На турніры ў Бразіліі 26-гадовы беларус пачаў выступленне з 1/8 фіналу, там ён перамог кітайскага спартсмена Пен Фея — 4:0. У паядынку за выхад у паўфінал Джавід не пакінуў шанцаў прадстаўніку Аўстрыі Амеру Хрустановічу — 9:0. А вось у барацьбе за выхад у фінал Гамзатаў не змог адолець украінскага спартсмена Жана Беленюка, саступіўшы 0:6.
Галоўны трэнер нашай зборнай па грэка-рымскай барацьбе Ігар Пятрэнка пазней скажа, што фінальны паядынак у яго падапечнага проста адабралі.
— Перад схваткай за выхад у фінал загадзя прызначылі балгарскага арбітра, які быў зацікаўлены ў зыходзе паядынку на карысць саперніка беларускага атлета. Перамогу ў паўфінальным паядынку ў нас проста адабралі. Хачу задаць пытанне судзейскаму корпусу: як такое магчыма на Алімпіядзе? — цытуюць СМІ Ігара Пятрэнку.
Нягледзячы на гэта, на паядынак за «бронзу» Джавід Гамзатаў выйшаў настроеным на перамогу. З самага пачатку наш барэц захапіў ініцыятыву і павёў 2:0. У далейшым перавага Гамзатава таксама не выклікала сумненняў, у выніку ён упэўнена давёў сустрэчу да перамогі — 4:1.
— Ехаў у Рыа за медалём, — кажа Джавід. — Расчараваны, што не змог пазмагацца за «золата». Лічу, што ў паядынку супраць украінца Жана Беленюка была судзейская памылка, якая не дазволіла мне пазмагацца за вышэйшую ўзнагароду Алімпійскіх гульняў. На схватку за трэцяе месца выходзіў упэўнена і ведаў, што паспрабую не падвесці ўсіх сваіх заўзятараў.
Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Джавіда Гамзатава з заваяваннем бронзавага медаля Алімпіяды 2016 года.
«Ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі з боку сапернікаў ты праявіў высокае спартыўнае майстэрства, жалезны характар і волю да перамогі. Твой медаль — вельмі важнае дасягненне для беларускай школы барацьбы, якое дорыць надзею тысячам беларускіх хлопчыкаў, якія займаюцца гэтым сапраўды алімпійскім відам спорту», — гаворыцца ў віншаванні.
Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/darya-labazhevich
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] mailto:lobazhevich@zviazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/alimpiyskiya-gulni-2016
[5] https://zviazda.by/be/tags/dzhavid-gamzatau
[6] https://zviazda.by/be/tags/greka-rymskaya-baracba
[7] https://zviazda.by/be/tags/alimpiec