Добрая вестка прыйшла ў нашу краіну. Калектыў Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж» сёлета адзначаны лаўрэатам прэстыжнай еўрапейскай прэміяй «Еўропа Ностра» ў намінацыі «Самаахвярнае служэнне». Такую ж узнагароду ў намінацыі «Рэстаўрацыя» ў 1993 годзе ўжо атрымаў Мірскі замак. Цырымонія пройдзе 24 мая ў Мадрыдзе, а саму прэмію прадстаўнікі музея атрымаюць з рук Ганаровага старшыні арганізацыі «Еўропа Ностра», вядомага опернага спевака Пласіда Дамінга. Мяркуецца, што на ўрачыстасці будзе прысутнічаць і каралева Іспаніі Лецісія.
Каб павіншаваць супрацоўнікаў з узнагародай, а таксама даведацца больш аб працы музея і планах на будучыню, наш карэспандэнт накіравалася ў Нясвіж, дзе сустрэлася з дырэктарам музея-запаведніка Сяргеем КЛІМАВЫМ.
Супольная радасць
— Нас ужо многія павіншавалі, тэлефанавалі журналісты, гісторыкі, мастацтвазнаўцы, мастакі, проста аматары мінуўшчыны. Большая частка каментарыяў у інтэрнэце станоўчыя і нават захопленыя. Людзі адчуваюць гонар і за музей, і за краіну ў цэлым, за тое, што за кароткі час мы змаглі аднавіць такі вялікі замак, вярнуць яго публіцы. Пры Радзівілах тут ішлі прыёмы, прыязджалі госці, было многа не толькі забаўляльных мерапрыемстваў. У замку адбываліся значныя палітычныя сустрэчы. Усё гэта і цяпер ёсць! Праходзяць міжнародныя саміты, канферэнцыі, прыязджаюць госці з розных краін свету. Натуральна, прэмія станоўча адаб'ецца на нашым музеі: як беларускі праект будзем вядомыя ва ўсёй Еўропе. Ды і які можа быць негатыў, калі мы патрапілі ў лік найлепшых музеяў Еўропы! Нас вылучылі менавіта за прафесіяналізм каманды, уклад у музеефікацыю аб'екта і адкрыццё яго для наведвальнікаў. Гэта і мы, сённяшнія супрацоўнікі, і тыя, хто працаваў да нас.
Маладыя і смелыя
— Наша каманда досыць маладая і вельмі крэатыўная. А ідэі, што ўзнікаюць, як правіла, рэалізуюцца. Запланаванае пяць гадоў таму цалкам выканана. Адметна, што праца вядзецца не толькі ў замку. Мы маем справу з цэлай гісторыка-культурнай прасторай старажытнага Нясвіжа, радзівілаўскага горада, які быў створаны гэтым знатным родам. Можна сцвярджаць, што Радзівілы пабудавалі ідэальны горад. Мы працягваем працу з іх спадчынай. На чарзе — рэканструкцыя ў ратушы, дзе пройдуць рээкспазіцыя і адкрыццё новай музейнай пляцоўкі. Гэта будзе дзіцячы адукацыйны цэнтр. На 1 чэрвеня плануем адкрыццё дзіцячага кафэ з цікавымі пазнавальнымі праграмамі. Сам цэнтр, дзе будуць праходзіць гульні, квэсты, праграмы, звязаныя з гісторыяй Нясвіжа, Беларусі, нашай культурай у цэлым, запрацуе цягам лета.
Дом для Радзівілаў
— Мы кантактуем у асноўным з польскімі Радзівіламі, князямі Мацеем і Мікалаем. Пакуль ніякіх водгукаў з іх боку не было, але думаю, што ім будзе прыемна атрымаць навіну. У цэлым, Радзівілы высока ацэньваюць уклад Беларусі ў аднаўленне іх радавога гнязда. Гэта адзін з нямногіх адноўленых фамільных замкаў, які жыве паўнавартасным жыццём. Старажытны шляхецкі род амаль усё страціў, радавыя замкі ва Украіне знаходзяцца ў вельмі кепскім стане, у Польшчы радзівілаўскіх палацаў амаль няма, толькі ў Варшаве засталася рэзідэнцыя, але там знаходзіцца ўрадавая ўстанова.
