Наладзіць кантакт паміж работнікамі і кіраўніцтвам заўсёды дапамагаў прафсаюз. Бо, з аднаго боку, «пярвічкі» ставяць сваёй мэтай адстойваць правы і інтарэсы калектыву, з іншага — спрыяць развіццю прадпрыемства. У цяперашніх эканамічных умовах, калі пытанні эфектыўнасці вытворчасці і занятасці стаяць вельмі востра, роля прафсаюза як ніколі ўзрастае. Ці ўдаецца прафесійным аб'яднанням сёння спраўляцца з функцыяй пасярэдніка? Якія ўступкі недапушчальныя? І як абараніць работнікаў, што могуць трапіць пад скарачэнне? Пра гэта мы пагаварылі са старшынёй ФПБ Міхаілам ОРДАМ.
Чалавек не павінен пацярпець
— Амаль год таму, на VІІ з'ездзе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, Прэзідэнт звяртаў увагу, што прафсаюзы павінны сачыць за тым, каб выконвалася ўсё, што прапісана ў калектыўных дагаворах, захоўваць працоўныя месцы. Падводзячы першыя вынікі, чаго ўдалося дасягнуць?
— На тым з'ездзе мы змаглі намеціць рашэнне пытанняў, якія доўгі час здаваліся непад'ёмнымі. Цяпер ва ўсіх нашых «пярвічках» мы праводзім аналіз дзеючых калектыўных дагавораў на прадмет іх адпаведнасці пагадненню. У выпадку выяўлення дагавораў з нормамі, ніжэйшымі за прапісаныя ў Генеральным пагадненні, нашы актывісты будуць ініцыяваць распрацоўку дапаўненняў. Тое, пра што мы дамовіліся з урадам і наймальнікамі, павінна распаўсюджвацца на работнікаў усіх прадпрыемстваў, дзе ёсць прафсаюзы.
Што да абавязацельства садзейнічаць захаванню працоўных калектываў і месцаў, то на сёння гэта адна з асноўных задач. Ужо практычна год мы праводзім маніторынг па прадпрыемствах, дзе ёсць нашы арганізацыі. На жаль, сёння многія працадаўцы вымушаны для захавання вытворчасці ўводзіць няпоўную занятасць. У такім выпадку наша задача — забяспечыць належныя работнікам па заканадаўстве і калектыўным дагаворы выплаты.
— Ці ўдаецца прафсаюзу, які звычайна выступаў пасярэднікам паміж калектывам і наймальнікам, вытрымліваць у сённяшніх няпростых умовах баланс інтарэсаў?
— Мы разумеем, што ў шэрагу выпадкаў аптымізацыя прадпрыемстваў неабходна. У такіх сітуацыях настойваем на тым, каб інтарэсы работнікаў былі ўлічаны па максімуме. На жаль, не ўсе наймальнікі шчырыя ў гэтым пытанні. Апошнім часам мы сутыкаемся з фактамі схаванага скарачэння. Калі работніку проста не працягваюць кантракт, а пасля яго звальнення скарачаюць пасаду. Такія падыходы недапушчальныя. Наша пазіцыя: калі ёсць рэальная, апраўданая неабходнасць скарачэння (напрыклад, тэхналагічную аперацыю, якую выконваў работнік, замяняе новае абсталяванне), чалавек не павінен пацярпець. Ён мусіць прайсці працэдуру скарачэння па ўсіх правілах: з выплатай належных кампенсацый, з магчымасцю апераджальнага перанавучання і працаўладкавання.
Такія прыклады сацыяльна адказнага бізнесу ёсць. Калі на «Нафтане» закрывалася вытворчасць акрылавага валакна «Нітрон-С», людзі прайшлі перанавучанне і змаглі ўладкавацца на новых участках завода.
