Што было — было. Адна пажылая (бо пажыла ж...) вяскоўка ў горад на зіму пераехала — да сваёй дачкі. А дачка ж не нявестка. Добра бабулі: смачна есць, доўга спіць, зрэдчас для «размінкі» на зяця пасварыцца, у двары на лавачцы пасядзіць...
Дык вось. Неяк раз вяртаецца адтуль і адразу ж да тэлефона: давай у вёску званіць, давай хваліцца, што ў яе тут, здаецца, грэйпфрут з'явіўся!
— Хто-хто? — не разумее сяброўка.
Дачка з-за спіны:
— Мама, не грэйпфрут, а бойфрэнд!
І сапраўды, дзеўкі, жанкі цяпер кавалераў гэтак завуць, хоць слоўца і не наша — грувасткае: людзям у гадах яго цяжка запомніць. (З той жа «оперы» — анекдот. Бабуля да ўнучкі: «Дзіцятка, нагадай мне, як завуць таго немца, з-за якога я розум трачу?» — «Альцгеймер, бабуля, Альцгельмер!»...)
І гэта, магчыма, смешна было б, калі б не было так сумна.
А зрэшты, усё змяшалася, як той казаў — і ў гэтым анекдоце, і ў нашай конкурснай пошце, бо, глянуўшы на верхні здымак, яно ж, згадзіцеся, цяжка не ўсклікнуць:
Эх, жыццё было даўно:
Што ні вечар — то кіно!
А цяпер — ляжы на печы...
Ці сядзі — глядзі ў акно.
Можна паспрачацца са спадарыняй Аленай Кулік з вёскі Нелюбы Валожынскага раёна, сказаць, што ёсць яшчэ, дзякаваць Богу, кнігі, інтэрнэт і экраны тэлевізараў, ёсць сямейнікі, якіх трэба глядзець, ёсць гаспадаркі-гароды, захапленні... Але рацыя ў словах Алены — таксама, бо не з неба ж зваліўся конкурсны здымак — у многіх мясцінах і сапраўды (паводле спадарыні Валянціны Гудачковай з Жыткавіч):
Дзе была кінарэклама,
Засталася толькі «рама»...
Хто ж паедзе і адкуль
Фільм круціць для дзвюх бабуль?
А тым больш што іх, гэтых самых бабуль, дзядуляў (як, дарэчы, і людзей нашмат маладзейшых), трэба яшчэ добра пастарацца, каб... з той «печы зняць». Спадар Мікалай Старых з Гомеля, мусіць, паспрабаваў? Бо іначай, гледзячы на здымак, наўрад ці «пачуў» бы ад адной з кабет цалкам лагічнае тут:
Я ў клубе ўжо не госць,
Бо кіно — і дома ёсць: .
З паўсцяны тэлеэкран,
У «Звяздзе» — вагон праграм:
Там камедыя, там — драма,
Там хакей і «Панарама»,
А ўжо фільмаў пра каханне...
Круцяць з вечара да рання!
Што важна — «з дастаўкай» дахаты, нікуды ісці не трэба. Да таго ж Генадзь Хазанаў неяк рытарычнае пытанне задаў: «Ці можна ў Вялікім тэатры парыць ногі?» І сам жа на яго адказаў: «...А перад тэлевізарам — можна». Значыць, сядзі сабе і глядзі. Прычым — дзень пры дні, гадамі, бо ў той жа праграме незлічона, можна сказаць, не проста фільмаў, а серыялаў кшталту «Санты-Барбары»: усе забыліся, калі яна (нейкая чарговая...) пачалася і ніхто не ведае, калі скончыцца... (Два анекдоты ў тэму. «Доктар, ну як я?» — пытаецца хворы пасля аперацыі. Першы варыянт адказу: «Можаце браць крэдыт» — «А як аддаваць?» — «Аддаваць не прыйдзецца»... Другі — «Новыя серыялы глядзець не пачынайце»...)
Але ж, бывае, зачэпішся вокам за экран і «ўліпнеш», бо, як піша спадарыня Гудачкова:
Што кіно...
Кабетам сталым
Даспадобы серыялы:
Што адна не так убачыць,
То другая — растлумачыць.
А значыць, сустрэўшыся, ім ёсць аб чым пагаманіць. Да таго ж абедзве ўвесь час пры справе...
Іншая размова — наколькі яна, тая справа, карысная, бо...
Неяк хвілін праз дзесяць пасля пачатку фільма глядач з кінатэатра выскачыў, да афішы пакіраваў, прачытаў там: «Дзеці да 16-ці не дапускаюцца» і прызнаў: «Шчаслівыя...»
