За сем кіламетраў на ўсход ад Лагойска ў велізарным лясным масіве ёсць «голая» пляма ў форме ідэальна роўнага квадрата. Гэта — гадавальнік мясцовага лясгаса, месца, дзе ў літаральным сэнсе нараджаецца адно з галоўных прыродных багаццяў Беларусі. Штодзень, акрамя выхадных, сюды прыязджае аўтобус з навучэнцамі школ, якія дапамагаюць дарослым даглядаць маладыя дрэўцы. Карэспандэнты «Чырвонкі. Чырвонай змены» пабывалі ў гадавальніку і даведаліся, што прымусіла хлопцаў і дзяўчат правесці сваё лета з матыкай у руках.
— Падпрацоўку школьнікаў на базе лясгаса мы арганізуем сумесна з Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі ўжо два гады, — расказвае начальнік гадавальніка Вера КУКШТЭЛЬ. — Лагер працуе заездамі працягласцю па тры тыдні: першыя дзеці былі ў нас з 6 чэрвеня, іншыя — з 4 ліпеня. Запісацца ў яго могуць школьнікі, якія дасягнулі 14-гадовага ўзросту, і толькі з дазволу бацькоў, — гэты момант прапісаны ў заканадаўстве. Асноўны від работ, на якіх задзейнічаны байцы атрада, — праполка саджанцаў. Заробак у першую чаргу залежыць ад аб'ёму выкананай працы.
Начальнік гадавальніка кажа, што тут ёсць і дзеці, якія ўладкоўваюцца на работу самі, без пасрэдніцтва БРСМ. Але прыязджаюць усе разам — на спецыяльным аўтобусе, які прыбывае на месца а 9-й гадзіне. У 13 ён адпраўляецца па зваротным маршруце: больш за 4 гадзіны ў дзень дзецям працаваць нельга.
— Я тут ужо другі заезд запар, — усміхаецца вучаніца 9 класа лагойскай гімназіі Марыя КРУГЛЕНЯ. — А ўвогуле ўпершыню працавала ў гадавальніку яшчэ год таму. Пра магчымасць уладкавацца сюды пачула ад знаёмых дзяўчат. Летам у мяне шмат вольнага часу, рабіць няма чаго, а грошы ніколі лішнімі не бываюць. У Лагойску не так шмат месцаў, куды бяруць школьнікаў, гадавальнік — адно з іх. Сёлета плануем з сям'ёй адправіцца на адпачынак на Браслаўскія азёры, частку грошай я зарабіла сама. Праўда, падчас першага заезду атрымала ўсяго 50 рублёў. Шчыра скажу, работа не з простых, асабліва на адкрытых пасадках.
Агульная плошча гадавальніка складае амаль 24 гектары. Уся яна разбіта на так званыя пасяўныя і школьныя аддзяленні. У першых засяваюць у асноўным хвойныя пароды, якія пасля выкарыстоўваюцца для стварэння лясных культур. У школьных аддзяленнях растуць віды, якія высаджваюць на тэрыторыях розных устаноў і маюць у першую чаргу дэкаратыўную каштоўнасць. Акрамя гэтага, тут ёсць паравыя палі. Гэта тэрыторыі, якія засейваюць сідэратамі, — культурамі, якія ўзбагачаюць глебу карыснымі рэчывамі. Такой раслінай з'яўляецца, напрыклад, маслянічная рэдзька.
Асобная размова пра цяпліцы, у адной з якіх вырошчваюць саджанцы з закрытай каранёвай сістэмай па найноўшай фінскай методыцы. У спецыяльных пластыкавых касетах, раздзеленых на ячэйкі, растуць сотні тысяч маленькіх соснаў, елак і дубоў. Глеба ў іх мае аптымальны састаў, таму расліны растуць вельмі хутка і амаль не хварэюць. Праўда, для пустазелля тут таксама ідэальныя ўмовы, таму школьнікі працуюць і на гэтым адказным участку. Дзецям падабаецца ўсталяваны тут аўтаматычны паліў, які ратуе ў спёку. Перасаджаныя з касет расліны вылучаюцца значна вышэйшымі за звычайныя паказчыкамі выжывальнасці, таму адна цяпліца можа забяспечыць маладым лесам цэлы раён. Дарэчы, летась Лагойскі лясгас нават атрымаў лішак пасадачнага матэрыялу і прадаваў яго іншым гаспадаркам.
— Праца па праполцы насамрэч вельмі важная, — кажа Вера Кукштэль. — Той, хто лічыць, што дрэва здольнае самастойна змагацца з пустазеллем, памыляецца. Калі своечасова не займацца чысткай, то маладыя дрэўцы вельмі хутка зарастаюць і гінуць. У нас у штаце ёсць супрацоўнікі, якія гэтым займаюцца, але ва ўсім гадавальніку працуе толькі пяць чалавек. Таму дапамога з боку школьнікаў вельмі дарэчы — 15—20 пар рук лішнімі не бываюць. Адзінае, што на самую адказную работу — аддзяленні першага года пасеву — я іх не стаўлю, там працуюць вопытныя супрацоўнікі. На ўсіх астатніх — калі ласка. У прынцыпе, я задаволеная імі, агульную мову мы знаходзім лёгка.
Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ
Мінск — Лагойск — Мінск
Фота Сяргея НІКАНОВІЧА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/yaraslau-lyskavec
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/syamya-moladz-demagrafiya
[4] http://lyskavets@zvіazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/shkolniki-0
[6] https://zviazda.by/be/tags/zarabic-groshy
[7] https://zviazda.by/be/tags/lyasgas
[8] https://zviazda.by/be/tags/chyrvonaya-zmena-0