Ці можа звычайны веласіпед быць яшчэ і прафесійным інструментам? Так, вядома, і цяпер вясковыя паштальёны карыстаюцца гэтым відам транспарту для працоўных патрэб, але, акрамя такога прыкладу, у галаву адразу нічога і не прыходзіць. Але ж яшчэ стагоддзе таму «двухколавыя» былі незаменным атрыбутам пажарных, святароў, медыкаў, цырульнікаў, пчаляроў і нават музыкантаў. Нядаўна ў Нацыянальным гістарычным музеі распачаўся міжнародны выставачны праект «Усё жыццё ў адным ровары», наведнікі якога могуць пабачыць рарытэтныя «прафесійныя» веласіпеды.
— Задума нашай выставы нарадзілася ў Італіі, — расказвае яе куратар Інга РЫЧЫ. — Пасля наведвання музея ў малюсенькім горадзе Мантэльпарэ, дзе выстаўляліся самыя розныя атрыбуты жыцця працоўнага класа, у тым ліку веласіпеды, мяне азарыла, што можна было б зрабіць выставу, прысвечаную менавіта ім. Пасля гэтага давялося пазнаёміцца з Маўрыцыа Урбінаці — прафесійным пекарам і вядомым прыватным калекцыянерам ровараў.
У калекцыі італьянца, якая каля 40 гадоў таму пачалася з веласіпеда каваля, цяпер дзясяткі самых розных двухколавых машын. У Мінск прыехала невялікая частка — 30 экспанатаў. Сярод іх толькі два маюць неітальянскае «паходжанне»: транспарт лонданскага пажарнага і швейцарскі салдацкі ровар. Дарэчы, усе яны «на хаду». Як сцвярджаюць арганізатары, кожны веласіпед — абсалютна арыгінальны, ніводная дэталь не была заменена на сучасную. Тое самае датычыцца і прафесійных артэфактаў. Калі на ровары берсальера (стралка італьянскага войска) вы бачыце капялюш з пер'ем фазана (для абароны шыі ад удару шабляй), гэта сапраўдны стагадовы галаўны ўбор. Дарэчы, гэта самы стары экспанат. А самаму маладому — транспартнаму сродку клоўна — 60 гадоў.
— Ровары ілюструюць жыццё мужчын у пачатку і сярэдзіне мінулага стагоддзя, — кажа Інга Рычы. — У Італіі жанчына звычайна займаецца хатнімі справамі, а грошы зарабляе мужчына. Менавіта веласіпеды сталі тым інструментам, які дазволіў італьянцам перамяшчацца на вялікую адлегласць і выконваць большыя аб'ёмы працы. Акрамя таго, экспанаты дапамагаюць скласці ўражанне пра фізічную моц тых людзей: мы нядаўна падымалі адзін з ровараў па лесвіцы ў тэлестудыю, і тры дарослыя мужчыны ледзь справіліся, бо тэхніка таго часу была вельмі масіўнай.
Некаторыя экспанаты — гэта яшчэ і цуд інжынернай думкі. Так, скажам, веласіпед краўца аснашчаны швейнай машынай, якая працуе ад кручэння педаляў. Ёсць тут і матарызаваныя транспартныя сродкі. Варта яшчэ сказаць, што асобныя веласіпеды дазваляюць даведацца больш аб прафесіях, якіх ужо нават і не існуе.
Разглядаем экспанаты. Некаторыя выглядаюць вельмі падманліва. Скажам, веласіпед з «жаночай» рамай далёка не абавязкова належаў прадстаўніцы слабай паловы чалавецтва. Прыклад — ровар каталіцкага святара, доўгая раса якога не павінна была замінаць руху. Ад «зажоўвання» спецыяльным кажухом абаронены і ланцуг. Звычайна такім сродкам карысталіся тыя служкі культу, паства якіх жыла ў вёсках. З сабой святары ў спецыяльнай прымацаванай скрыні перавозілі ўсе атрыбуты алтара. Святая вада, крыж, Святое Пісанне — усё гэта станавілася своеасаблівай мабільнай царквой дзякуючы італьянскім роварам.
У той жа час памылкай будзе думаць, што ўсе веласіпеды выключна мужчынскія. Жанчыны таксама зараблялі на хлеб пры дапамозе веласіпедаў, няхай сабе і не так масава, як мужчыны. Прыклад — прафесія матэрасая (materassaіo), або матрацніка. Такія працаўніцы накіроўваліся ў пасёлкі і гучна абвяшчалі аб сваім прыбыцці. Жыхары прыносілі на плошчу спальныя матрацы, з якіх майстар даставаў баваўняны напаўняльнік, распарваючы насыпку. Пасля гэтага на спецыяльным узбівальніку, якім быў аснашчаны ровар, бавоўна ачышчалася ад бруду і засыпалася ў новую абалонку.
Ёсць на выставе і экспанаты, звязаныя з дзецьмі. Скажам, да рамы веласіпеда камінара прымацавана невялікае дадатковае сядзенне. Гэта цікавае сведчанне выкарыстання дзіцячай працы. Праўда, як кажуць арганізатары, для хлопчыкаў тых часоў працаваць было вялікім гонарам. Вось і ездзілі разам з дарослымі іх маленькія памагатыя, якія маглі спускацца ў самыя вузкія коміны.
Веласіпеды будуць дэманстраваць на працягу цэлага года ва ўсіх абласных цэнтрах краіны, акрамя Брэста. Таму аматарам гісторыі далёка ехаць не прыйдзецца — варта толькі сачыць за афішамі.
Фота Надзеі БУЖАН
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/yaraslau-lyskavec
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] mailto:lyskavets@zvіazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/velasiped
[5] https://zviazda.by/be/tags/rovar
[6] https://zviazda.by/be/tags/god-kultury