддзяленне ў пятніцу — дзень, калі падпісчыкам прыходзіць вялікая колькасць газет, таму перад тым, як выправіцца на маршрут, нашай гераіні патрэбны час.
Пакуль чакаем, калі Вольга адсартуе карэспандэнцыю, Наталля Віктараўна расказвае пра сваё аддзяленне. Яно адносіцца да першай катэгорыі — гэта значыць, выконвае вялікі аб'ём работы. На абслугоўванні — больш за 12 тысяч кватэр і мноства арганізацый. Складана паверыць, але ўсе гэтыя адрасы абслугоўваюць усяго дзевяць паштальёнаў. Тым не менш, як гаворыць начальнік аддзялення, усе яны стараюцца асабіста кантактаваць з людзьмі, пакідаюць ім свае тэлефоны. Калі трэба, паштальён можа наўпрост дома ў кліента аформіць патрэбную паслугу і нават прыняць заказ на рамонт паштовай скрыні. Ёсць яшчэ і каталожны гандаль: заяўкі на прадукцыю, што прадаецца ў інтэрнэт-краме «Белпошты», дома таксама могуць афармляць паштальёны. А для некаторых яны яшчэ і псіхолагі, і людзі, з якімі можна проста шчыра пагаварыць. Менавіта такі чалавек — Вольга.
— Калі яна перайшла працаваць на іншы ўчастак, людзі тэлефанавалі і пыталіся: «Куды вы нашу Волечку падзелі?» Часта звоняць, дзякуюць. Ды і не толькі кліенты. Калі ў калектыве ёсць такі чалавек, то і ўсе астатнія цягнуцца да яго, — заўважае Наталля Бардзюгова.
Хутчэй за хуткасць святла
Нарэшце ў кабінеце з'яўляецца Вольга: усё гатова, можна выходзіць на ўчастак. Яна апранае рабочую куртку, бярэ з сабой сумку і ў рукі — пачак газет і лістоў для першага «заходу». За адзін раз паштальён не можа браць больш за сем кілаграмаў карэспандэнцыі. Каб не вяртацца па яе ў аддзяленне, астатнюю пошту падвозяць машыны ў спецыяльныя апорныя скрыні, адкуль паштар забірае яе і далей разносіць па адрасах. Ідзём згодна са схемай даставачных участкаў: наведваем па парадку жылыя адрасы і арганізацыі.
За лічаныя хвіліны мы аббягаем некалькі пад'ездаў. У некаторых з іх датчыкі святла, якія рэагуюць на рух, паспяваюць уключыцца толькі тады, калі мы ўжо пакідаем дом. «Працуеце хутчэй за хуткасць святла!» — жартую я і мушу даганяць сваю гераіню подбегам.
— Гэта я яшчэ марудна хаджу з вамі! У нас вельмі спартыўная праца, да таго ж і на свежым паветры — ніякага фітнесу не трэба. Таму мы ўсе ў добрай фізічнай форме! — усміхаецца Вольга.
Яна расказвае, што са сваім цяперашнім графікам работы вельмі шмат паспявае. Хапае часу не толькі на асноўную працу, але і на захапленне — прычоскі, ды і на сям'ю: мужа і сына-школьніка. Яны, дарэчы, ніколькі не здзівіліся таму, што іх жонка і мама перайшла на такую працу. Па сутнасці, мала што змянілася ад гэтага ў сямейным укладзе. Адзінае, гаворыць Вольга, нядаўна пайшлі з мужам у краму, але і ён ледзь паспяваў за шпаркай жончынай хадой, таму вырашыў пачакаць вонкі, пакуль Вольга купіць патрэбнае. Такую актыўнасць жанчына тлумачыць тым, што яна, здаецца, знайшла сваё месца, на якім адчувае сябе камфортна.
— Мне вельмі спадабалася працаваць паштальёнам, — гаворыць яна, — спачатку прыглядалася, назірала. Калі толькі прыйшла, было цяжкавата, але хутка асвоілася. Цяпер у мяне адчуванне, што я ўвесь час тут працавала!
Але галоўнае, за што Вольга любіць сваю працу, — гэта стасункі з людзьмі. Менавіта яны робяць прафесію цікавай. Таму кожны працоўны дзень — у задавальненне. Дарэчы, на пытанне, ці ёсць у яе любімыя адрасы, куды хадзіць асабліва падабаецца, паштальён не задумваючыся назвала... натарыяльную кантору. І хутка я зразумела, чаму.
— Такая прыемная дзяўчына, вельмі ёй задаволены! І разумніца, і прыгажуня! — наперабой шчабечуць жанчыны ў натарыяльнай канторы, куды паштальён прынесла чарговы ліст.
Але калі кіравацца толькі прыемнымі бакамі працы, то можна і без яе застацца, таму на лішнія размовы Вольга таксама час не траціць. Гэта дзіўна, але, здаецца, яна мае амаль неверагодную ўласцівасць: паспець усё, не губляючы ні хвіліны.
Збоку можа падацца, што такога не бывае. Я як толькі магла спрабавала выцягнуць з Вольгі падрабязнасці пра цяжкасці працы, пра заробак, пра незадаволеных кліентаў, якіх, вядома ж, таксама хапае. Але мая суразмоўца пераканана: усё гэта — ніякія не цяжкасці, а звычайная хада жыцця, і ставіцца да гэтага трэба спакойна і пазітыўна. Яна прызнаецца: ужо нават не заўважае таго, што шмат часу праводзіць на нагах. Як і кепскага надвор'я: у любыя залевы і снегапады паштальён павінен дастаўляць людзям газеты і лісты. І пры гэтым умець заставацца шчаслівым.
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/dziyana-seradzyuk
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:seradzyuk@zvіazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/prafesiya
[5] https://zviazda.by/be/tags/pashtalyon
[6] https://zviazda.by/be/tags/praca