Але хачу адзначыць, што ў абсалютнай большасці няпоўная занятасць — часовая мера. Як правіла, прадпрыемствы вяртаюцца да паўнацэннай працы. Адзін з нядаўніх прыкладаў — магілёўскі завод «Строммашына». У апошні год ён быў у вельмі складаным становішчы. І, напэўна, самым лёгкім рашэннем было б яго ліквідаваць. Але не значыць, што гэта рашэнне было б правільным. Гэта вытворчасць з багатай гісторыяй, напрацоўкамі, вопытам. Там дзясяткі працоўных дынастый. Закрыць проста, стварыць аналагічнае новае — немагчыма. Таму Федэрацыя прафсаюзаў прыклала максімум намаганняў, каб захаваць гэту вытворчасць. У снежні мінулага года я расказаў пра сітуацыю на прадпрыемстве кіраўніку дзяржавы. Прэзідэнт падтрымаў нас у тым, што завод трэба захаваць. Быў прыняты шэраг аператыўных рашэнняў, што фактычна вярнула прадпрыемства да жыцця. Сёння «Строммашына» атрымала сур'ёзны заказ, які дапаможа ёй разлічыцца з даўгамі і выйсці на бясстратную работу.
— Зразумела, што цяперашняе эканамічнае становішча вымушае і наймальнікаў, і работнікаў ісці на ўступкі, каб выратаваць прадпрыемства. А якія рэчы недапушчальныя?
— Недапушчальна, каб чалавек не па сваёй віне застаўся без работы, недапушчальна эканоміць на ахове працы, парушаць працоўнае заканадаўства. Непрымальна таксама вырашаць праблемы прадпрыемства выключна за кошт інтарэсаў людзей. Напрыклад, цяпер пастаўлена задача скараціць выдаткі вытворчасці на 25 працэнтаў. І мы разумеем, што ў наймальнікаў можа ўзнікнуць жаданне дабіцца гэтага ўразаючы выплаты ці звальняючы людзей. На наш погляд, рашаць пастаўленыя задачы такім чынам недапушчальна. Мы будзем уважліва сачыць за сітуацыяй у гэтым плане.
Адмяніць гарантыі можна толькі на пэўны перыяд
— На 2016—2018 гады дзейнічае новае Генеральнае пагадненне паміж прафсаюзамі, наймальнікамі і Саветам Міністраў. Якія новаўвядзенні яно ўтрымлівае?
— Асабліва важным нам здаецца тое, што ў сённяшняй эканамічнай сітуацыі мы дамовіліся з урадам аб прыняцці захадаў па сацыяльнай падтрымцы беспрацоўных і тых, хто можа трапіць пад скарачэнне. Па-першае, мы прапісалі прадугледжваць у інвестыцыйных дагаворах у выпадку прыватызацыі прадпрыемства абавязацельства захоўваць узровень занятасці працоўных не менш за тры месяцы. Гэта дазволіць планава вырашаць пытанні з вызваленымі работнікамі, калі такія будуць. Па-другое, мы дамовіліся пра неабходнасць павышэння дапамогі па беспрацоўі. На наш погляд, яна павінна быць не меншай за бюджэт пражытковага мінімуму для працаздольнага насельніцтва. Па-трэцяе, мы пашырылі пералік асоб, каму аддаецца перавага захавання месца пры скарачэнні штату.
У цэлым, пагадненне насычанае. Мы першапачаткова былі настроены на тое, каб у ім утрымліваліся нормы, не ніжэйшыя за папярэднія. Галоўнае, каб усе гэтыя палажэнні былі перанесены ў калектыўныя дагаворы і мясцовыя пагадненні. Толькі ў такім выпадку работнікі могуць быць упэўненыя, што яны абароненыя.
— Дарэчы, пра калектыўныя дагаворы. Якія гарантыі яны даюць? Ці захаваюцца гэтыя бонусы ў цяперашні няпросты перыяд?
— У гэтых дакументах прапісваюцца ўсе асноўныя правілы жыцця працоўнага калектыву, у тым ліку і дадатковыя бонусы ў частцы аплаты працы, матэрыяльнага стымулявання. Пры гэтым мінімальны аб'ём гарантый для кожнага калдагавора — гэта тое, што закладзена ў Генеральным пагадненні, не менш. У нас жорсткае патрабаванне: калектыўны дагавор павінен заключацца ў найкарацейшыя тэрміны пасля стварэння пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі.
Мы разумеем, што сёння ў эканоміцы не самая простая сітуацыя, і часам сутыкаемся з тым, што наймальнік вымушаны адмовіцца ад тых ці іншых узятых на сябе абавязацельстваў у рамках калектыўнага дагавора. Гэта можа быць прадыктавана цалкам аб'ектыўнымі прычынамі. Пытанне ў тым, як наймальнік праводзіць гэту працэдуру. На жаль, часта здараецца, што работнікаў проста ставяць перад фактам адмены нейкіх гарантый, без тлумачэння прычын і тэрмінаў такіх рашэнняў. У новым Генеральным пагадненні прапісана норма, якая дазваляе прыпыніць дзеянне пэўных палажэнняў лакальнага дакумента па ўзгадненні бакоў. Падкрэсліваю — па ўзгадненні бакоў. Але пры гэтым павінен быць вызначаны перыяд прыпынення і механізм аднаўлення гэтых пунктаў.