Як, магчыма, і гэтыя дзве кабеткі, бо (паводле спадарыні Валянціны) яны,
Баба Маня з бабай Таняй
Не сумуюць па экране.
Цікавей усё адно
Жыць!..
Не пяліцца ў кіно!..
Трэба разумець, з ранку да вечара?
А вось нешта людскае — да таго ж на вялікім экране, зрэдчас — паглядзець можна. Ды што там — дзеля гэтага нават кампанію добра сабраць! Як некалі... Ці як маладыя цяпер — тэлефануюць адзін аднаму, дамаўляюцца аб сустрэчы, ідуць у кінатэатр... (Было, кажуць: там, падчас прагляду фільма, гук прапаў. Нехта адразу ў крык: «Эй, у каго там пульт?!»)
Трэба думаць, што прыладу гэту хутка знайшлі. А вось на кампанію не ўсім шанцуе. Адна з гераінь здымка (спадарыня Алена Кулік не ўдакладняе, каторая — тая, што справа ці злева?) паспрабавала яе сабраць, а другая – паглядзіце на здымак — якраз пытаецца:
— Што, Пятроўна, тут стаім?
Кажаш: у кіно схадзіла б?
Толькі з Федзем са сваім?
Ці Івана запрасіла?
На Валожыншчыне, выходзіць, ёсць мужчыны!.. Ёсць нават выбар!
Аб іншых населеных пунктах гэтага не скажаш. «Уважліва паглядзеўшы на здымак, — піша, прынамсі, спадар Валерый Гаўрыш з Чавусаў, — я вырашыў, што гэтыя жанчыны сварацца, прычым вельмі даўно і не на жарт».
З-за чаго? З-за каго? Ну вядома ж: шукайце... мужчыну!
Калі клуб наш закрывалі —
Штось прадалі, што спісалі:
Быў загад начальніка...
А жанчынам як тут быць?
Як на ўсіх ім падзяліць
Кіншчыка-механіка?!
І сапраўды: калі ён, той кіншчык, мужчына і добры гаспадар, то ў кабет — праблема. Прычым — не жартоўная. Як яе вырашыць, ведае хіба спадарыня Галіна Пятроўская з вёскі Ардашы Смаргонскага раёна, якая ад імя адной жанчыны кажа другой (і многім іншым):
Ой суседка дарагая,
Кавалер у нас адзін.
Ты раўнуеш, я раўную...
Давай лепей прададзім!
Сучасны падыход, згадзіцеся — рынкавы. Да таго ж жанчыны сказалі — жанчыны зробяць. А грошы, трэба разумець, падзеляць? Спадарыня Любоў Чыгрынава ведае, на што іх можна патраціць:
Па аб'явах баба Вера
Ўсё шукае кавалера
Каб — з заможных,
Вельмі модных,
Каб не меў ён
Звычак шкодных...
Ды такія кавалеры
Не яе штурмуюць дзверы.
Сумнае кіно. А што да кавалераў, то ёсць у акрузе іншыя, але ж іх — паводле спадара Міколы Кісяля з Мінска — баба Вера «не разглядае», у разлік не бярэ, бо:
Ну і лянівец гэты Міша! —
Смалячкоў не мае:
Кожны дзень сабе... афішы
На падпал здзірае!
А з імі, з афішамі, трэба разумець, і шлюбныя абвесткі... У выніку на «грэйпфрута» бабе Веры спадзявацца цяжка — шанцаў амаль няма. Ці ўсё ж такі ёсць? І пакідаюць іх сужэнцы Астроўскія з Мінска:
За мастацтва ўжо даўно
У нас важнейшае кіно...
Ды жывуць паблізу цёткі
Ну і мастачкі ж плесці... плёткі!
Ім — няхай падол гарыць —
Але ж дай пагаварыць,
Потым — чутку-пагалоску
Як... кіно — пусціць на вёску.
А ўжо там усе чыста яго «ўбачаць», усе чыста пачуюць, бо (на думку спадара Анатоля Гарачова з Іўеўшчыны):
За сабой пакінуць след
Можна і на хутары.
Як адключаць інтэрнэт,
Дык і так пагутарым.
Трэба разумець, не ўсе яшчэ развучыліся — умеюць размаўляць. І слухаць таксама звычка засталася, асабліва — у сталых вяскоўцаў.
