72 гады мы дазвалялі сабе адкладаць клопат пра палеглых салдат да больш багатых часоў. Магчыма, мы разважалі няправільна. Мы ніколі не будзем адчуваць сябе ўпэўнена, пакуль не аддадзім доўг тым, хто пакінуў свае дамы, каб абараніць нашу зямлю, і не вярнуўся. Мы ўжо ніколі не даведаемся імёны ўсіх. Але мы ведаем, дзе яны ляжаць. І мы павінны ўшанаваць такія месцы. Гэта і ёсць наш доўг. Далей адкладаць нельга.
У тым, што прывядзенне ў парадак брацкай магілы дзясяткаў тысяч савецкіх салдат у Полацку — справа ўсёй краіны, не сумняваецца старшыня праўлення Беларускага фонду міру Максім Місько. Ён упэўнены, што беларусы здольныя годна пахаваць сваіх воінаў, нягледзячы на фінансавыя цяжкасці.
Невыпадкова
Пра Пяскі Максім Місько даведаўся, калі ехаў на ўрачыстую цырымонію ўручэння старажытнага ваеннага сцяга Полацкаму кадэцкаму вучылішчу. Гэта было ў верасні мінулага года. Ён ехаў з Мінска ў адной машыне з дэпутатам Нацыянальнага сходу Наталляй Гуйвік, якая ў ніжняй палаце беларускага парламента прадстаўляе палачан. Яны размаўлялі пра гістарычны сцяг, значнасць яго вяртання на Радзіму праз 100 гадоў. Пра сімвалічнасць падзеі.
Абое юрысты, яны даўно ведаюць адно аднаго, але так сталася, што да гэтага моманту Максім Місько пра Пяскі не чуў. За месяц да паездкі ён узначаліў Беларускі фонд міру, пра гэта і паведаміў дэпутату. На што Наталля Гуйвік усклікнула: «Вось як! Дык у нас ужо ёсць для вас справа ў Полацку!» І ўголас падзякавала Богу. А потым коратка расказала Максіму Уладзіміравічу пра Пяскі. Пазней, на афіцыйнай сустрэчы ў Палаце прадстаўнікоў, перадала яму ўсе матэрыялы.
Перадгісторыя
Наталля Гуйвік з 2010 года, спачатку як дэпутат Полацкага гарадскога Савета, потым як парламентарый робіць усё ад яе магчымае, каб астанкі дзясяткаў тысяч людзей — ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, якія больш за 70 гадоў заставаліся ледзь прыкрытыя пяском ва ўрочышчы Пяскі ў Полацку, былі годна пахаваныя. Яна адчувае асабістую адказнасць за лёс гэтага трагічнага месца ў родным горадзе.
Восенню 2013 года газета «Звязда» падключылася да гэтай справы, стварыўшы сумесны з полацкай грамадскасцю, ад імя якой выступіла Наталля Гуйвік, інфармацыйны праект «Урочышча Пяскі». У рамках праекта на старонках «Звязды» выйшаў цыкл матэрыялаў: рэпартажы, сведчанні відавочцаў, інтэрв'ю з гісторыкамі і ваеннымі, «круглы стол» з удзелам паслоў трох дзяржаў, архівістаў, краязнаўцаў, ваенных спецыялістаў і грамадскіх дзеячаў. Газета неаднаразова публікавала рахунак для пераводу грошай на будаўніцтва мемарыяла.
Справа рухалася, але марудна. За апошнія два гады месца масавага пахавання на левым беразе ракі Палата, дзе вецер і дождж перыядычна агалялі чалавечыя косткі, было нарэшце накрыта дадатковым слоем грунту. Гэта прыкладна палова ад запланаваных вертыкальных работ. Раней там была ўсталявана мемарыяльная Дошка памяці. Аднак мемарыял дагэтуль застаецца незавершаным з-за недахопу сродкаў. На гэтым этапе пра яго і даведаўся Максім Місько.
Кола замкнулася
У 2010 годзе менавіта Беларускі фонд міру, Полацкае гарадское аддзяленне, звярнуўся ў Полацкі гарвыканкам і гарадскі Савет дэпутатаў з просьбай аб увекавечанні памяці тых, хто ляжыць у Пясках. Тады палачане, якія не ведалі, што пад іх нагамі — вялізная магіла з незлічонымі целамі салдат і простых гараджан, у тым ліку жанчын і дзяцей, ладзілі ў Пясках пікнікі, выгульвалі сабак, бралі адсюль пясок для сваіх патрэб. Віцебскае абласное аддзяленне Беларускага фонду міру адкрыла пяць гадоў таму спецрахунак па зборы сродкаў на будаўніцтва мемарыяла. Цяпер аўтарытэтная грамадская арганізацыя падключылася да стварэння мемарыяла на рэспубліканскім узроўні.
