Работа рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі ў Год культуры, сацыяльнае партнёрства і асноўныя тэндэнцыі развіцця публічных бібліятэк. На калегіі Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама вызначаны прыярытэты 2016 года.
Прааналізаваць поспехі і недапрацоўкі, вызначыць перспектыўныя кірункі далейшай работы закліканыя ўсе тыя, хто вызначае ідэалагічную палітыку і ад каго залежыць эфектыўнасць яе рэалізацыі. Бадай, адна з галоўных задач — узмацненне кадравага патэнцыялу. Сёння амаль у 60% прадстаўнікоў ідэалагічнай вертыкалі Гомельскай вобласці стаж работы на займаемай пасадзе не перавышае пяці гадоў.
— Патрабаванне, агульнае для ўсіх — каб спецыяліст мог прыйсці ў любы калектыў і адказаць на любое пытанне, — падкрэслівае начальнік Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама Ірына Даўгала.
Значная ўвага сёлета надаецца ўдасканальванню работы рэгіянальных СМІ. Цяпер на Гомельшчыне зарэгістраваны 24 дзяржаўныя газеты з агульным тыражом у 165 тысяч экзэмпляраў. Іншая справа, што іх эфектыўнасць ацэньваецца не толькі колькасцю надрукаваных тэкстаў. Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Лілія Ананіч падкрэслівае, што сёння неабходна больш актыўна заваёўваць інтэрнэт-прастору:
— Мы павінны фарміраваць культуру спажывання інфармацыі. Самім СМІ важна клапаціцца не толькі пра дабрабыт і ўплыў на чытальніцкую аўдыторыю, але і фарміраваць медыяпісьменнасць. Сёння патрэбна ствараць не толькі сайты, але і спецыяльныя мабільныя дадаткі для тых, хто хацеў бы ў дарозе карыстацца самай свежай інфармацыяй.
Не застануцца па-за ўвагай ідэалагічнай вертыкалі мерапрыемствы, якія будуць праводзіцца ў межах Года культуры. Тут вельмі шырокі спектр работы: ад маніторынгу культуры паводзінаў кіраўнікоў і захавання дысцыпліны да мадэрнізацыі паліграфічных прадпрыемстваў і развіцця рэгіянальнага радыёвяшчання. Плюс інфармацыйнае суправаджэнне такіх сацыяльна значных падзей, як 75-годдзе пачатку Вялікай Айчыннай вайны, 30-годдзе чарнобыльскай катастрофы і юбілеі класікаў нацыянальнай літаратуры.
іost@zvіazda.by [4]
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-astashkevich
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/urad
[4] mailto:іost@zvіazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/god-kultury
[6] https://zviazda.by/be/tags/regiyanalnyya-smi
[7] https://zviazda.by/be/tags/liliya-ananich
[8] https://zviazda.by/be/tags/iryna-daugala