На гэтым тыдні жыхары сталіцы атрымліваюць студзеньскія квіткі за камунальныя паслугі, у якіх з'явіліся новаўвядзенні. У спіс павялічаных расцэнкаў патрапіла і плата за карыстанне ліфтам. Змянілася яна кардынальна. Так, калі рахунак за яго доўгі час быў выстаўлены адным радком у штомесячнай квітанцыі, то цяпер іх атрымліваецца адразу два.
Першы з іх - тэхнічнае абслугоўванне пад'ёмніка ў пад'ездзе, другі - кампенсацыя жыхарамі выдаткаў на сілавую энергію, затрачаную машынай. Тарыф на тэхабслугоўванне ліфта будзе разлічвацца, зыходзячы з метражу кватэры. Стаўка яго складае 617 рублёў за адзін квадратны метр агульнай плошчы. А вось сума выдаткаў у кожным пад'ездзе розная і залежыць ад таго, наколькі часта жыхары тамтэйшых кватэр і іх госці карыстаюцца паслугамі ліфта.
Але па такіх тарыфах выходзіць, што ліфт становіцца хіба не самым дарагім відам транспарту. Зоймемся матэматычнымі падлікамі.
У сям'і аўтара гэтых радкоў жывуць разам з ім тры чалавекі. Месцімся мы ў старэнькай панельцы брэжнеўскіх часоў на 8 паверсе. Плошча хаткі таксама невялікая - 39,5 квадратных метраў.
Такім чынам, выдаткі на тэхнічнае абслугоўванне ліфта складуць 617х39,5=24.371,52 рублёў.
Плата за электраэнергію пацягнула 3647,16х3 =10.941 рубель.
Выходзіць, што штомесячныя выдаткі на ліфт пацягнуць з нашага агульнага бюджэту суму ў 35.313 рублёў.
Для далейшых разлікаў трэба адказаць на пытанне: як часта вы карыстаецеся ліфтам? Кожны член маёй сям'і падымаецца і спускаецца на вуліцу ў сярэднім па два разы штодзень. Дзённая норма паездак на сям'ю атрымліваецца прыкладна 12. За месяц, у якім 31 дзень, набягуць 372 паездкі. Падзелім 35.313 рублёў на 372. Атрымаецца, што адна паездка каштуе 94,92 рублі.
Акруглім вышыню столяў у кватэрах і таўшчыню перакрыццяў агулам да трох метраў да зручнасці падлікаў. Пакуль я заеду на свой восьмы паверх з першага, ліфт пройдзе 21 метр. Для большай чысціні разлікаў будзем лічыць, што кожны раз, перш чым сесці ў ліфт, даводзіцца ганяць яго паражняком з 1 і 8 паверхаў адпаведна. Таму максімальная адлегласць павялічваецца да 42 метраў.
Фінальны акорд - атрымліваецца, што прыкладны тарыф на паездку ў ліфце для мяне складзе 2,26 рублі за метр. Або 2.260 рублёў за кіламетр.
Многа гэта ці мала? Напрыклад, у гарадскім наземным транспарце сталіцы праезд каштуе 5.000 рублёў. Але ж, напрыклад, за гэтую суму можна праехаць з кальца ў кальцо, напрыклад, на тралейбусе 53-га маршрута, даўжыня трасы якога дасягае [3] амаль дваццаці кіламетраў у адзін канец - ад кальцавой да кальцавой амаль па дыяметры!
Аднак у Мінску пакіламетровая тарыфікацыя праезду ў гарадскім грамадскім транспарце пакуль не дзейнічае. Таму звернемся да міжгародніх перавозак. Так, на звычайнай рыжскай электрычцы эканам-класу праезд каштуе 160 рублёў за кіламетр. На аўтобусе кошты значна вышэйшыя і варыятыўныя. Бяром самы дарагі варыянт - экспрэсны аўтобус з мяккімі адкіднымі сядзеннямі. Тарыфікацыя [4] ў ім да ліфтавой зноў недацягвае - 916 рублёў за кіламетр.
Можа, замежныя паездкі абыдуцца даражэй? Возьмем цягнік Мінск-Новасібірск. Праезд у купейным вагоне [5] на такую адлегласць абыдзецца ў суму 7.310.800 рублёў. Але ж і адлегласць таксама вельмі вялікая - 4.046 кіламетраў. Такім чынам, тарыф на праезд у ім складзе 1.806 рублёў за кіламетр. Пры гэтым, як вядома, на чыгунцы праезд за мяжу перыядычна змяняецца з-за пастаяннага росту курсу швейцарскага франка, да якога і прывязаны тарыфы.
