Ігар Бокій, Людміла Ваўчок, Аляксандр Трыпуць, Тамара Сівакова, Арына Качан і яшчэ паўтара дзясятка беларускіх спартсменаў адправіліся днямі ў Рыа-дэ-Жанейра для ўдзелу ў XV летніх Паралімпійскіх гульнях. Зразумела, што кожны з іх нацэлены на найлепшы вынік, але падтрымка землякоў ніколі не будзе залішняй, таму тэлеканал «Беларусь 5» заклікае сваіх гледачоў працягнуць разам алімпійскі сезон і абяцае паказаць усе найбольш цікавыя падзеі спартыўнага форуму, што традыцыйна ідзе следам за Алімпіядай.
Так, 8 верасня ў 21.20 «Беларусь 5» пакажа ўрачыстае адкрыццё Паралімпійскіх гульняў-2016 на стадыёне «Маракана». А пачынаючы з 9 верасня, двойчы ў дзень у эфір будуць выходзіць 60-хвілінныя агляды з самай свежай інфармацыяй пра вынікі тых ці іншых спаборніцтваў і найбольш яркія і захапляльныя моманты турніру. Акрамя таго, пра некаторых атлетаў тэлевізійнікі раскажуць асобна — так, выпуск праекта «Жанчыны і спорт» 9 верасня будзе прысвечаны 2-разовай прызёрцы Паралімпіяд Людміле Ваўчок.
Нагадаем, у склад беларускай паралімпійскай зборнай сёлета ўваходзіць 21 спартсмен, якія паспаборнічаюць за ўзнагароды ў плаванні, лёгкай атлетыцы, дзюдо, акадэмічным веславанні і фехтаванні на інвалідных калясках. Усяго ж у Рыа будзе разыграна 526 камплектаў узнагарод у 22 відах спорту.
Вікторыя ЗАХАРАВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/viktoryya-zaharava
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[4] https://zviazda.by/be/teletydzen
[5] https://zviazda.by/be/tags/paralimpiyskiya-gulni-2016
[6] https://zviazda.by/be/tags/sport
[7] https://zviazda.by/be/tags/teletydzen
[8] https://zviazda.by/be/tags/belarus-5-1