Сёння ў гарадскім пасёлку Дрыбін праходзіць VІ рэгіянальны фестываль народнай творчасці, промыслаў і рамёстваў «Дрыбінскія таржкі».
«Мастацкі вернісаж», дзе можна набыць вырабы майстроў дэкаратыўна-ўжытковай творчасці або самім навучыцца нейкім карысным прыёмам, пачне працаваць з раніцы. Усё гэта будзе суправаджацца спевамі і танцамі творчых калектываў. У «Таржках» прымаюць удзел артысты і майстры з Беларусі, украінскага Чарнігава, расійскага Смаленска, а таксама Манастыршчынскага і Хіславіцкага раёнаў Смаленскай вобласці. Клубныя ўстановы Дрыбінскага раёна арганізуюць работу «Таржковых крамніц», дзе можна будзе азнаёміцца з дзейнасцю розных устаноў і прадпрыемстваў Дрыбіншчыны. Дзяцей чакаюць забавы на «Гульнявой паляне». На паэтычныя чытанні запросіць «Літаратурная гасцёўня», дзе адбудзецца падвядзенне вынікаў штогадовага конкурсу творчых работ «Славім Дрыбінскі наш край».
Арганізатары прыгожага народнага свята — аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дрыбінскага райвыканкама і цэнтралізаваная клубная сістэма раёна.
— Гэты фестываль з'яўляецца візітоўкай раёна, нашы людзі чакаюць гасцей, каб дзяліцца з імі ўсмешкамі і сакрэтамі народных традыцый, — кажа намеснік старшыні Дрыбінскага райвыканкама Дзмітрый Пімашэнка. — Вельмі радуе, што свята з кожным годам набірае папулярнасць. Сёлета да нас завітаюць удзельнікі з Карэліі і Малдовы, якія прадэманструюць стравы сваіх народных кухняў. Пра нас ведаюць нават у далёкім замежжы. Бо Дрыбін — гэта адзіная шапавальская сталіца не толькі ў маштабах краіны, але, магчыма, і ўсяго свету.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:zigulya@zviazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/drybin
[5] https://zviazda.by/be/tags/festyval-narodnay-tvorchasci-drybinskiya-tarzhki
[6] https://zviazda.by/be/tags/dzmitryy-pimashenka-0