Ну і ў рэшце рэшт давайце пралічым кошт прамога пералёту з Мінска, напрыклад, у Стамбул. Кошт палёту [6] ў ім абыдзецца ў 7.038.100 рублёў. Маршрутная адлегласць - 1.437 кіламетраў. Таму кошт складае ў нашым выпадку 4.897 рублёў за кіламетр.
Атрымліваецца, што тарыф на праезд на ліфце знаходзіцца дзесьці пасярод пасажырскіх цягнікоў міжнародных ліній і авіяпералётамі ў краіны далёкага замежжа. І гэта пры выдатках на тэхнічнае абслугоўванне, якое налічваецца, зыходзячы з зусім маленькай па цяперашніх мерках кватэры-"палутаркі". А калі палічыць выдаткі са значна большай па плошчы трохпакаёўкі?
Пры такім кошце і сэрвіс павінен быць адпаведны. Толькі вось аўтару гэтых радкоў даводзіцца плаціць па такой тарыфікацыі, ездзячы ў ліфце, які пачаў вазіць людзей... яшчэ ў чэрвені 1977 года. І не аднойчы ў месяц даводзіцца тэпаць уверх па 8 паверхаў, бо другога грузавога ці пасажырскага ліфта ў доме архітэктары не прадугледзелі, а старэнькі ліфт сваё ад'ездзіў яшчэ ў далёкім 2002 годзе. Пры гэтым у навакольных дамах, якія засяляліся ў адзін дзень - 26 сакавіка 1977 года -, ліфты замянілі яшчэ ў мінулым дзесяцігоддзі. Не так даўно зношаны пад'ёмнік у маім пад'ездзе амаль суткі ездзіў без якога-небудзь асвятлення ў кабіне: доўгі час з трох лямпаў працавала толькі адна, ды і тая перагарэла. Належыць аўтару і сумнае дасягненне - неяк ён злаўчыўся захраснуць у ліфце двойчы за адну гадзіну. Ад хет-трыку ўратавала толькі тое, што сустрэў на ўваходзе ў пад'езд сябра і разгаварыліся...
Праўда, на падтрыманне састарэлага ліфта ў працоўным стане таксама патрэбны грошы. Запчасткі прадпрыемства бясплатна не адгрузіць. Іншае пытанне, колькі грошай патрабуе абслугоўванне такога пад'ёмніка ў параўнанні з новым.
А як у іх?
У некаторых краінах экс-СССР платны ліфт з'явіўся яшчэ даўно. Напрыклад, ва Украіне гэтая сістэма прыжылася ў Кіраваградзе, Івана-Франкоўску, Херсоне, Жытоміры, Белай Царквы, Бярдзічаве, Паўночнаданецку. Тарыф на паездку вагаецца ад 10 да 30 капеек у залежанасці ад горада. На нашы грошы - ад 83 да 270 рублёў...
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/valyaryan-shklennik
[2] https://zviazda.by/be/dumki-u-secive
[3] http://minsk.gov.by/ru/news/new/2013/10/24/2219/
[4] http://minsknews.by/blog/2016/01/11/tarifyi-na-mezhdugorodnyie-avtomobilnyie-perevozki-vyirastut-s-12-yanvarya/
[5] http://poezd.rw.by/wps/portal/home/rp/schedule/!ut/p/c5/04_SB8K8xLLM9MSSzPy8xBz9CP0os3gTi0C3MMdQb7MANx8XA8_gEGcfNw9XQwNDA6B8pFm8s7ujh4m5j4GBv1GYgYGRn2lwoEFosLGBpzExug1wAEcDArq99KPSc_KTgK4MB7kbSa2hmaklUK1PUEiosYuhhakRRB6fO0HyeFzi55Gfm6pfkBsaURnsqQsAlB5hlQ!!/dl3/d3/L0lDU0lKSmdrS0NsRUpDZ3BSQ1NBL29Ob2dBRUlRaGpFS0lRQUJHY1p3aklDa3FTaFNOQkFOYUEhIS80QzFiOVdfTnIwZ0RFU1pJSlJERVNaTUpRaUlrZmchIS83XzQ4UUZWQVVLNlA1MDYwSVNKTEtHTEQyMDA3L3lJOTdaMjMyMTAwMDQvaWJtLmludi8zMTcxMzE3NTc1MTAvamF2YXguc2VydmxldC5pbmNsdWRlLnBhdGhfaW5mby8lMFNlbGVjdFJvdXRlVmlldy5qc3A!/
[6] https://booking.belavia.by/Select/Calendar?sid=590384eaf92a440eb023a5b100c76962
[7] https://zviazda.by/be/tags/lift
[8] https://zviazda.by/be/tags/zarobki-i-taryfy