Бясплатныя кансультацыі, канцэрт, цёплыя сустрэчы з жыхарамі — раён наведала прадстаўнічая дэлегацыя Беларускага саюза жанчын на чале з міністрам працы Марыянай Шчоткінай. Разам з актывісткамі гэтага руху прыехалі ўрачы вядучых рэспубліканскіх медыцынскіх цэнтраў і ўстаноў Мінска — мамолаг, гінеколаг і эндакрынолаг.
Падчас наведвання раённай бальніцы Марыяна Шчоткіна цікавілася, што зроблена ў раёне для таго, каб сюды ехалі працаваць маладыя спецыялісты, як справы з нараджальнасцю. Касцюковіцкая лячэбная ўстанова абслугоўвае не толькі раён. Некалькі яе аддзяленняў — гемадыялізу, траўматалогіі і перынатальны цэнтр 1-га ўзроўню з'яўляюцца міжраённымі і прымаюць жыхароў суседніх Краснапольскага, Хоцімскага і Чэрыкаўскага раёнаў. Паводле слоў выканаўцы абавязкаў галоўнага ўрача бальніцы Тамары Галайды, кансультацыі змаглі атрымаць менавіта тыя пацыенты, з пастаноўкай дыягназу якім узнікалі праблемы. Некалькі дзяцей па выніках абследавання накіраваны для далейшага лячэння ў Рэспубліканскі цэнтр эндакрыналогіі і Магілёўскую абласную дзіцячую бальніцу. Медперсанал раённай бальніцы атрымаў карысную інфармацыю па профілі сваёй дзейнасці.
Жанчыны грамадскага аб'яднання наведалі таксама дзіцячы дом сямейнага тыпу, цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання дзяцей-інвалідаў, аддзяленне дзённага знаходжання дзяцей-інвалідаў Касцюковіцкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, пабывалі ў сям'і ліквідатара аварыі на ЧАЭС. Яны прынялі ўдзел у мітынгу-рэквіеме, які адбыўся на пляцоўцы ля памятнага знака, устаноўленага да 20-годдзя аварыі на ЧАЭС. Завяршылася сустрэча праглядам дакументальнага фільма «Чарнобыль — экзамен для нацыі» і канцэртам артыстаў Магілёўскай абласной філармоніі.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/belaruski-sayuz-zhanchyn
[4] https://zviazda.by/be/tags/charnobylskaya-katastrofa
[5] https://zviazda.by/be/tags/dabrachynnaya-akcyya