Нясвіж — адзінае месца, куды Радзівілы прыязджаюць, як дадому. Тут створаныя для гэтага ўсе ўмовы: мінімальная музеефікацыя замка, ёсць і апартаменты, і залы для прыёмаў, і тэатральная зала.
Ухіл на аўтэнтычнасць
— Наша ўстанова, бадай, набывае больш прадметаў, чым усе музеі краіны разам узятыя. Замак мы атрымалі літаральна пусты — проста сцены. Музеефікацыя праходзіла паэтапна. Першапачаткова набылі элементы інтэр'ераў, мэблю. Спачатку гэта былі аналагі, якія маглі бытаваць у той час, а цяпер іх паступова замяняем на арыгінальныя радзівілаўскія рэчы. Так, тры гады таму адбылася вельмі значная пакупка: мы набылі радзівілаўскі спальны гарнітур, які знаходзіўся ў ЗША. Гэта вельмі вялікае дасягненне, бо ў палац вярнуўся самы вядомы камплект мэблі з фамільнымі гербамі. Паступова падбіраем прадметы больш адпаведныя гісторыі Радзівілаў і Нясвіжа. Частка экспазіцыі — дэпазітная, мы пазычылі некаторыя рэчы з іншых музеяў, у калекцыянераў. Гэтыя прадметы паступова вяртаюцца да гаспадароў. Адзначу і адзін з найбольш значных набыткаў апошняга часу — паўдаспех XVІ стагоддзя, часоў Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі.
На карысць усяго рэгіёна
— Музей-запаведнік сапраўды мае ўсенародную падтрымку. Магчыма, прафесіяналамі спачатку ён быў сустрэты крыху насцярожана. Мы — вельмі малады музей, але хутка развіваемся, рухаемся наперад. Гэта паказвае, што сродкі, укладзеныя дзяржавай у культуру, працуюць. Мы маем вялікі патэнцыял, спрабуем пашыраць прастору, далучаць у партнёры іншыя праекты. Ёсць намер працаваць па турыстычным кластары, стварыць больш аб'ёмную ландшафтна-гістарычную пляцоўку для турыстаў. Музей вывучыў вопыт стварэння турыстычных холдынгаў еўрапейскіх краін — Францыі, Італіі, Аўстрыі, Іспаніі. У ідэале турыст павінен заставацца ў горадзе, раёне на некалькі дзён, каб зарабляў не толькі наш замак, а ўвесь рэгіён. Гэта больш шырокая пляцоўка для працы, глабальны дзяржаўны падыход. Такія праекты маюць вялікі патэнцыял, каб Беларусь стала сапраўды еўрапейскай турыстычнай краінай. Мы цікавыя не тым, што маем замкі, а сваёй адметнасцю. Сюды прыязджаюць не каб пабачыць еўрапейскую мэблю, карціны, а каб паглядзець на нас, як мы жывём. Натуральна, першапачатковая задача — вычленіць і паказаць аб'екты, якія адрозніваюць нас ад іншых, але ёсць і мэта прадэманстраваць, што мы знаходзімся ў еўрапейскім трэндзе, з'яўляемся часткай агульнаеўрапейскай гісторыі. Гэта знаходзіць водгук у свядомасці гасцей з Польшчы, Германіі, Францыі, Расіі, Украіны.
Мяжа — 400 тысяч
— Нясвіжскі замак прымае каля 400 тысяч наведвальнікаў на год. І мы не можам павялічваць паток турыстаў менавіта ў сам замак. Большасць гасцей наведваюцца летам і ў выхадныя дні. Але палац мае сваю прапускную здольнасць, правілы эксплуатацыйнай бяспекі, якія мы не можам парушаць. Мы вывучалі вопыт палаца Фантэнбло, размешчанага за 30 кіламетраў ад Парыжа. Ён напоўнены артэфактамі, там жыў і адрокся ад трона Напалеон... А колькасць наведвальнікаў — таксама 400 тысяч. І больш прыняць проста немагчыма: павышаюцца тэмпература, вільготнасць, псуюцца артэфакты, ды і самі людзі адчуваюць сябе некамфортна. Гэта ж дамы для жыцця адной сям'і і іх набліжаных.