— У лістападзе 2015 года мы сумесна з Полацкім райвыканкамам правялі пашыраную нараду з удзелам гісторыкаў і патэнцыйных спонсараў, — расказвае Максім Місько. — На нарадзе прааналізавалі, чаму адбылося запавольванне будаўніцтва, што трэба зрабіць, каб актывізаваць працэс, размеркавалі адказнасць за далейшыя дзеянні. Ад полацкага райвыканкама праект цяпер курыруе старшыня раённага Савета дэпутатаў Іосіф Грыбовіч. Ён перажывае за справу ўсёй душой.
Пазней на бюро праўлення Беларускага фонду міру старшыня прапанаваў вывесці праект з абласнога ўзроўню на рэспубліканскі, каб грошы на яго фонд збіраў па ўсёй краіне.
— Размова была няпростай, — прызнаецца Максім Місько. — Кіраўнікі абласных аддзяленняў сталі казаць, што масавыя пахаванні вязняў нямецкіх канцлагераў ёсць і на тэрыторыі іншых абласцей. Я пагадзіўся, што ўвагі заслугоўваюць не адны толькі Пяскі, але гэтае месца асаблівае, бо размова ідзе не проста пра будаўніцтва мемарыяла. У Пясках трэба па-чалавечы пахаваць людзей. Яны чакаюць гэтага ад нас каля 75 гадоў. Мы не можам рухацца наперад, пакуль не зробім гэтага.
Старшыня праўлення Беларускага фонду міра разважае так: навошта казаць пра тое, што наша зямля шматпакутная, калі нічога не рабіць? Гэта першае. Другое — калі адразу хапацца за ўсё, то сілы распыляцца, а вынік не будзе дасягнуты. Аргументы пачулі, і цяпер 148 раённых і гарадскіх арганізацый Беларускага фонду міру па ўсёй Беларусі збіраюць грошы на мемарыял у полацкіх Пясках. Дзеля таго, каб сканцэнтраваць свае намаганні на завяршэнні мемарыяла ў Полацку, грамадская арганізацыя прыпыніла збор сродкаў на будаўніцтва ўнікальнага Храма міру ў вёсцы Наваспаск на Гродзеншчыне.
Справа нацыянальнага гонару
— Гэта вельмі важна і з пункту погляду ідэалогіі, бо мы можам паказаць, што нават не ў самыя спрыяльныя часы, аб'яднаўшыся, здольны рэалізаваць любы праект. Што мы можам усё, — упэўнены Максім Місько.
Яго думку пацвердзіла і начальнік фінансавага аддзела Полацкага райвыканкама Марыя Карасёва, якая заўважыла пры асабістай размове, што праекты, рэалізацыя якіх залежыць ад актыўнасці грамадства, ажыццяўляюцца менавіта ў цяжкія часы, калі фінансавае становішча людзей пагаршаецца. Чаму так адбываецца — прадмет для разваг псіхолагаў. Магчыма, калі даходы памяншаюцца, людзі становяцца больш адказнымі і больш правільна выстройваюць свае прыярытэты.
З гэтага пункту погляду старшыня праўлення Беларускага фонду міру супраць таго, каб для будаўніцтва мемарыяла ў Пясках прасіць дапамогі ў замежнікаў. Нягледзячы на тое, што логіка ў звароце да іншых дзяржаў ёсць, бо большасць з тых, хто ляжыць у Пясках, — не беларусы.
У канцэнтрацыйны лагер Дулаг-125, адкуль штодня на працягу трох з паловай гадоў сотнямі звозілі ў Пяскі целы памерлых і забітых, трапілі савецкія ваеннапалонныя з 214-й стралковай дывізіі, якая фарміравалася ва Украіне, і 62-га стралковага корпуса, які фарміраваўся на Урале. У полацкім лагеры было таксама шмат масквічоў, а яшчэ польскія і італьянскія ваеннапалонныя. Вядома, што апошніх там было 846. Больш за тое, у Пясках (а гэта вялікая пустка на месцы даваеннага стрэльбішча) немцы хавалі і сваіх салдат — у асобных магілах. Менавіта таму загадчык полацкага Музея баявой славы, аўтар кнігі «Урочышча Пяскі — тэрыторыя смерці. 1941—1944» Сяргей Копыл лічыць, што мемарыяльны комплекс на гэтым месцы павінен мець міжнароднае значэнне.