Адкуль гэтыя каштоўныя ўменні браліся, разважае спадар Гаўрыш. «Некалі прачынаешся, — піша ён, — і з самага ранку чуеш галасы. Гэта радыё ў хаце гамоніць: нешта распавядае табе, навіны перадае, песні спявае. Быццам, жывыя людзі паблізу...»
Праўда, былі, — як зазначае чытач, — бо цяпер тое правадное радыёвяшчанне пакінулі гэты свет... Як недзе (і па ўважлівых прычынах) школы, крамы, клубы... Што ёсць, тое ёсць. Але ж нават у гэтых выпадках і населеных пунктах, на думку спадара Валерыя, страчана не ўсё, бо:
Шмат хто едзе ў горад жыць, —
Кліча даль туманная...
Але і вёсцы нашай — быць,
Покуль радыё гучыць...
Хай і сарафаннае!
Адну з яго «перадач», гледзячы на здымак, «агучыла», так бы мовіць, спадарыня Соф'я Кусянкова з вёскі Лучын Рагачоўскага раёна:
— Чуй, кума, гутораць людзі,
Што «кіна ўдзень не будзе»:
Кіншчык з жонкай пасварыўся,
І праз тое — у дым напіўся.
Рачкі поўзае па сенцах —
Чыстае кіно і немцы!
Вось пайду — яго палаю:
Дзе «Вяртанне Будулая»?!
І сапраўды: жанкі могуць дараваць многае, але ж не гэта!
І зрабіць могуць бог ведае што. Спадар Гаўрыш піша: «Нам, мужчынам адзенне — нават на жанчынах — як правіла, да лямпачкі. А вось жанчынам — не. Ва ўсякім разе жонка мая, убачыўшы здымак, тут жа згледзела, што адна з кабет — прыбраўшыся, а другая — у будзённым... Адсюль мае радкі:
Сто задумаў, як відно,
У кабет няхворых:
Ганну цягне ў кіно,
Клаву — шыць уборы.
І гэта, зазначым, за шчасце. Бо, як лічыць спадарыня Лосева з Навагрудчыны, можа пацягнуць яшчэ і не туды:
Дзве жанчыны з вёскі Верас
Ад'язджаюць у... Лас Вегас:
Не вязуць, маўляў, кіно, —
Паляцім у... казіно.
Кажаце, што не было ў Лас-Вегасе такіх гульцоў? Значыць, будуць! А ўжо з грашыма адтуль вернуцца ці без... Неяк, расказвалі, старшыня калгаса сеў у карты гуляць са сваім кіроўцам — і раз, і два, і тры... Старшыня той картуе і картуе, бо ўвесь час «у дурнях» сядзіць. Кіроўца яму:
«Ну што ж вы так, Пятровіч... Сканцэнтруйцеся, уключыце мазгі. Гэта ж вам не калгасам кіраваць... Тут думаць трэба».
У казіно, зазначым, таксама... Як, дарэчы, і ў нашым конкурсе на лепшы подпіс да здымка.
...Дык «хто ж каго?» — перамудрыў, перасягнуў на папярэднім этапе?
Вялікае чытацкае журы найвышэй ацаніла прыдумкі спадароў Анатоля Гарачова з Іўеўшчыны, Валерыя Гаўрыша з Чавусаў, сужэнцаў Астроўскіх з Мінска, гурткоўцаў «Спроба пяра» СШ №3 г. Вілейкі, спадарынь Валянціны Гудачковай з Жыткавіч, Раісы Васільевай з Гомеля і Любові Чыгрынавай...
З гэтым, апошнім, меркаваннем, пагадзілася і журы маленькае рэдакцыйнае. А значыць, прыз у выглядзе падпіскі на дарагую сэрцу газету «Звязда» застаецца ў Мінску.
Хочаце, каб яна — старэйшая, адзіная (сярод штодзённых) беларускамоўная, – пяць разоў на тыдзень прыходзіла да вас? Тады варыянтаў два: першы — аформіць падпіску, другі — уважліва паглядзець на новы конкурсны здымак, падумаць, што гэта значыла б, і напісаць. Варыянтаў подпісу можа быць шмат, але кожны з іх — не больш за восем радкоў, прычым — трапных, дасціпных, прыгожых... Поспехаў!
Ад іх жа шчырыя прабачэнні ўсім, чые варыянты не прайшлі строгага конкурснага адбору — гэтым разам. А ўжо наступным... Пішыце і, як вучыла знаёмая жабка, не здавайцеся: вам пашанцуе!
Фота Анатоля КЛЕШЧУКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[2] https://zviazda.by/be/hto-kago-0
[3] https://zviazda.by/be/hto-kago