Радзівілы не будавалі замак для мільёна наведвальнікаў. Таму можна смела сцвярджаць, што мы знаходзімся на ўзроўні еўрапейскіх замкаў і музеяў, а ўзнагарода «Еўропа Ностра» яшчэ раз гэта пацвярджае.
Выйсці на самаакупнасць
— Дзяржаўнае фінансаванне запаведніка складае толькі 26%, усё астатняе зарабляем самі. Справа не толькі ў паспяховым менеджменце, але і ў зыходных умовах. Нясвіж такі адзін, таму да нас едуць. Магчыма, у Беларусі ёсць добрыя, унікальныя музеі, але калі яны маленькія, калі няма інфраструктуры і ў іх цягам 50 гадоў не ўкладаліся сродкі, зразумела, што наведвальнікаў не будзе шмат. Нясвіжскі музей-запаведнік ствараўся як нацыянальны турыстычны цэнтр, і ён сваё прызначэнне выконвае. Мы набылі некалькі кватэр для супрацоўнікаў, таму маем магчымасць запрасіць на працу кваліфікаваных спецыялістаў. За пазабюджэтныя сродкі робім дзіцячую кавярню-музей у ратушы. Нам перадалі яшчэ некалькі пляцовак, у тым ліку і радзівілаўскія стайні. За апошнія чатыры гады за пазабюджэтныя сродкі мы набылі экспанатаў прыкладна на 700 тысяч долараў. Усё — за грошы, што зарабілі самі.
Цяпер вядзецца праца, каб выйсці на самафінансаванне, каб мы не абцяжарвалі дзяржаўны бюджэт. Нясвіж мае гэты патэнцыял. Важна раскрываць свае магчымасці і выходзіць на новыя рынкі паслуг. Дзяржава ўклала вялікія сродкі ў аб'ект, дала музею старт, таму ўстанову трэба развіваць. Нельга спыняцца, проста сядзець і чакаць. І тое, што нам прысуджана такая ганаровая еўрапейская ўзнагарода, паказвае: рухаемся ў правільным кірунку.
Ініцыятарам вылучэння музея-запаведніка «Нясвіж» на прэмію «Еўропа Ностра» быў намеснік дырэктара гэтай установы Сяргей ЕГАРЭЙЧАНКА.
— Сама па сабе прэмія «Еўропа Ностра» — еўрапейскі «Оскар» у галіне гісторыка-культурнай спадчыны, — кажа ён. — Яна ўручаецца штогод па чатырох намінацыях: «Рэстаўрацыя і кансервацыя», «Самаахвярная служба», «Навуковыя даследаванні», «Прыцягненне ўвагі да гісторыка-культурнай спадчыны». Большая частка прэмій прысуджаецца краінам Еўрапейскага саюза і фінансуецца Еўракамісіяй. Таксама ўзнагарода можа быць уручана і праекту па-за межамі Еўрасаюза — але ўжо за сродкі арганізацыі «Еўропа Ностра». Яе і атрымае Нясвіжскі палац. Адметна, што сёлета Беларусь стала адзінай краінай-лаўрэатам па-за межамі ЕС.
Па ўмовах намінацыі, мы павінны былі прадставіць рэкамендацыі паважаных асоб, спецыялістаў галіны. Іх музею далі намеснік міністра культуры Аляксандр Яцко, старшыня Добраахвотнага таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч, князь Мацей Радзівіл, а таксама брытанскі эксперт у галіне культурнай спадчыны і гістарычнай архітэктуры Дэніс Родвэл. Дасье было намінаванае Беларускім камітэтам ІCOMOS на чале з Уладзімірам Гілепам.
Трэба рэкламаваць установу не толькі сярод беларускіх, але і замежных турыстаў. Думаецца, дзякуючы гэтай прэміі мы атрымаем найлепшы піяр, чым самі маглі б зрабіць за некалькі гадоў.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/maryna-vesyaluha
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/arhitektura
[4] mailto:vesіaluha@zvіazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/nyasvizhski-palac
[6] https://zviazda.by/be/tags/europa-nostra
[7] https://zviazda.by/be/tags/premiya
[8] https://zviazda.by/be/tags/god-kultury