Новы праект абмеркавалі падчас асабістай сустрэчы старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў і Пасол Італьянскай Рэспублікі ў нашай краіне Стафана Біянкі.
Ініцыятарам стварэння слоўніка выступіў Інстытут мовазнаўства Акадэміі навук. Праект быў заяўлены на конкурс міжнародных праектаў, які штогод праводзіць Міністэрства замежных спраў і міжнароднага супрацоўніцтва Італіі, дзе стаў пераможцам.
Слоўнік прызначаны для перакладу з італьянскай на беларускую мову тэкстаў розных жанраў і стыляў, у першую чаргу, мастацкай і навукова-папулярнай літаратуры. У яго плануецца ўключыць 35 тысяч найбольш часта ўжывальных італьянскіх слоў, а таксама прыклады іх выкарыстання. Аб'ём слоўніка складзе каля 800 старонак друкаванага тэксту.
У рамках кластара «Міжнародная школа беларускай мовы і літаратуры» ўжо створаны арганізацыйны камітэт па падрыхтоўцы слоўніка і аўтарскі калектыў, у склад якога ўвайшлі вядучыя спецыялісты ў галіне беларускай і італьянскай моў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, кафедраў італьянскай мовы БДУ і Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. На стварэнне слоўніка адводзіцца два гады.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:nіkalaeva@zvіazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/italyana-belaruski-slounik
[5] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-gusakou
[6] https://zviazda.by/be/tags/stafana-biyanki