— З гэтага года, у выніку карэкціроўкі падатковага заканадаўства, змяніліся ўмовы прадастаўлення дадатковых дзён водпуску. Наймальніку цяпер гэтыя дні будуць абыходзіцца даражэй. Работнікі баяцца, што іх водпускі пачнуць уразаць...
— Наймальнік не можа выключна па сваім жаданні скараціць колькасць дзён. Калі дадатковы водпуск гарантаваны калектыўным дагаворам, то змяніць умовы яго прадастаўлення дазваляецца толькі пасля перамоў з прафсаюзам. А мы будзем адстойваць інтарэсы працаўнікоў. Калі гэта норма прапісана ў кантракце, то карэктывы ўносяцца па пагадненні бакоў або пры наяўнасці абгрунтаваных вытворчых, арганізацыйных ці эканамічных прычын. Але папярэдзіць пра гэта работніка трэба мінімум за тыдзень.
Спакуса нешта недаплаціць расце
— Год таму прафсаюзы пачалі праводзіць бясплатныя прававыя прыёмы грамадзян. Кожны апошні чацвер месяца юрысты ў райцэнтах і буйных гарадах кансультуюць работнікаў па пытаннях, звязаных з абаронай іх працоўных і сацыяльна-эканамічных інтарэсаў. Наколькі гэта мерапрыемства запатрабавана? З якімі праблемамі часцей за ўсё звяртаюцца людзі на прыём?
— На працягу года мы крыху мянялі фармат. Спачатку прававыя прыёмы праводзіліся ў раённых аб'яднаннях прафсаюзаў, потым нашы юрысты сталі выязджаць і на прадпрыемствы, дзе ёсць нейкія праблемныя пытанні, каб дапамагчы іх вырашыць. Усяго за год больш за 2800 чалавек атрымалі дапамогу ад нашых прававых інспектараў. Але, на маю думку, справа не ў лічбе. А ў тым, што чалавек у родным горадзе, раёне можа разлічваць на неабходную прававую кансультацыю. Яму не трэба плаціць за яе грошы, ехаць у сталіцу ці абласны цэнтр, каб атрымаць адказы на хвалюючыя пытанні.
Часта людзям патрэбен не проста адказ, а практычная дапамога. У такім выпадку наш юрыст знаёміцца з сітуацыяй, тлумачыць магчымыя варыянты вырашэння, звязваецца з мясцовымі органамі ўлады, пры неабходнасці суправаджае чалавека ажно да падачы іску ў суд. Што да тэматыкі зваротаў, то кола пытанняў вельмі шырокае. Гэта не толькі працоўнае права, але і сямейнае, пенсійнае, жыллёвае заканадаўства. Адным словам, усё тое, чым жыве чалавек.
— Сярод даручэнняў кіраўніка дзяржавы — да сярэдзіны гэтага года стварыць прафсаюзныя арганізацыі ва ўсіх працоўных калектывах. У тым ліку і ў недзяржаўным сектары. Наколькі актыўна ідзе работа ў гэтым кірунку?
— Мы стараемся гэту задачу выканаць. Бо, як паказвае практыка, любыя праблемы на прадпрыемстве лепш вырашаць калектыўна, пры актыўным удзеле прафсаюзнай арганізацыі. На жаль, мы сёння бачым: там, дзе няма прафсаюза, наймальнік часцей ідзе на парушэнне працоўнага заканадаўства. А ў няпростых эканамічных умовах спакуса нешта недаплаціць, нешта ўрэзаць узрастае. Іншымі словамі, у такіх сітуацыях чалавек абаронены не цалкам. Задача прафсаюзнай арганізацыі — па максімуме адстаяць інтарэсы работнікаў. Гэта для нас галоўнае. Так, гэта цяжка. Але прафсаюзны хлеб ніколі не быў простым.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/natallya-lubneuskaya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:lubneuskaya@zvіazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/prafsayuz
[5] https://zviazda.by/be/tags/fpb