Кітайскія ўлады правядуць эксперымент, які закране дзесяць аспектаў дзейнасці арганізацый. Пра гэта стала вядома на брыфінгу, сумесна праведзеным Камітэтам па кантролі і кіраванні дзяржаўнай маёмасцю пры Дзяржсавеце КНР, Дзяржкамітэтам па справах развіцця і рэформаў і Міністэрствам працоўных рэсурсаў і сацыяльнага забеспячэння, перадае агенцтва "Сіньхуа".
Прадпрыемствы чакае стварэнне савета дырэктараў, надзеленага адпаведнымі паўнамоцтвамі, пераход на рынкавы механізм у адборы кіраўнікоў прадпрыемстваў, увядзенне інстытута прафесійных менеджэраў, дыферэнцыяцыя аплаты працы. Разам з тым прадпрыемствы цэнтральнага падпарадкавання чакае рэарганізацыя шляхам зліцця і паглынання. У некаторых найважнейшых галінах плануецца ўвесці змешаную форму ўласнасці, пры гэтым працоўныя змогуць валодаць акцыямі прадпрыемства. Улады таксама гатовыя вызваліць дзяржпрадпрыемствы ад сацыяльных функцый і раскрываць інфармацыю пра іх.
Пакуль займацца аперацыямі з дзяржкапіталам упаўнаважаны два прадпрыемствы цэнтральнага падпарадкавання -- карпарацыі "Чэнтун" і "Госінь", паведаміў намеснік кіраўніка Камітэта па кантролі і кіраванні дзяржаўнай маёмасцю Чжан Сіу, адзначыўшы магчымасць далейшага павелічэння іх колькасці. Акрамя гэтага, у рамках эксперыменту дзяржпрадпрыемствы змогуць праводзіць інвестыцыйныя аперацыі з дзяржаўным капіталам, таксама будуць створаны кампаніі, упаўнаважаныя ажыццяўляць гэтыя аперацыі. Адной з найважнейшых задач на 2016 год чыноўнік назваў завяршэнне працэсу распрацоўкі камплекта дакументаў, якія рэгламентуюць паглыбленае рэфармаванне дзяржпрадпрыемстваў.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/u-svece
[2] https://zviazda.by/be/vestki-z-kitaya-0
[3] https://zviazda.by/be/tags/kitay
[4] https://zviazda.by/be/tags/dzyarzhpradpryemstvy
[5] https://zviazda.by/be/tags/eksperyment
[6] https://zviazda.by/be/tags/dzeynasc-arganizacyy