Апошнім часам у мяне часта пытаюцца пра любоў. Якая яна і ў чым праяўляецца? Як адрозніць і пазнаць? Раней я наіўна думала, што гэта адзіная тэма, у якой я разбіраюся. А цяпер не магу адказаць ні на адно з пытанняў. Я ўжо не адрозніваю любоў ад кахання, не распазнаю пачуцці, не магу апісаць іх і вызначыць словамі.
Але ёсць адна ідэя і мерка, якой я карыстаюся. Гэтую падказку, як і большасць сваіх урокаў жыцця, я атрымала ў Цэнтры дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі.
Дзядзька Паша любіў, калі я прыходзіла ў палату да яго сына Алёшы. Хлопец станавіўся весялейшым, час праходзіў хутчэй, і думкі пра хваробу адступалі. Яны заўсёды частавалі мяне гарбатай, напіхвалі гасцінцы з сабой у сумку.
А мне трэба было абысці некалькі палат, у якіх кожны раз чакалі майго прыходу, як вольнага паветра. І да кожнага заходзіш — быццам толькі яму належыш. У мяне ніколі не паварочваўся язык сказаць, што пара збірацца да іншага пацыента, што ў суседняй палаце таксама чакаюць. І часам да суседняй палаты я дабіралася толькі праз некалькі гадзін.
І вось баўлю час з Наташай, а ў дзверы ўваходзіць Лёха і коратка кідае: «Зайдзі да нас хутчэй, там бацька нешта хоча ад цябе». Аказваецца, яны ведалі, што я ўжо прыйшла і цярпліва чакалі свайго часу. А мне, як на ліха, у той дзень яго надта бракавала. «Наташ, я вярнуся, абавязкова вярнуся, толькі даведаюся, што патрэбна дзядзьку Паўлу», — абяцаю я, сама не ведаючы, як паспець.
— Вось, сядай, я свежанькага баршчу зварыў, — з парога мне працягвае лыжку дзядзька Паша.
— Баюся, што не змагу сёння правесці час з Алёшам, — шчыра прызнаюся, агаломшаная такім паваротам. — Я там з Наташай... і на работу палячу.
— Ну і добра, ляці сабе. Толькі паеш спачатку, інакш з палаты не выпушчу.
Ён ведаў, што я іншагародняя студэнтка, якая сумяшчае вучобу з працай і валанцёрствам, і што паклапаціцца пра мяне няма каму. І вось гэтая шчырасць прэтэнзій і чаканняў, непатрабавальнасць і жаданне аддаць без узаемнасці абяззброілі мяне. Я сёрбала боршч, прымасціўшыся на бальнічным ложку каля тумбачкі, і ніяк не магла праглынуць камяк у горле. Ён проста хацеў паклапаціцца і адпусціць мяне ў суседнюю палату да Наташы. І гэта асэнсаванне стала для мяне сімвалам сапраўднай любові.
Мой любы сябар плануе пераезд у іншую краіну. Толькі ўяўлю, як мне будзе не хапаць яго, адразу слёзы наварочваюцца. Ён разумее мяне, як ніхто. Мы жывём па адных канонах, аднолькава бачым і адчуваем, разумеем тое, што нельга сказаць словамі. Мы вельмі падобныя. І я не ведаю, ці сустрэну ў жыцці яшчэ такога блізкага чалавека. Але радуюся за яго ад'езд. Бо ведаю, чаго яму не хапае тут, і ўпэўненая, што там ён зможа стаць сабой. Любоў перамагае эгаізм. Мне важней, каб ён быў шчаслівым, чым каб быў са мной побач.
Я часта адпускала тых, каго люблю. Менавіта таму і адпускала, што люблю. Калі ім трэба было сысці, калі так было лепш для іх, я перагрызала сваё нясцерпнае жаданне быць разам і адпускала. Мне важна ведаць, што яны ёсць і што ім добра. Я назіраю здалёк і радуюся іх радасцям. Вяртаюся ў любы момант, калі ім патрэбна дапамога. З'яўляюся без крыўды і нараканняў. З'яўляюся толькі таму, што па-ранейшаму люблю.
Я выхоўваю трохгадовага сына як абсалютна адасобленага ад мяне чалавека. Не бачу яго часткай сябе. Не лічу, што яго жыццё належыць мне. Гэта маё глыбокае перакананне: ён самастойны з самага першага дня. Не навязваю яму свае меркаванні і даю магчымасць выбіраць. Я спадзяюся з радасцю выпусціць яго ў дарослае жыццё, ніколі не раўнаваць да нявесткі і не трымаць каля матчынай спадніцы. Я заўсёды побач, але кожны дзень адпускаю яго ад сябе. Бо хачу, каб яму было добра.
Я настолькі паважаю волю дарагога чалавека, так цаню яго жаданне і выбар, што перастаю думаць пра свае жаданні. Я вельмі хачу быць шчаслівай разам. Але яшчэ больш хачу шчасця ім. Здаецца, гэта і завецца любоўю.
Таццяна НЕМЧАНІНАВА, заснавальніца дабрачыннага руху «Клуб 5000»
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/taccyana-nemchaninava
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/tags/klub-5000
[4] https://zviazda.by/be/tags/taccyana-nemchaninava-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/syameynaya-gazeta