— Ёсць тут момант гонару. Можна грошы прасіць на нешта іншае. Але сваіх салдат мы павінны пахаваць самі, — кажа на гэта Максім Місько.
Беларускі фонд міру звярнуўся таксама да ўсіх воінаў Беларусі. Пад зваротам свае подпісы паставілі старшыня праўлення Беларускага фонду Міра Максім Місько, старшыня Беларускага саюзу афіцэраў Уладзімір Бамбураў, старшыня Беларускага саюзу сувораўцаў і кадэтаў Юрый Сянькоў і старшыня Беларускага саюзу ветэранаў вайны ў Афганістане, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бяспецы Валерый Гайдукевіч.
Ідэю падтрымала Міністэрства абароны. У воінскіх часцях прайшлі афіцэрскія сходы, на якіх было прынята рашэнне пра ўдзел у зборы грошай. Зварот да беларускіх воінаў быў разасланы ў Сувораўскае і ва ўсе кадэцкія вучылішчы краіны. У выніку на працягу трох тыдняў на будаўніцтва мемарыяла пералічаны больш за 358 мільёнаў рублёў. І гэта толькі пачатак. Да праекта падключыўся Следчы камітэт, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. У найбліжэйшы час Максім Місько плануе сустрэцца з кіраўніцтвам Дзяржаўнага пагранічнага камітэта і Міністэрства ўнутраных спраў.
— Людзям у пагонах словы «гонар» і «годнасць» асабліва зразумелыя, — заўважыў старшыня праўлення Беларускага фонду міру. — З іх ніхто яшчэ не сказаў: «Няма грошай», і ніхто не спытаў: «А навошта?»
Калі тэмпы пералічэння грошай захаваюцца, то, з дапамогай дзяржавы, будаўніцтва мемарыяла можна будзе завяршыць да канца гэтага года. Дэпутат Наталля Гуйвік глядзіць на справу яшчэ больш аптымістычна.
— Спадзяюся, што ўжо да 22 чэрвеня, да гадавіны пачатку Вялікай Айчыннай вайны, мы зможам зрабіць уваходную групу, пляцоўку перад Сцяной памяці і паставім невялікі помнік воінам 1812 года, бо на гэтым месцы ляжаць не толькі ахвяры фашызму, там ішлі кровапралітныя баі ў вайну з Напалеонам, — кажа Наталля Гуйвік. — Чатыры мільярды рублёў на мемарыял у Пясках сёлета запланаваны ў мясцовым бюджэце, і я вельмі прашу, каб сродкі былі выдаткаваны менавіта ў другім квартале. Яшчэ мільярд рублёў рэальна сабраць да мая, бо на рахунку цяпер знаходзіцца палова мільярда. Магчыма, на капліцу грошы выдаткуе прыватны спонсар.
Адначасова да работы па высвятленні імён тых, хто загінуў у канцлагеры Дулаг-125, далучыліся Міжнародная асацыяцыя фондаў міру і фонд «Народная памяць».
P.S. Грашовыя сродкі на стварэнне мемарыяла «Урочышча Пяскі» ў Полацку можна пералічыць у Віцебскае абласное аддзяленне ГА «Беларускі фонд міру» на рахунак №3135411066036 (у беларускіх рублях), №3135411066502 (у доларах), №3135411066805 (у расійскіх рублях) у дырэкцыі ТАА «Белінвестбанк» па Віцебскай вобласці, код 153001739, УНП 300126737, АКПА 05836097.
На сайце Беларускага фонду міру http://fondmіra.by/ можна прасачыць за тым, колькі грошай паступіла на рахунак і як яны трацяцца.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/volga-myadzvedzeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/gistoryya
[4] mailto:medvedeva@zviazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/voiny
[6] https://zviazda.by/be/tags/kraina
[7] https://zviazda.by/be/tags/ushanavac
[8] https://zviazda.by/be/tags/saldat
[9] https://zviazda.by/be/tags/belaruski-fond-miru-0